Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэманстрацыя этыёпаў каля амбасады Беларусі ў ЗША


Алеся Сёмуха, Вашынгтон У Вашынгтоне насупраць амбасады Беларусі ў ЗША адбылася дэманстрацыя, арганізаваная аб’яднаным камітэтам этыёпскіх палітычных арганізацыяў у Злучаных Штатах.

Удзельнікі, а іх было каля 100 чалавек, заклікалі ўлады Беларусі даць палітычны прытулак васьмі лётчыкам з Этыёпіі і забясьпечыць справядлівае абыходжаньне з пілётамі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі пра палітычных уцекачоў.

Паводле прэсавага прадстаўніка аб’яднанага камітэту этыёпскіх палітычных арганізацый у ЗША спадара Нэаміна Зэлеке, яны сустрэліся з прадстаўніком беларускай амбасады і выказалі свае патрабаваньні да ўладаў Беларусі. Была падрыхтаваная афіцыйная пэтыцыя амбасадару Міхаілу Хвастову, які зараз знаходзіцца ў Беларусі. Паводле сп-ра Зэлеке, які кантактуе з васьмю лётчыкамі па тэлефоне, існуе пагроза, што этыёпскія ўлады паспрабуюць выкрасьці іх і прымусова вярнуць у Этыёпію. Этыёпскія арганізацыі ЗША патрабуюць, каб беларускія ўлады, калі рашэньне пра палітычны прытулак ня будзе зьменена, перадалі лётчыкаў любой іншай дзяржаве, якая прыняла міжнародныя пагадненьні пра палітычных уцекачоў.

Дэманстранты таксама спрабуюць ціснуць на улады Беларусі празь міжнародныя арганізацыі - Камісію па справах уцекачоў пры ААН і прыцягнуць іх увагу да рэпрэсіяў, катаваньняў і забойстваў, якія этыёпскі рэжым практыкуе з палітычнымі вязьнямі. Пасьля дэманстрацыі перад будынкам амбасады Беларусі дэманстранты наведалі амэрыканскую штаб-кватэру Камісіі ў справах уцекачоў.

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА ПРА ЭТЫЁПІЮ

Этыёпія – краіна на паўночным усходзе Афрыкі. Акрамя акупацыі фашыстоўскай Італіяй у 30-х-40-х гадох 20-га стагодзьдзя, Этыёпія ніколі не была нічыёй калёніяй. З 1974-га па 1991-га ў Этыёпіі панавала жорсткая марксісцкая дыктатура, скінутая ў выніку паўстаньня. У 1993 годзе набыла незалежнасьць этыёпская правінцыя Эрытрэя. Напрыканцы мінулага стагодзьдзя Этыёпія вяла вайну, спрабуючы вярнуць кантроль над Эрытрэяй. Летась сотні людзей загінулі і тысячы сталі ўцекачамі ў выніку этнічных забурэньняў у этыёпскай правінцыі Гамбэла.

Сёлета ў чэрвені ў Этыёпіі адбыліся парлямэнцкія выбары, паводле афіцыйных дадзеных перамогу на іх атрымала кіруючая партыя. У чэрвені прадстаўнікі апазыцыі правялі шэраг акцыяў пратэсту, абвінаваціўшы ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Падчас сутычак з паліцыяй былі забітыя 36 дэманстрантаў.
XS
SM
MD
LG