Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дажынкі 2006 году – разьлічвайце на сябе”


Галіна Абакунчык, Менск Агляд некаторых публікацыяў у незалежнай прэсе за 27-га ліпеня

Тыднёвік “Бабруйскі кур''ер" у сёньняшнім нумары зьмяшчае артыкул пад назваю “Дажынкі 2006 году – разьлічвайце на сябе”. Гаворка вядзецца пра тое, што наступныя дажынкі мусяць адбыцца ў Бабруйску й горад распачаў падрыхтоўку да гэтай імпрэзы. Аднак, як высьветлілася, гэтым разам ніякіх грошай з агульнанацыянальнага бюджэту выдзяляцца ня будзе. А таму сьвята мусіць быць забясьпечанае сіламі прадпрыемстваў Бабруйску. Пра гэта гарадзкім уладаў нядаўна паведаміў кіраўнік Магілёўскай вэртыкалі Барыс Батура.

Яшчэ ў адной публікацыі “Бабруйскага кур''еру" прыводзяцца вынікі гарадзкой праграмы, скіраванай на папярэджаньне гібелі людзей. Паводле адмыслоўцаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, становішча з пажарнай бясьпекай у горадзе – крытычнае. Найперш гэта тычыцца высотных дамоў 9-13 паверхаў. Па-першае, мясцовым пажарным часткам не стае адпаведнага тэхнічнага абсталяваньня, а па-другое, самі будынкі не адпавядаюць нормам пажарнай бясьпекі. А між тым, бабруйскія высоткі - гэта інтэрнаты і жылыя дамы.

“Белорусская деловая газета” ў сьвежым нумары паведамляе пра выкананьне прэзыдэнцкай дырэктывы, скіраванай на выкараненьне п''янства. Паводле маніторынгу Інстытуту сацыялёгіі, праблема п''янства ў краіне ня зьменшылася. Так, толькі ў сельскай мясцовасьці 21% усіх жыхароў й 37% мужчынскай часткі насельніцтва ўжываюць алькаголь штодня. Пры гэтым сярэдняя доза складае 1,5 стандартныя пляшкі гарэлкі. Паводле дасьледчыкаў, гэта сьведчыць пра дэградацыю вяскоўцаў. Сацыёлягі заяўляюць, што праблему побытавага п''янства ў вёсцы выклікаюць тры асноўныя фактары: нізкі ўзровень культуры, адсутнасьць культурнага адпачынку й нізкі ўзровень эканамічнага дабрабыту. Аднак дасьледаваньні не знайшлі запатрабаваньня ні ў прэзыдэнцкай праграме, ні ў працы міністэрстваў, якія адрапартавалі пра станоўчыя вынікі змаганьня з п''янствам – піша БДГ.

“Народная воля” сёньня друкуе артыкул пад назваю “Ня бойцеся !” Гэтыя словы ёсьць духоўным наказам Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, які надаў палякам упэўненасьці й рашучасьці ў барацьбе за лепшую долю. Іван Макаловіч разважае пра польскія падзеі 25-гадовай даўніны. У 1980 годзе там паўстаў незалежны прафсаюз “Салідарнасьць”, якому было наканавана вывесьці краіну з тупіку, куды яе загналі камуністычныя лідэры. “Думаецца, што досьвед Польшчы, досьвед “Салідарнасьці” найперш адрасаваны Беларусі” – робіць выснову аўтар.

У артыкуле “Як ня трапіць у пастку дабрадзеяў?” “Народная воля” распавядае пра так званых “дабрадзеяў”з асяродку расейцаў, якія намагаюцца дапамагаць беларускім палітыкам у вырашэньні палітычных праблемаў. Аўтар узгадвае сумны досьвед Сямёна Шарэцкага, які шукаў падтрымкі ў Маскве, а ў выніку сам апынуўся далёка за межамі Беларусі. Але падобна на тое, што ягоную памылку гатовыя паўтарыць у наступным годзе іншыя лідэры апазыцыі – піша “Народная воля”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG