Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Оксфардзкія аналітыкі ў "Forbes" пра стасункі Пуціна і Лукашэнкі


Алена Струвэ, Менск “Расея аднавіла адкрытую і безумоўную падтрымку рэжыму Лукашэнкі, бо Крэмль мае схільнасьць падтрымліваць любы недэмакратычны рэжым як бастыён супраць пашырэньня заходняга ўплыву ў Эўразіі”, такое меркаваньне на старонках амэрыканскага часопісу "Forbes" выказваюць оксфардзкія аналітыкі. Паводле ангельскіх экспэртаў, пры гэтым маскоўскае кіраўніцтва мае зацікаўленасьць у стагнацыйнай будучыні двухбаковых дачыненьняў.

Аналізуючы апошнюю, шостую за гэты год, сустрэчу паміж абодвума лідэрамі, оксфардзкія назіральнікі робяць выснову, што слабую дагэтуль сувязь Пуціна і Лукашэнкі ўмацавала нішто іншае як хваля палітычных рэвалюцыяў на постсавецкай прасторы. Тым часам, заўважаюць аналітыкі, зацікаўленасьць маскоўскага і менскага кіраўнікоў не зьліквідавала напружанасьці ў двухбаковых дачыненьнях.

Оксфардзкія аналітыкі не выключаюць, што ў часе сустрэчы былі ўзьнятыя тэма прыняцьця Канстытуцыйнага акту адносна прэзыдэнцтва Саюзу Расеі-Беларусі, а таксама традыцыйныя праблемныя тэмы, кшталту ўвядзеньня агульнай валюты.

Паводле аналітыкаў, верагоднасьць таго, што Пуцін хоча захаваць уладу й на трэці тэрмін, дастаткова высокая. Нягледзячы на тое, што сам расейскі лідэр настойліва выступае супраць адпаведных зьменаў у расейскай Канстытуцыі, стварэньне міждзяржаўнага Саюза магло б дазволіць яму прэзыдэнцтва ў новай дзяржаве, пры ўмове, што пасаду віцэ-прэзыдэнта заняў бы Лукашэнка.

Аднак, паводле экспэртаў "Forbes", гэтакі сцэнар зь віцэ-прэзыдэнтцвам Лукашэнкі наўрад ці можа задаволіць крамлёўскага кіраўніка. Падобнае рашэньне адаб’ецца на ягоным палітычным капітале. Ня меншы клопат выклікаюць і эканамічныя затраты ў выніку расейска-беларускага аб’яднаньня.

Як мяркуюць оксфардзкія аналітыкі, расейска-беларускія дачыненьні маюць гэтак званую стагнацыйную будучыню. Пакуль Лукашэнка працівіцца ціску з боку Расеі дзеля далейшай інтэграцыі і гэта не прыносіць яму аніякіх выгодаў, Расея не зьбіраецца прадпрымаць нейкія захады, якія б падарвалі ягоную ўладу. Беларусь, такім чынам, застаецца трывалым бастыёнам супраць заходняга ўплыву ў Эўразіі, піша "Forbes".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG