Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У забойстве расейскага настаяцеля падазраюць грамадзяніна Беларусі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сярод падазраваных у забойстве настаяцеля манастыру з Падмаскоўя айца Германа расейская міліцыя называе грамадзяніна Беларусі. Паводле адной з вэрсіяў, 21-гадовы кухар зь Беларусі ўдзельнічаў у катаваньні і забойстве сьвятара, каб завалодаць манастырскімі грашыма.

Айцец Герман быў знойдзены забітым у аўторак, 26 ліпеня, у кельлі манастыра Вазьнясенска-Давыдава пустынь. Манастыр месьціцца ў Чэхаўскім раёне Маскоўскай вобласьці. На целе забітага былі сьляды катаваньняў. У кельлі была знойдзена схованка, дзе, паводле сьледзтва, нябожчык хаваў грошы альбо каштоўнасьці.

27 ліпеня раніцай расейскія мэдыі са спасылкай на праваахоўныя органы Маскоўскай вобласьці паведамілі, што ўжо затрыманыя двое падазраваных у забойстве вядомага манаха. Гэта 34-гадовы мясцовы жыхар і 21-гадовы грамадзянін Беларусі, які працаваў у манастыры кухарам. Аднак пазьней пракуратура Маскоўскай вобласьці абвергла зьвесткі міліцыі пра затрыманьне.

У амбасадзе Беларусі ў Расеі Радыё Свабода паведамілі, што пакуль не атрымлівалі ад праваахоўных органаў Расеі зьвестак пра затрыманьне грамадзяніна Беларусі. Прэсавы сакратар амбасады Аляксандар Гардзейчык запэўніў, што ў выпадку звароту ў амбасаду беларускаму грамадзяніну будзе аказаная неабходная консульская і юрыдычная дапамога.

(Гардзейчык: ) “У амбасадзе за гэта адказныя 10 чалавек, і яны ніколі не адмаўляюць у дапамозе. Гэта заўсёды дзейнічае”.

Расейскія крыніцы не называюць прозьвішча беларуса, якога падазраюць у забойстве. У камэнтарах расейскай міліцыі фігуруе некалькі вэрсіяў забойства: у карысьлівых мэтах, помста і на глебе непрыязных адносінаў. Расейскія сьледчыя прызналі, што пакуль не знайшлі ў падазраваных рэчаў ці грошай нябожчыка.

У Расеі апошніх гадоў самым гучным забойствам сьвятара стала жорсткае забойства сякерай вядомага праваслаўнага прапаведніка айца Меня. Гэта было напачатку 1990-х. Забойцаў айца Меня гэтак і не знайшлі. У Беларусі пры канцы 1990-х гадоў быў забіты настаяцель Берасьцейскай царквы айцец Міхаіл Сацюк. За ягонае забойства спачатку быў асуджаны дыякан царквы Мікалай Калесьнікаў, але пазьней яго апраўдалі. Такім чынам, за забойства айца Міхаіла Сацюка таксама ніхто ня быў пакараны.
XS
SM
MD
LG