Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі дабудуюць Нацыянальную бібліятэку?


Галіна Жарко, Менск Паводле плянаў, абслугоўваньне чытачоў у новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пачнецца ўжо з 1 студзеня 2006 году. Але ў поўным аб’ёме бібліятэка, як інфармацыйны і сацыяльна-культурны комплекс, пачне працаваць толькі зь верасьня наступнага году.

Грошы на новую бібліятэку, будаўніцтва якой ўжо завяршаецца, зьбіраліся зь міру па нітцы. Гэтак званыя добраахвотныя ахвяраваньні склалі дастаткова значную суму – 4,5 мільярды беларускіх рублёў, больш за 500 тысяч даляраў, і каля 50 тысяч эўра.

Абслугоўваць чытачоў будзе 1 тысяча супрацоўнікаў. А ў 22-х бібліятэчных залях, паводле праекту, адначасова змогуць працаваць 2 тысячы чытачоў. Праўда, з гэтай нагоды варта нагадаць цікавы факт – пошукавая Інтэрнэт-сыстэма GOOGLE абвясьціла, што пачала пераводзіць у лічбавы фармат фонды буйных бібліятэк сьвету. Гэта значыць, што карыстальнікі Інтэрнэту хутка будуць мець доступ да любых кніг, якія знаходзяцца ў кнігасховішчах найбольш прэстыжных бібліятэк. Ды ўжо і цяпер сучасныя студэнты без праблемаў знаходзяць патрэбную інфармацыю ў сеціве.

Праўда, намесьнік міністра культуры Беларусі Уладзімер Грыдзюшка паведаміў, што кампутэрны доступ карыстальнікаў да фондаў Нацыянальнай бібліятэкі таксама будзе забясьпечаны. Падпісаная дамова з Кітаем на пастаўку абсталяваньня на суму 1 мільён даляраў.

Але пакуль што бібліятэкары вяровачкамі перавязваюць пакункі з кнігамі.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі паведаміў, што каля 65% кніжных фондаў на сёньняшні дзень ужо закансэрваваныя і гатовыя да пераезду. Фонды Нацыянальнай бібліятэкі налічваюць 8 мільёнаў асобнікаў. Прыкладна 6 млн. экзэмпляраў ужо ўпакавана. Агульная вага фондаў бібліятэкі складае дзьве з паловаю тысячы тон, а даўжыня кніжных полак роўная 90 кілямэтраў, што адпавядае даўжыні двух кальцавых дарог вакол Менску.

Нездарма кажуць, што пераезд можна прыраўняць да пажару. Вось што расказала адна з бібліятэкарак Нацыянальнай бібліятэкі.

(Біблятэкар: ) “Нязручнасьці і для нас, і для чытачоў. Пакуль што больш сховішча гэтым займаецца. Шмат працы, вядома. Перавязваецца вяровачкаю, каталёжныя скрынкі – у цэляфан. Магчыма, салдаты дапамогуць пераносіць. А перавязкаю займаюцца самі бібліятэкары. Амаль усе фонды перавязаныя. Да канца месяца мы абслугоўваем новыя кнігі. У кожнай чытальнай залі ёсць падсобны фонд – гэта найбольш запатрабаваныя кнігі. Падручнікі. Іх абмежавальная колькасьць. Мы паэтапна рухаліся ад старых да новых кніг”.

Пачынаючы ад жніўня, са сховішча кнігі чытачам дастаўляцца ўжо ня будуць. Карыстацца каталёгам, праўда, яшчэ дазволяць. Але адзін толькі каталёг без кніг ня дужа патрэбны. Пасьля пераезду перавезеныя фонды ў адзін дзень таксама ўсе “не разьвяжуць”. Яны будуць “разьвязвацца” ад новых кніг – да старых. А ў поўным аб’ёме плянуецца “разьвязаць” усе кнігі толькі да верасьня 2006.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG