Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 гадоў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР


Альгерд Невяроўскі, Менск 15 гадоў таму Вярхоўны Савет 12 скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР. Беларусь была адной з апошніх рэспублік Савецкага Саюзу, якая прыняла такі дакумэнт. Ці стала прыняцьцё Дэклярацыі, у адным з пунктаў якой быў запіс аб падпісаньні новай саюзнай дамовы, крокам да рэальнай незалежнасьці Беларусі?

Як прыгадваюць дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі, прыняцьцё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце праходзіла ў даволі драматычных умовах. Да ліпеня 1990 году падобныя дакумэнты ўжо прынялі парлямэнты амаль усіх саюзных рэспублік — у тым ліку й Расеі. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце распрацавала свой праект Дэклярацыі, але дэпутаты,большасьць зь якіх належала да камуністычнай і гаспадарчай савецкай намэнклятуры, адмаўляліся выносіць на разгляд гэты дакумэнт. Згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету, гісторык Валянцін Голубеў, які быў аўтарам праекту Дэклярацыі, распрацаванага апазыцыяй БНФ:

(Голубеў: ) “ Мікалай Іванавіч Дземянцей паехаў у Маскву і меў, на ўсялякі выпадак, праект Дэклярацыі, распрацаваны БНФ. І Гарбачоў яму сказаў, што трэба ўсім рыхтаваць дэклярацыі. І Дземянцей сказаў, што ў нас праект ужо ёсьць. І потым праект Дэклярацыі БНФ быў узяты за аснову. Была створаная спэцыяльная камісія ў Вярхоўным Савеце і распрацаваная гэтая Дэклярацыя. Мы баяліся, што яна ўвогуле ня будзе прынятая, і мы намагаліся стварыць напружаную атмасфэру. Нібыта гэта апазыцыя супраць такой дэклярацыі. У самы крытычны момант, калі Вярхоўны Савет дамогся, каб у Дэклярацыі было запісана, што Беларуская ССР выступае за заключэньне новай саюзнай дамовы, мы, дамовіўшыся папярэдне, дэманстратыўна выйшлі з залі Вярхоўнага Савету. І там закрычалі: “Во, БНФ ня хоча Дэклярацыі. Давайце ж мы за яе прагаласуем!” І на такім уздыме яна была прынятая”.

У прынятай 27 ліпеня 1990 году Дэклярацыі аб сувэрэнітэце быў запіс пра тое, што Беларусь імкнецца да падпісаньня новай саюзнай дамовы. Тым ня менш, на думку былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету, Дэклярацыя стала адным з крокаў да здабыцьця рэальнай незалежнасьці. Валянцін Голубеў працягвае:

(Голубеў: ) “Пасьля Акту 25 сакавіка 1918 году гэта быў першы дакумэнт у гісторыі Беларусі, які гаварыў, што Беларусь ёсьць сапраўды незалежнай дзяржавай. А 25 жніўня 1991 году, калі гэтая Дэклярацыя набыла статус Канстытуцыйнага закону, мы ўжо цалкам маглі паводле гэтага дакумэнту рэалізоўваць усе варункі сваёй незалежнасьці”.

З Валянцінам Голубевым згодны і іншы дэпутат таго Вярхоўнага Савету Лявон Дзейка:

(Дзейка: ) “Дэклярацыя — гэта заява пра намеры — найвышэйшага, заканадаўчага, легітымнага органу ўлады, якім тады быў Вярхоўны Савет Беларускай ССР. Ужо потым, праз год, пасьля паразы путчу ГКЧП у Маскве, Дэклярацыі была нададзеная сіла Канстытуцыйнага закону”.

А яшчэ адзін былы дэпутат Вярхоўнага Савету Алег Трусаў лічыць прыняцьцё Дэклярацыі пачаткам аднаўленьня беларускай незалежнасьці:

(Трусаў: ) “Гэты факт ёсьць кропкай адліку. І гэтая кропка адліку застанецца ў нашай гісторыі назаўжды”.

Дзень 27 ліпеня быў дзяржаўным сьвятам Незалежнасьці Беларусі, пакуль ня быў адменены рэфэрэндумам 1996 году.

Сёлета сьвята 27 ліпеня адзначылі толькі актывісты “Маладога фронту” вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў уздоўж галоўнага менскага праспэкту. Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінкевіч за гэта былі затрыманыя міліцыяй.

Актывісты маладэчанскай суполкі Партыі БНФ раздавалі ў гэты дзень жыхарам гораду Дэклярацыю аб сувэрэнітэце Беларусі.

Гл. таксама • С.Навумчык: “Дэклярацыя аб сувэрэнітэце заставалася б паперкай, калі б не дзясяткі тысяч людзей на плошчы Незалежнасьці”
XS
SM
MD
LG