Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо беларуская апазыцыя зьбіраецца дзейнічаць гэтак жа, як ісламскія фанатыкі?”


Валянцін Жданко, Менск Небясьпека тэрарызму стала праблемай, якая апошнім часам хвалюе ўсё большую колькасьць людзей у розных краінах на ўсіх кантынэнтах.

Абмяркоўваюць гэту тэму і нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”. Вось, для прыкладу, якімі думкамі падзяліўся Сяргей Мазальчук з Маладэчна. Ён піша:

“Амаль штодня ў сьвеце гучаць выбухі, гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Мае сваякі жылі на Паўночным Каўказе, у Касьпійску. Але пасьля таго, як у суседняй Чачэніі пачалася вайна, жыцьця там ня стала. Боязна хадзіць па вуліцах, боязна быць славянінам сярод мясцовых горскіх народаў. Калі некалькі год таму ў Касьпійску адбыўся жахлівы тэракт, сваякі за бесцань прадалі кватэру і перасяліліся ў Беларусь.

Цяпер небясьпечна жыць ня толькі ў Расеі. Успомніце, што адбылося ў Нью-Ёрку, Мадрыдзе, а нядаўна ў Лёндане. Тэрарысты паўсюль. І як добра, што гэтай бяды няма ў нас у Беларусі. Хоць вы на “Свабодзе” і крытыкуеце Лукашэнку, але ўжо за адно тое, што ён не дапусьціў тэрарызму, можна цярпець усе ягоныя дзівацтвы. Ён сябруе з арабамі, не падтрымлівае ніякіх сілавых акцыяў супраць мусульманскіх рэжымаў — і ў выніку мы ў выйгрышы. “Аль-Каіда” да нас прэтэнзіяў ня мае. Вось толькі трывожна, што апошнім часам і ў нас зьяўляюцца паведамленьні пра розных авантурыстаў, тэлефонных тэрарыстаў. Па тэлебачаньні кажуць, што да гэтага мае дачыненьне апазыцыя. Нават нейкую зброю паказвалі. Няўжо наша апазыцыя зьбіраецца дзейнічаць гэтак жа, як гэтыя мусульманскія фанатыкі?”

Ніякіх даказаных фактаў, якія б сьведчылі пра датычнасьць апазыцыі да захоўваньня зброі, альбо пра яе сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі няма, спадар Мазальчук. Апазыцыйныя лідэры ня раз заяўлялі, што лічаць непрымальнымі такія мэтады барацьбы, і самі настойваюць на як мага больш хуткім і поўным расьсьледаваньні справаў, у якіх фігуруюць зброя, наркотыкі альбо пагрозы выбухаў і да якіх, паводле афіцыйных мэдыяў і некаторых прадстаўнікоў улады, мае дачыненьне апазыцыя.

Адметна, што такія справы рэдка даходзяць да суду. Пры гэтым на працягу апошніх гадоў дзесяткі апазыцыйных мерапрыемстваў суправаджалася ананімнымі тэлефанаваньнямі аб пагрозе выбуху і шматгадзіннымі пошукамі выбуховых прыстасаваньняў. Пагрозы пры гэтым ніколі ня спраўджваліся, а ніводзін з тэлефонных тэрарыстаў ня быў знойдзены і не панёс ніякага пакараньня.

Кароткі ліст на гэтую ж тэму ад Васіля Моўчана зь Лідзкага раёну:

“Усім вядома, у якіх краінах рыхтуюць тэрарыстаў. Дык чаму не ізаляваць іх ад сьвету, не пускаць адтуль у Эўропу ўвогуле нікога? Няхай жывуць, як хочуць: узрываюць самі сябе, вядуць свой джыгад сярод сваіх адзінаверцаў. Чаму ад іх павінны пакутаваць ні ў чым не вінаватыя эўрапейцы ды амэрыканцы?”

Такое выйсьце, спадар Моўчан, наўрад ці магчымае. Па-першае, нельга караць ці абмяжоўваць правы ні ў чым не вінаватых законапаслухмяных грамадзянаў ісламскіх краінаў. А па-другое, нават поўная ізаляцыя ісламскага сьвету праблемы ня вырашыць. Заўважце: апошнія тэракты ў Лёндане былі падрыхтаваныя на тэрыторыі самой Вялікабрытаніі — ісламістамі, якія нарадзіліся і вырасьлі на брытанскай тэрыторыі. Шматлікія ісламскія абшчыны існуюць ня толькі ў Аб’яднаным Каралеўстве, але практычна ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Хоць, зь іншага боку, апошнія тэракты, відавочна, паўплываюць на міграцыйную палітыку Захаду, зробяць яе больш жорсткай.

Мы працягваем атрымліваць лісты на тэму так званай “лініі Сталіна” — даваенных абарончых збудаваньняў, якія пад гэтай назвай былі адноўленыя і ўрачыста адкрытыя беларускімі ўладамі ў выглядзе мэмарыяльнага комплексу пад Менскам. Наш слухач Іван Лявоненка зь вёскі Рудня Лагойскага раёну, спасылаючыся на дасьледаваньні савецкіх і нямецкіх гісторыкаў, даводзіць, што абарончы рубеж пад Менскам насамрэч “лініяй Сталіна” ніхто і ніколі не называў. Ён піша:

“Перад другой усясьветнай вайной у Эўропе былі вядомыя тры вялікія ўмацаваныя абарончыя паласы: “Лінія Зыгфрыда” ў Нямеччыне, “Лінія Мажыно” ў Францыі і “Лінія Манэргейма” на Карэльскім перашыйку ў Фінляндыі. Савецкія абарончыя збудаваньні на заходняй мяжы ніякай лініяй не называліся — ва ўсіх дакумэнтах яны фігуруюць як “умацаваныя раёны” (скарочана — УРы). На заходняй мяжы ў 1928—1938 гадах пабудавалі 13 такіх УРаў, у тым ліку тры на тэрыторыі БССР (Полацкі, Менскі і Мазырскі). Пасьля таго, як у 1939 годзе мяжа пасунулася далёка на захад, усе яны былі па сутнасьці зьліквідаваныя: узбраеньне зь іх зьнялі, а будынкі закансэрвавалі”.

Далей у сваім лісьце Іван Лявоненка спрабуе разабрацца, дзе насамрэч была гэтая “лінія Сталіна”. Яшчэ адна цытата з допісу:

“Пасьля няўдалага для Чырвонай Арміі пачатку вайны савецкае камандаваньне прыняло рашэньне стварыць новы абарончы рубеж — па рэках Заходняя Дзьвіна і Дняпро. Тысячы і тысячы жанчын і падлеткаў (мужчыны былі ўжо на вайне) капалі ўздоўж левага берага Дняпра супрацьтанкавыя рвы, акопы, траншэі — усё гэта на дзясяткі і сотні кілямэтраў. Бачыў той абарончы рубеж і я — на роднай Камарыншчыне. Супрацьтанкавы роў цягнуўся ўздоўж Дняпра колькі хапала вока. Было толькі дзіўна: як гэта варожыя танкі, пераправіўшыся праз шырокую раку, спыняцца перад канавай шырынёй 5—10 мэтраў.

Вось гэты абарончы рубеж уздоўж Дзьвіны і Дняпра немцы і назвалі “лініяй Сталіна”. У гітлераўскай дырэктыве нумар 33, падпісанай 19 ліпеня 1941 году, пасьля захопу Смаленску, чытаем: “Другое наступленьне на Ўсходзе закончылася прарывам “лініі Сталіна” па ўсім фронце і наступным глыбокім прасоўваньнем танкавых груп ва ўсходнім кірунку”. Назоў “лінія Сталіна” ўжываўся немцамі як у афіцыйных дакумэнтах, навуковых дасьледаваньнях, так і ў мэмуарнай літаратуры. У савецкай ваенна-гістарычнай літаратуры гэты назоў ніколі і нідзе не ўжываўся. Дык якое дачыненьне маюць умацаваньні пад Менскам да “лініі Сталіна”? Напэўна, гэта прыемна гучыць і лашчыць чыйсьці слых. Але прыкра, што мы такія невукі, ня ведаем сваёй ня толькі старажытнай, але і нядаўняй гісторыі. А ўвогуле, як чалавек, на вачах якога прайшла ўся вайна (ад першага да апошняга яе дня), магу засьведчыць: перамогу мы здабылі дзякуючы ня “лініі Сталіна” і ня сталінскім маршалам. Перамаглі сваёй уласнай крывёю. Ды яшчэ дзякуючы амэрыканскай тушонцы (і ня толькі ёй). Хоць і льём цяпер столькі бруду на галовы тых саюзьнікаў”.

Думаю, спадар Лявоненка, вы і сам здагадваецеся, што зусім не праз гістарычнае невуцтва і неадукаванасьць узьнікла раптам імя Сталіна ў безыменных збудаваньнях, якія не адыгралі ніякай значнай ролі ў ваенных падзеях пад Менскам. Гэтак жа, як зусім не выпадкова пачалі зьяўляцца апошнім часам партрэты “бацькі народаў” і “вялікага правадыра” над калёнамі дэманстрантаў падчас палітычных сьвятаў у Менску ды іншых беларускіх гарадах.

Чаму так адбываецца? Адказ на гэтае пытаньне дае ў сваім лісьце на “Свабоду” іншы наш слухач — Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Ён піша:

“Гэта сыгнал і знак нам усім. Для адных наведваньне “лініі Сталіна” скончыцца аднаўленьнем у падкорцы імя правадыра; для другіх — прылівам бадзёрасьці і аптымізму, што яшчэ ня ўсё загінула; для трэціх гэта павінна стаць перасьцярогай. На Беларусь накідваюць усеахопны лёгкі сталінскі вэлюм, які захочуць ператварыць у жалезную заслону, за якой можна будзе пагуляць кашчавай рукой тэрору. А найбольш гэта знак і сыгнал той частцы расейскага грамадзтва, якая марыць пра зьбіраньне распоўзлай імпэрыі.

У новай афіцыйнай трактоўцы Сталін — нястрашны, мудры, рахманы, ахайны, бяссрэбранік, абаронца. Сталін — гэта не баліць. Такі, якім мае быць важак зграі. Гэта — абяззбройвальны наркатычны імідж дзеля ачмурэньня беларусаў. Надоечы ў размове са мной нашы мясцовыя мужыкі-пэнсіянэры з энтузіязмам паставіліся да імя Сталіна. Сталін ім патрэбен дзеля навядзеньня парадку. І на гэты, так бы мовіць, “мудры” народ спадзяваўся Пазьняк?”

Сымпатыі цяперашняй беларускай улады да гістарычнай спадчыны Іосіфа Сталіна выяўляюцца ў многіх дэталях — у тым, як гэтая ўлада ставіцца да ўшанаваньня ахвяраў, расстраляных у Курапатах; у перапісваньні школьных падручнікаў гісторыі, у выявах мэдалёў з профілем Сталіна, якія перад сьвятамі пачалі зьяўляцца на фасадах менскіх дамоў (упершыню за апошнія пяцьдзясят гадоў). А цяпер вось і ў так званай “лініі Сталіна”, назоў якой вельмі сумнеўны з пункту гледжаньня гістарычнай праўды. Але да адкрытай і маштабнай рэабілітацыі сталінізму справа ўсё ж не дайшла. І наўрад ці дойдзе, пакуль сталінскую спадчыну па-іншаму ацэньваюць у Маскве. І пакуль яшчэ жывуць сотні тысяч тых, чые сем’і пацярпелі ад крывавых сталінскіх злачынстваў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG