Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пайшла цётка на пошту па пэнсію, а там пачалі яе ўпрошваць, каб яна выпісала “Советскую Белоруссию”"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў - 27 ліпеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Яцкевіч Анатоль Фёдаравіч, жыхар Віцебска: ) “Я сёньня пачуў, як наш вельмішаноўны прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка гаворыць пра тое, як шмат ворагаў унутры дзяржавы. Гэта страшэнна. І ведаеце, самае страшэннае тое, што Амэрыка нібыта робіць стаўку на тых, хто сядзеў, хто сядзіць і хто яшчэ будзе сядзець. Я магу сказаць дакладна: ні КДБ, ні хто іншы са спэцслужбаў не пахваліліся Аляксандру Рыгоравічу, колькі яны за краты пасадзілі ў свой час. Ніколі такога ня скажуць, і ня трэба сёньня ляпаць сваім языком, ня ведаючы гэтай статыстыкі і ня ведаючы працы гэтых спэцслужбаў”.

(Спадар: ) “Добры вечар. Сёньня аўторак. Пайшла цётка на пошту атрымліваць там сваю пэнсію, а там працаўніца пошты пачала яе ўпрошваць, угаворваць, каб яна выпісала “Советскую Белоруссию”, бо яны за ліпень не выконваюць нейкі плян па падпісцы, і за гэта ім не выплацяць прэміі. Цётка была вымушана пайсьці насустрач працаўніцам пошты і выпісаць гэтую “Саўбелію”. І вось 5 з паловай тысячаў рублёў са свайго кашалька аддала. Вось пэнсія ў нас, прэзыдэнт кажа, добрая і вялікая, а зь іншага боку, яе ўсімі магчымымі спосабамі ў пэнсіянэраў адымаюць, бо нікога не хвалюе, што, можа, пэнсіянэрам грошы патрэбна на лекі якія, на асабістыя якія патрэбы. Галоўнае, каб падпісваліся ўсе на прэзыдэнцкую газэту і на іншыя дзяржаўныя выданьні. Вось так”.

(Спадар: ) “Я паслухаў некалькі вашых перадачаў, і вось што хацеў бы сказаць. Па-першае, нярэдка тэмы дробязныя выстаўляюцца за глябальныя і задоўга пра іх гаворыцца – проста яны “жуюцца”. Не, каб больш гаварыць пра тое, што робіцца ў Беларусі ў галіне культуры, навукі, тэхнікі. Таксама, падымаць праблему ладу жыцьця, культуры працы і такія найбольш істотныя пытаньні, як міжсобскія дачыненьні людзей і г.д. У мяне нямала пытаньняў да нашага лідэра – відаць, як у кожнага чалавека. Не бывае ж такога, каб лідэр адпавядаў запатрабаваньням ста адсоткаў насельніцтва. Але пастаянныя выказваньне адмоўнага дакучае, і, па праўдзе, вельмі шкада, што ні разу я ня чуў таго, што зроблена станоўчага за апошнія гады. Таму што крытыка абавязкова мае наўвеце спалучэньне вартасьцяў і непажаданых, адмоўных якасьцяў чалавека. Чаго, на жаль, у вас няма. І, нарэшце, ня часта добра чутно. Іранскія там, кітайскія якія радыёстанцыі чуваць “як на далоні”, а вашая чамусьці з шумам, трэскам ды іншымі перашкодамі. Жадаю ўсяго найлепшага”.

