Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць заяву Ўладзімера Пуціна


Альгерд Невяроўскі, Менск Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі моладзевага руху “Нашы”, адказваючы на пытаньне пра лёс беларуска-расейскай “саюзнай дзяржавы”, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сказаў: “Я думаю, перадусім гэта залежыць ад Беларусі. Так, саюз патрэбны. І геапалітычна, і па вялікім рахунку ўвогуле мы – адна нацыя… Мы ні ў якім разе ня хочам пакрыўдзіць людзей, якія даражаць самабытнай беларускай культурай, мовай і гісторыяй. Але ў шырокім сэнсе мы адна нацыя”.

Як адрэагавалі на гэтую заяву расейскага кіраўніка беларускія палітыкі?

З заявай пратэсту супраць гэтага выказваньня Ўладзімера Пуціна сёньня выступіў Малады фронт, які прапанаваў далучыцца да яе удзельнікам сталай нарады дэмакратычных сілаў Беларусі. Да гэтай заявы далучыліся адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч і старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка. Вось, што ён сказаў у інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Вячорка: ) “Шчыра кажучы ў мяне аж дух захапіла ад абурэньня. Гэта азначае, што кіроўная эліта Расеі так нічому й не навучылася.

Яна нічога не забыла са сваёй імпэрскай мінуўшчыны, калі яны панавалі на прасторы значна большай за этнічную тэрыторыю расейскага народу. Але яны нічому так і не навучыліся, яны не зразумелі, што без пераадоленьня імпэрскага сындрому яны ніколі ня стануць сучаснай нацыяй.

І яны ніколі ня стануць эўрапейскай нацыяй. Для мяне, уласна кажучы, гэта не было ніякай нечаканасьцю. Я толькі зьдзівіўся, што кадравы афіцэр спэцслужбаў Пуцін так прагаварыўся. Я думаю, што гэтае выказваньне ставіць велізарную кропку на спадзяваньнях усіх тых, хто разьлічваў на тое, што пуцінская Расея нейкім чынам можа спрыяць вяртаньню ў Беларусі дэмакратыі пры ўмове зьберажэньня незалежнасьці”.

Іншыя дэмакратычныя партыі да заявы пакуль не далучыліся, матывуючы гэта тым, што трэба дакладна вывучыць заяву расейскага прэзыдэнта і пасьля даць адэкватны адказ. Вось, як ацэньвае заяву Ўладзімера Пуціна старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што заява абсалютна некарэктная з палітычнага й маральнага пункту гледжаньня. Я думаю, што для кіраўніка любой дзяржавы, незалежна хто гэта, трэба паважаць народ і людзей, якія маюць сваю самабытную культуру, і якая сёньня ёсьць незалежнай, сувэрэннай дзяржавай. Праз такія заявы людзі дзьвюх дзяржаваў не становяцца бліжэй. Яны наадварот аддаляюцца”.

Гэтай заявай таксама абураны й міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы Хартыя-97, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што такія заявы ідуць нават далей, чым лёзунгі пад час сталінскага рэжыму, ці прапановаў падчас апошніх гадоў існаваньня Савецкага Саюзу, пра тое, што нібыта зьявілася новая нацыя – савецкі народ. Гэта даволі небясьпечная зьява, калі спрабуюць закрэсьліць гісторыю, культуру, мову і абвесьціць, што адна нацыя належыць да іншай. Гэта падкрэсьлівае толькі, што Пуцін наагул ня ведае, што такое беларускі народ і арыентуецца толькі на Лукашэнку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG