Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра беларуска-польскі канфлікт вядомыя людзі?


Алесь Дашчынскі, Менск Пасьля рашэньня афіцыйнага Менску аб высылцы трэцяга польскага дыплямата зь Беларусі чакаецца афіцыйная заява міністэрства замежных справаў Польшчы. Пра гэта паведамілі нашаму карэспандэнту ў амбасадзе Польшчы ў Менску. Тым часам беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і Польшчай і заявы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі беларускія палякі ня будуць гарматным мясам ні ў Вашынгтону, ні ў Варшавы. Кіраўнік Беларусі лічыць, што скандал вакол Саюзу палякаў Беларусі штучна разьдзьмуваецца польскім бокам. Лукашэнка заявіў, што не дазволіць рабіць зь беларускіх палякаў нейкіх марыянэтак. Паводле кіраўніка краіны, прычынай нагнятаньня жарсьцяў вакол кіраўніцтва Саюзу палякаў зьяўляецца імкненьне Захаду “дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі, ажно да інтэрвэнцыі”. Лукашэнка лічыць, што па ўказцы з-за акіяну Польшча спрабуе скіраваць беларускіх палякаў да супрацьпраўных дзеяньняў у краіне.

У інтэрвію польскаму агенцтву ПАП прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі абверг заяву кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што польскі бок дзейнічае па ўказцы з-за акіяну, спрабуючы дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне. Прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі назваў гэтае цьверджаньне лжывым. Ён заявіў, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць толькі дэмакратыю ў Беларусі і імкненьне беларускага народу да свабоды.

У сувязі з абвастрэньнем беларуска-польскіх дачыненьняў у польскім парлямэнце абмяркоўвалася пытаньне пра зьмену статусу прадстаўніцтва Польшчы ў Беларусі. Магчыма, інтарэсы Польшчы ў Беларусі будзе прадстаўляць амбасада трэцяй краіны. Пра гэта заявіў сьпікер польскага Сэйму Ўладзімер Цімашэвіч. Як успрымае такую заяву старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў?

(Папоў: ) “Швайцарыю ў тым ліку называюць — ну, гэта чарговая піяр-акцыя, зьвязаная з выбарамі, ня больш за тое. Сур’ёзныя палітыкі могуць гэта выкарыстоўваць як адзін зь перадвыбарчых крокаў, які, можа, прынясе ад пэўнай частцы электарату дадатковыя галасы. Рэальная палітыка істотна адрозьніваецца ад перадвыбарнай кампаніі, якую палітыкі праводзяць”.

А як ставіцца спадар Папоў да цяперашняга дыпляматычнага канфлікту Беларусі і Польшчы?

(Папоў: ) “Калі проста, то нельга ўцягваць у палітыку вялікія масы людзей. Спроба ўнесьці разлад на нацыянальнай, канфэсійнай глебе ня першая. Новага тут нічога няма. Таму разгортваньне гэтай кампаніі ў Беларусі зьвязана з выбарнымі працэсамі, якія ідуць у нашых суседзяў. Больш нагнятаецца палітыкамі гэта праблема”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў назваў антыпольскія заявы Лукашэнкі лухтой і дрэннай інфармаванасьцю кіраўніка Беларусі.

(Саньнікаў: ) “Наадварот, Польшча даволі працяглы час адыгравала ролю такога своеасаблівага адваката Лукашэнкі, спасылаючыся на суседзтва зь Беларусьсю, на тое, што ў Польшчы павінна быць іншая палітыка, чым у Эўразьвязе, напрыклад, чым у ЗША. Гэта дакладна вядома. Яны прадэманстравалі такую слабую пазыцыю, а Лукашэнка заўсёды адсочвае і помсьціць ня моцным, а слабым. Таму Польшча сама як бы ў гэтую пастку і трапіла. Ня так даўно яны былі адзінай краінай, якая выступіла супраць пазыцыі краінаў Эўразьвязу, якія абмяркоўвалі рэжым санкцыяў адносна Беларусі. Тое, што цяпер адбываецца, гэта штучнае абвастрэньне канфлікту зь беларускага боку, гэта шкодзіць інтарэсам Беларусі як дзяржавы, але і інтарэсам беларусаў таксама”.

Кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч заяўляе пра занепакоенасьць яго арганізацыі пагаршэньнем стасункаў між Беларусьсю і Польшчай і наагул стаўленьнем беларускіх уладаў да грамадзкіх аб’яднаньняў.

(Пашкевіч: ) “Бываючы ў Польшчы, я бачыў як цяжка жывецца этнічным беларусам у Польшчы. Вельмі хацелася б, каб усю гэтую энэргію, актыўнасьць, клопат пра палякаў у Беларусі нашая дзяржава перанесла б і на другі канец Белавежы, каб праяўляўся канкрэтны клопат пра беларусаў на Беласточчыне, дзе існуюць беларускамоўныя ліцэі, выдаюыцца беларускамоўныя часопісы, тыднёвік, кнігі”.

Гл. таксама • У.Цімашэвіч не выключае, што Польшчу ў Беларусі будзе прадстаўляць трэцяя краіна
XS
SM
MD
LG