(Спадар: ) “Добры вечар, шаноўнае панства, Радыё Свабода і радыё “Нямецкая хваля”! Я сёньня слухаў расейскую “Нямецкую хвалю”, і там была спрэчка паміж нашымі апазыцыйнымі палітыкамі – пускаць на “Нямецкай хвалі” праграму для Беларусі па-расейску, ці можна пускаць па-беларуску. Асабіста я – толькі за беларускую мову. Беларусы чакалі ад апазыцыйнага Лукашэнку СМІ беларускай мовы. Калі гэтак далей пойдзе, то беларуская мова можа наагул зьнікнуць. Так што я прашу Нямеччыну пусьціць радыёпраграму для Беларусі на беларускай мове. Калі магчыма, канечне. А калі не выходзіць – што ж тут зробіш. Я – не для радыёэфіра – хачу немцам сказаць, што калі ў 1941 годзе немцы прыйшлі на тэрыторыю цяперашняй Брэсцкай вобласьці, у Пружаны, то першае, што яны зрабілі – гэта адкрылі школы на беларускай мове. Я хачу сказаць, што, калі вы прыйшлі на гэтую тэрыторыю, вы шмат нашых людзей выратавалі ад сталінскіях рэпрэсіяў. Гэтага вам ніхто ня скажа ў нашай дыктатарскай “кэдэбэшнай” краіне. Гэта праўда. Так гэта і было. Мне бацька заўсёды казаў: “Тое, што я табе расказваю, пры гэтым рэжыме нікому пра гэта не кажы – гэта небясьпечна. І ніхто табе не паверыць”. А я хачу, каб нашыя людзі ўсё-такі ведалі, што ў гэтай мясцовасьці, у вёсцы Плябанцы ля Пружанаў немцы нікога не чапалі, ставіліся да ўсіх добра і дапамагалі прадуктамі, зернем, мукай, бульбай. Нават калі сыходзілі нямецкія салдаты, яны нікога зь мясцовых людзей не чапалі, хоць ў Пружанах былі жорсткія баі. Яшчэ хачу вам сказаць, што ў канцы вайны быў страшны бой у горадзе Пружаны. Нямецкія салдаты закацілі гармату ў хрысьціянскі храм, на самы верх, і пачалі весьці абстрэл савецкіх войскаў. А савецкія войскі ў адказ адкрылі агонь з “Кацюшаў”. І зраўнялі пружанскі касьцёл – ці царкву, я дакладна не памятаю – зь зямлёй. Усё разбурылі. Вось такая была бязбожная, страшная вайна. Так што вінаватыя фашыст Гітлер і камуніст Сталін. І вінаватыя тыя, хто забіваў мірных людзей. А простыя жаўнеры-франтавікі ні ў чым не вінаватыя. Яны проста жаўнеры сваіх краінаў, і за іх трэба маліцца. Дзякую за ўвагу”.

(Генадзь: ) "Па-першае, прыміце ад усяго сэрца і душы віншаваньне да ўсіх беларусаў усяго сусьвету з угодкамі дня аднаўленьня нашай незалежнасьці – 27 ліпеня. Па-другое, калі па розуму і праўдзе гаварыць, дык, на вялікі жаль, сапраўднай незалежнасьці у Беларусі не было аж зь 17 стагодзьдзя. І толькі кароткі час у 20 стагодзьдзі – час існаваньне БНР і пэрыяд паміж 1991-94 гадамі мажліва лічыць спробамі аднаўленьня сапраўднай незалежнасьці Беларусі. І па-трэцяе, дзякуючы эўрапейскаму пудзілу Лукашэнка, мы таксама зараз робімся “незалежнай” дзяржавай. Робімся ботам саўковых, сусьветных прайдзісьветаў – на гэты раз толькі тутэйшых, якія топчуць і зьдзекуюцца з усяго беларускага і самой дзяржавы зь нейкай нялюдзкай апантанасьцю “бесаў”. Мараць пра вяртаньне былога СССР. Мы насамрэч хутка мусім зрабіцца “незалежнымі” ад ўсяго таксама нармалёвага, людзкага і боскага. Праўда гэта, я ўпэўнены, хутка скончыцца – мабыць, у 2006 годзе. Толькі тады мы атрымаем шанец пабудаваць сапраўдную беларускую і эўрапейскую дзяржаву. На гэты раз – назаўжды".

(Слухач зь Менску: ) "Па тэлебачаньні ўчора я бачыў і чуў, як Лукашэнка на паседжаньні ўсёй “вярхушкі” заявіў, што “цьвятная рэвалюцыя ў Беларусі – гэта і рэвалюцыя ў Маскве”. Вось так. Пад Масквой быў фактычна прыняты пакт Пуціна-Лукашэнкі. Лукашэнка вельмі баіцца “каляровай рэвалюцыі” ў Беларусі".

(Спадарыня: ) “Лукашэнка сказаў учора, што ў яго ня будзе перадвыбарчай кампаніі, ня будзе штабоў і усёй іншай перадвыбарчай істэрыі. Але рэч у тым, што гэты чалавек, як заўжды, хітрыць – паколькі ўсе дзяржаўныя каналы – гэта яго каналы, і яны працуюць толькі на яго. Асабліва стараецца той канал, як вяшчае на іншыя краіны. Усё беларуская тэлебачаньне – гэта піяр для Лукашэнкі, а для нас гэта – хлусьня. Я – пэнсіянэрка. Мая пэнсія са студзеня да ліпеня павялічылася толькі на 9%. А пэнсіянэры зь мінімальнай пэнсіяй – ім ці то на 14%, ці то на 17%. І сярэднестатыстычнае будзе недзе 11-12%, і ня больш. Але ў Беларусі ўсе лічбы перакручваюцца, перабольшваюцца. Вось учора рухомым радком паказалі, што пэнсія нашая пабольшылася аж на 27,2%. Так і прадпрыемствы – год ці паўтара былі ўсе банкрутамі, а цяпер раптам сталі даходнымі. Даходы, аказваецца, яны цяпер па-іншаму лічаць, нават у банку – мая знаёмая казала, што цяпер па-іншаму лічыцца. А ўсе цудоўна ведаюць, што каб зрабіць даходным стратныя прадпрыемства, трэба гады – гэта доўгі шлях. А такія вось лічбы падаюцца ў ААН, у ВМФ – іх жа там ніхто не правярае, толькі аналізуюць і ўсё. І ўсе мы цудоўна ведаем, што на месцах у нас нічога не зьмяняецца, якімі бы лічбамі Лукашэнка ні апэраваў. Відавочна, усё гэта – хлусьня, самая сапраўдная. Хіба ж можа прэзыдэнт вось так вось гаварыць?”

(Спадар: ) “Спадар Лукашук, хацелася б пачуць вашыя меркаваньні наконт таго, што ўчыніла польская паліцыя ў Варшаве – прымяніла сьлёзны газ, вадамёты, гумовы дручкі супраць шахцёраў, каторыя мірна дэманстравалі свае патрабаваньні Варшаве. Як гэта выходзіць: у свабодная краіне, якая трымаецца чалавечых каштоўнасьцяў – і вось такое?”

(Зіноўсеў: ) “Як падазронасьць правадыра пераходзіць у паранойю, паказана ў ангельскай камэдыі “Чырвоны манах”. Калі-небудзь, трэба меркаваць, і тэлегледачы Беларусі яе паглядзяць. Тут проста, відаць, Саюз палякаў трапіў “пад гарачую руку”. Пры словах “інтэрвэнцыя з боку Польшчы” уяўленьне малюе мне проста фантастычную выяву таго, як пры народных хваляваньнях у Берасьці натаўскія сьпітравозы пратараняць шлягбаўм на Варшаўскім мосьце і прыйдуць на дапамогу паўсталым беларусам зрабіць “п’янкі глыток свабоды”. Насамрэч, я мяркую, што зьмена ўлады ў Берасьці будзе адбывацца не з Захаду на Ўсход, а з Усходу на Захад – людзі проста сыдуць па гэтым Варшаўскім мосьце за моцнай кавай і калготамі – ці яшчэ за чым. І так улада Лукашэнкі ў Берасьці скончыцца”.

(Слухач: ) "Прапаную такую рубрыку – “Паўхвіліны ля шыпшыны”. Вось прыклад (сьпявае): Пацукі бягуць з-пад хаты, Дзе сьпяваюць дэмакраты Дайце ботам у зад гаду… Калі выб’ем ботам гада, Будзе воля нам награда… Калі выб’ем ботам гада, Стане воля нам награда…” Вось такая рубрыка".
XS
SM
MD
LG