Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень незалежнасьці ў П.Севярынца адабралі пашпарт


Браніслава Станкевіч, Віцебск Сёньня лідэра Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю Першамайскага раёну, дзе загадалі здаць пашпарт і вайсковы білет.

Як патлумачылі супрацоўнікі інспэкцыі, дакумэнты былі забраныя дзеля таго, што праз тыдзень спадар Севярынец мусіць зьявіцца на месца свае “хіміі”: у наступную сераду яму будзе паведамлены канкрэтны адрас месца пакараньня, куды ён абавязаны дабрацца цягам яшчэ трох дзён.

Нагадаем, што, паводле рашэньня менскага Цэнтральнага раённага суду Павал Севярынец разам зь Міколам Статкевічам пакараныя за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў у Менску 18 і 19 кастрычніка, у часе якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Акцыі прайшлі на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. У часе сьледзтва абвясьцілі амністыю, таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец будуць адбываць пакараньне ня тры, а два гады. Міколу Статкевіча ўжо выклікалі ў аддзел міліцыі, зьнялі там адбіткі пальцаў і забралі пашпарт. Цяпер тая самая працэдура праведзеная і з Паўлам Севярынцам.

Спадар Севярынец папрасіў, каб на астатні тыдзень яму выдалі замест пашпарту хаця б нейкую часовую даведку пра ягоную асобу, аднак міліцыянты адмовілі.
XS
SM
MD
LG