Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў пачаў пісаць новую кнігу пра паўстаньне ў Беларусі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пасьля таго, як Першамайскі суд Менску зьняў з Андрэя Клімава абвінавачаньне ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, вядомы апазыцыянэр пачаў пісаць новую кнігу аб будучым паўстаньні ў Беларусі. Падрабязнасьці пра сёньняшняе палітычнае і творчае жыцьцё Андрэя Кліма высьвятляў наш карэспандэнт.

У Андрэя Клімава зьявілася перакананьне, што цягам пяці наступных гадоў яго не пасадзяць за краты і ён зноў можа прысьвяціць сябе палітыцы і творчасьці.

(Клімаў: ) “Я цяпер пішу дзьве кнігі. Першая — гэта збор філязофскіх эсэ, а другая — гэта кніга “Паўстаньне-2005”, нумар два. Такім чынам, гэта будзе кніга пра паўстаньне ў 2006 годзе”.

Пэўнасьць у будучыні вядомаму палітыку падараваў Першамайскі суд Менску, які днямі зьняў зь яго абвінавачаньне ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Нагадаю, паклёп на кіраўніка дзяржавы сьледчыя пракуратуры ўбачылі ў кнігах Андрэя Клімава, у тым ліку ў кнізе “Паўстаньне-2005”. У гэтым творы палітык пісаў пра магчымую датычнасьць Аляксандра Лукашэнкі да зьнікненьняў беларускіх апазыцыянэраў і прадказваў судовы працэс над лідэрам краіны. З гэтымі абвінавачаньнямі Клімава на адрас Лукашэнкі сьледчыя разьбіраліся са сьнежня мінулага году, а ў красавіку давялі справу да суду. Палітыку пагражала 5 гадоў зьняволеньня за паклёпніцкае абвінавачаньне ў цяжкім злачынстве, але 22 ліпеня судзьдзі вырашылі зьняць з Клімава гэтае абвінавачаньне, а крымінальную справу супраць яго закрыць.

Такі нечаканы прысуд Андрэй Клімаў тлумачыць выключна палітычнымі прычынамі. Вэрсіяў у Клімава дзьве. Паводле першай, яго мог падтрымаць прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, які зацікаўлены ў наяўнасьці альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку на будучых выбарах. У другой вэрсіі Клімава фігуруе Аляксандар Лукашэнка. Нібыта ён ня хоча даваць дадатковай рэклямы ідэям Клімава пра паўстаньне ў Беларусі. У выніку палітык пачаў пісаць новы варыянт сваёй кнігі пра тое, як адхіліць Аляксандра Лукашэнку ад улады вясной 2006 году. Андрэй Клімаў перакананы, што ў гэты час у Беларусі пройдуць датэрміновыя выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ адзін прагноз палітыка і пісьменьніка Клімава тычыцца значных зьменаў у палітычнай пазыцыі беларускага грамадзтва.

(Клімаў: ) “Мяркую, я здолею паказаць, што да сакавіка 2006 году міліцыя, войска і ўладная вэртыкаль ужо будуць на баку апазыцыйна скіраванага электарату”.

Днямі Андрэй Клімаў накіраваў касацыйную скаргу на прысуд, які яму вынесьлі за арганізацыю акцыі 25 сакавіка 2005 году. Нагадаю, палітыка асудзілі на паўтара году абмежаваньня волі, гэтак званай “хіміі”. У несанкцыяваным мітынгу побач з Кастрычніцкай плошчай Менску, які арганізаваў тады Андрэй Клімаў, удзельнічала да тысячы чалавек. Некалькі дзясяткаў зь іх былі зьбітыя і затрыманыя міліцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG