Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк лічыць законным увядзеньне часовай адміністрацыі ў “Джэм-Банку”


Міхал Стэльмак, Менск Пры гэтым у якасьці галоўнага матыву названа абарона інтарэсаў крэдытораў і ўкладальнікаў банку. Рашэньне пра часовую адміністрацыю, якая будзе працаваць у “Джэм-Банку” тры месяцы, было прынята 25 ліпеня. “Джэм-Банк” па-ранейшаму лічыць яго беспадстаўным і незаконным.

Нацбанк, прымаючы рашэньне пра часовую адміністрацыю, спасылаецца на закон аб эканамічнай неплатаздольнасьці. Гаворыць кіраўнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў:

(Драздоў: ) “Мы хочам разабрацца ў сытуацыі. Для нас самае галоўнае — гэта інтарэсы ўкладальнікаў-грамадзян Рэспублікі Беларусь. Мы іх заўжды абаранялі і будзем абараняць пастаянна”.

З афіцыйнай пазыцыяй Нацбанку сёньня азнаёміліся і ў “Джэм-Банку”. Аднак, як лічыць прадстаўніца гэтага банку Натальля Комар, належнага тлумачэньня прычынаў увядзеньня часовай адміністрацыі з боку Нацбанку не прагучала:

(Комар: ) “Прычынаў там не паказана. Павінны быць паказаныя парушэньні, што дапусьціў банк. Гэта замацавана заканадаўствам. Там пералічаны тыя парушэньні, што падпадаюць пад гэты пункт. У нас іх няма”.

Паводле зьвестак спадарыні Комар, выконваць функцыі часовай адміністрацыі будзе “Белгазпрамбанк”.

Нагадаю, 26 ліпеня “Джэм-Банк” заявіў пра неабгрунтаванасьць увядзеньня часовай адміністрацыі, паколькі, маўляў, працаваў устойліва і прыбыткова, а таксама выконваў усе свае абавязкі перад кліентамі. Кіраўніцтва “Джэм-Банку” разглядае рашэньне Нацбанку найперш як замову, ініцыяваную высокапастаўленымі карумпаванымі чыноўнікамі з мэтай дэстабілізацыі становішча ў краіне напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. Як лічаць у “Джэм-Банку”, на іхным прыкладзе адпрацоўваецца мадэль узьдзеяньня на іншыя беларускія банкі з мэтай стварэньня сыстэмнага банкаўскага крызісу ў краіне.

У Нацбанку з гэтымі аргумэнтамі не пагаджаюцца. Гаворыць Анатоль Драздоў:

(Драздоў: ) “Усё гэта домыслы, якія ня маюць пад сабой ніякіх падставаў. Абвінавачаньні на адрас цэнтральнага банку, нібы ён правакуе сыстэмны крызіс — несур’ёзныя”.

А вось як пракамэнтаваў канфлікт паміж Набанкам і “Джэм-Банкам” незалежны эканаміст Валеры Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Па-першае, у гэтай справе пакуль што шмат незразумелага. Рэч у тым, што Нацыянальны банк, прыняўшы рашэньне пра ўвядзеньне часовай адміністрацыі ў “Джэм-Банку”, не назваў дакладных прычынаў. Нацыянальны банк меў такое права, але ён не тлумачыць, у чым ён убачыў праблемы ў “Джэм-Банку”. Адказу на гэта няма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можа такое рашэньне Нацыянальнага банку паўплываць на рэпутацыю “Джэм-Банку” ў кліентаў?”

(Дашкевіч:) “Гэта ў першую чаргу. Яго рэпутацыя будзе значна падарвана. І, наколькі мне вядома, многія юрыдычныя і фізычныя асобы ўжо асаджаюць банк”, — зазначыў эканаміст Валеры Дашкевіч.

ААТ "Джэм-Банк" заснаваны ў 1991 годзе. Акцыянэры – прыватныя фізычныя і юрыдычныя асобы. Доля акцыянэраў-нерэзыдэнтаў – 80 працэнтаў.

Прадстаўніцтвы – Масква, Расея, Вільня, Літва. Ідзе працэс рэгістрацыі ў Кіргізстане.

Кліенты – 79 банкаў (50 – замежныя), 765 юрыдычных асобаў, 154 індывідуальныя прадпрымальнікі, 5647 фізычных асобаў. Актывы на 01.07.2005 – 108,66 мільярдаў беларускіх рублёў. Уласны капітал – 29,2 мільярды бел. Рублёў. Статутны фонд 12, 8 мільярдаў рублёў. Уклады ў дзяржаўныя каштоўныя паперы на 1-га ліпеня 2005 году – 4, 2 мільярды рублёў Прыбытак у 2005 годзе – 149,7 мільёнаў рублёў Банк мае агульную і генэральную ліцэнзіі на банкаўскія апэрацыі, ліцэнзію на прыцягненьне ва ўклады сродкаў фізычных асобаў, на права правядзеньня пасярэдніцкай, камэрцыйнай, кансультацыйнай дзейнасьці і дзейнасьці дэпазытарыя на рынку каштоўных папераў. Банк мае дазвол Дзяржаўнага мытнага камітэту выступаць перад мытнымі ворганамі ў якасьці гаранта забесьпячэньня ўплаты мытных плацяжоў. 1 ліпеня 2004. Выданая першая картка ААТ "Джэм-Банк" міжнароднай плацёжнай сыстэмы MasterCard. Брытанскі часопіс The Banker: ААТ "Джэм-Банк" мае 5-е месца ў сьпісе 50-ці "дынамічна разьвіваных" банкаў у краінах зь "пераходнай эканомікай".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG