Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Навумчык: “Дэклярацыя аб сувэрэнітэце заставалася б паперкай, калі б не дзясяткі тысяч людзей на плошчы Незалежнасьці”


Віталь Цыганкоў, Прага 27-га ліпеня ў 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Да рэфэрэндуму 1996 году гэта было галоўнае дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь – Дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту.

На тэлефоннай сувязі ў Нью-Ёрку – мой калега, а ў прыгаданы час – каардынатар Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Сяргей Навумчык.

(Цыганкоў: ) "Сяргей, прыгадаем, у якіх палітычных варунках адбывалася прыняцьце Дэклярацыі".

(Навумчык: ) "Галоўных адметнасьцяў было дзьве: існаваў Савецкі Саюз, і існавала КПСС, а ў Вярхоўным Савеце 90% дэпутатаў складалі камуністы. І справа нават ня ў іх камуністычных перакананьнях. Яны былі праціўнікамі Незалежнасьці.

Гэтая якасьць – нежаданьне бачыць Беларусь сувэрэннай дзяржавай і праводзіць самастойную палітыку – захавалася ў большасьці дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня да канца яго дзейнасьці.

А ў траўні 1990 году, калі ВС пачаў працу, БНФ адразу прапанаваў дамагацца сувэрэннасьці – але толькі пасьля таго, як у чэрвені ВС РСФСР прыняў дэклярацыю аб сувэрэнітэце, тагачасны старшыня ВС БССР Мікалай Дземянцей пагадзіўся. Прычым пажадаў зрабіць гэта тэрмінова. Напрацоўкі юрыдычныя такога кшталту ў дэпутатаў БНФ былі”.

(Цыганкоў: ) "Што гэта была за гісторыя, калі дэпутаты БНФ выйшлі з залі і ня ўдзельнічалі ў галасаваньні па Дэклярацыі?"

(Навумчык: ) "На гэта чамусьці любіць часта спасылацца Станіслаў Шушкевіч. Але, гаворачы “А”, варта казаць і “Б”. Па-першае, дэклярацыя была напісаная дэпутатамі БНФ. Пазьняк, Голубеў, Трусаў, Садоўскі, Беленькі, Вярцінскі і іншыя – цяпер ўжо не прыгадаеш, хто і што канкрэтна пісаў, памятаю, што ў мяне было палажэньне па без’ядзернасьці Беларусі. Па-другое, мы якраз актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаваньні і ў галасаваньні па артыкулах Дэклярацыі. Дэбаты ішлі горача, але сапраўднага драматызму яны дасягнулі, калі дайшло да нашай прапановы аб наданьні Дэклярацыі статусу канстытуцыйнай сілы. То бок, каб у выпадку супярэчнасьці паміж Канстытуцыяй СССР і Канстытуцыяй БССР сілу мела якраз беларуская Канстытуцыя. Большасьць дэпутатаў гэтага не жадалі. У выніку дэпутаты БНФ пакінулі залю – гэта было ўпершыню, і зьбянтэжанныя дэпутаты націснулі кнопкі. Асабіста я, дарэчы, быў пакінуты ў залі ў якасьці, скажам так, назіральніка, і за Дэклярацыю галасаваў".

(Цыганкоў: ) "Адразу пасьля прыняцьця Дэклярацыі шмат хто сьцьвярджаў, што гэта – ня больш чым паперка..."

(Навумчык: ) "Летам 1990 году я рабіў для “ЛіМа” вялікае інтэрвію з Васілём Быкавым менавіта пра Дэклярацыю. Васіль Уладзімеравіч якраз так выказаўся – ня больш, чым паперка. І на той момант ён меў абсалютную рацыю. Але ўжо праз некалькі гадоў Быкаў сказаў, што ў гістарычным вымярэньні намаганьні БНФ па прыняцьцю гэтай Дэклярацыі будуць належна ацэненыя, ацэненыя праз стагодзьдзі.

Любы дакумэнт можа быць паперкай, калі ён не падмацаваны палітычнай воляй. Так было і з Дэклярацыяй. І толькі ў жніўні 1991 году, калі ў Маскве праваліўся путч, а на плошчу Незалежнасьці выйшлі дзясяткі тысяч людзей – гэтая воля выявілася. 25 жніўня 1991 году па патрабаваньні Апазыцыі БНФ Дэклярацыя нарэшце атрымала статус канстытуцыйнай сілы, і Беларусь стала незалежнай дэ-юрэ. Што дало Шушкевічу магчымасьць пазьней, у сьнежні, падпісаць Віскулёўскае пагадненьне, а ВС – ратыфікававаць яго. І вось ужо ў сьнежні 1991 года дэ-факта Беларусь атрымала поўную незалежнасьць".

(Цыганкоў: ) "На працягу некалькіх гадоў, да лукашэнкаўскага рэфэрэндуму, 27 ліпеня адзначаўся як дзяржаўнае сьвята. Ці застанецца дата 27 ліпеня ў беларускай гісторыі пры вольнай, дэмакратычнай Беларусі?"

(Навумчык: ) "Думаю, застанецца – як этап аднаўленьня сувэрэннасьці Беларусі, але бясспрэчна, што галоўным сьвятам будзе ўсё ж 25 сакавіка – дзень утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі".
XS
SM
MD
LG