Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал ва Ўкраіне: журналісты вымагаюць ад Юшчанкі выбачэньняў


Юрась Бушлякоў, Прага Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка апынуўся пад агнём крытыкі –пасьля таго як рэзка адрэагаваў на журналісцкае пытаньне аб паводзінах свайго сына. У адкрытым лісьце, падпісаным дзьвюма сотнямі ўкраінскіх журналістаў, тон і выразы Юшчанкі ацэненыя як “ня вартыя лідэра дэмакратычнай эўрапейскай краіны”.

У панядзелак рэпартэр інтэрнэт-выданьня “Українська правда” Сяргей Лешчанка спытаўся ў Юшчанкі пра машыну, якой езьдзіць ягоны сын. Рэагуючы на пытаньне, украінскі прэзыдэнт сказаў Лешчанку, каб той паводзіў сябе як журналіст, а не як “наняты кілер”.

Канфлікт выбухнуў, калі “Українська правда” апублікавала колькі матэрыялаў, зь якіх вынікала, што 19-гадовы студэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў Андрэй Юшчанка езьдзіць машынаю “БМВ” коштам звыш 130 тысяч эўра, карыстаецца мабільным тэлефонам цаною некалькі тысяч эўра, а таксама з шыкам у кампаніі целаахоўнікаў ходзіць у найдаражэйшыя кіеўскія рэстараны й клюбы – заказвае там шампанскае па тысячы эўра за бутэльку і пакідае вялізныя сумы на гасьцінцы афіцыянтам.

Абурыўшыся ўмяшаньнем у асабістае жыцьцё сына, Віктар Юшчанка ўсё ж адказаў на нязручныя пытаньні журналістаў. Прэзыдэнт заявіў, што памянёны тэлефон Андрэю падараваў сябар, а аўтамабіль “БМВ” Андрэй папросту арандуе. Паводле Юшчанкі, гадавы даход ягонай сям’і – блізка 400 тысяч даляраў, таму выдаткі на арэнду аўто сям’і пад сілу. На прэсавай канфэрэнцыі публікацыю інтэрнэт-выданьня “Українська правда” Юшчанка назваў заказной, а яе аўтара Сяргея Лешчанку зьвінаваціў у “кілерстве”.

(Юшчанка: ) “Пачакай! Пачакай! Паводзь сябе, як журналіст ветлівы, а не як кілер наняты. Так брудна справы ня робяцца. Таму я сыну сказаў: “Сыне, я табе магу адной парадаю душу зьмякчыць – вучыся сябе бараніць! Вучыся сябе бараніць! Рахунак? Падымі з рэстарану рахунак. Колькі вас сядзела чалавек, што вы елі, што пілі... Перад мордаю таго журналіста пастаў той рахунак, а пасьля пайдзі ў суд!”

У адказ на гэтыя ды іншыя зьневажальныя выказваньні дзьвесьце ўкраінскіх журналістаў падпісаліся пад адкрытым лістом да Юшчанкі. Яны заклікалі прэзыдэнта публічна папрасіць прабачэньня ў аўтара публікацыі Сяргея Лешчанкі, а таксама адказаць на пытаньні што да даходаў і выдаткаў прэзыдэнцкай сям’і.

Віктар Юшчанка тым часам даслаў свой ліст ва “Українськ’ую правду”. Юшчанка піша, што паважае свабоду прэсы і цэніць “зубастасьць” журналіста Лешчанкі. “Гэта правільна, што прэзыдэнцкая сям’я жыве пад люпаю прэсы, – зазначае ўкраінскі прэзыдэнт. – Але гэта не прычына пазбаўляць маіх родных права на асабістае жыцьцё”. У Юшчанкавым лісьце няма прабачэньняў перад Сяргеем Лешчанкам. Украінскі прэзыдэнт толькі заўважае, што ён заўжды шчыры з журналістамі.
XS
SM
MD
LG