Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску выяўлена “хворая” вада ў дэкаратыўна-пітных крыніцах


Вячаслаў Кулік, Менск Санітарна-эпідэміялягічная служба Менску забараніла карыстацца няякаснай вадой з крыніцы на плошчы Казінца. Паводле ўрачоў, лябараторныя аналізы таксама выявілі перавышаныя нормы ўтрыманьня хімічных складнікаў і ў іншых адкрытых крыніцах Менску

Лічыцца, што ў Менску ёсьць 11 штучных дэкаратыўна-пітных крыніцаў – так званых пітных фантанчыкаў. Насамрэч, паводле спэцыялістаў, дзейныя зараз толькі палова. Наземнае абсталяваньне для падачы вады зламанае ва Ўруччы, у парках Перамогі і Дружбы народаў. Ваду з крыніцы ў парку на перакрыжаваньні праспэкта газэты “Праўда” і вуліцы Любімава санэпідэмслужба забараніла выкарыстоўваць як пітную. Паводле загадчыка аддзелу Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алега Батана, тут выяўлена перавышанае ўтрыманьне хімічных складнікаў. Спэцыяліст таксама кажа пра “хворую” ваду на плошчы Казінца".

(Батан: ) “Гэта крыніца з высокім утрыманьнем жалеза. Таму была вынесена пастанова аб забароне выкарыстаньня вады”.

Санітарны ўрач Алег Батан паведаміў таксама, што ў Менску ў вадзе выяўляюцца шкодныя для арганізму чалавека прасянік і фтор, фіксуюцца нітраты. Каб даведацца наколькі інфармаваныя жыхары беларускай сталіцы аб якасьці пітной вады, у тым ліку з дэкаратыўных і прыродных крыніцаў, я правёў невялікае сацыялягічнае дасьледаваньне сярод мінакоў на вуліцах. І вось якія меркаваньні выказалі менчукі ля мікрафону Радыё Свабода.

(Спадар: ) “На праспэкце Машэрава – ой, прабачце, ня ведаю як ён цяпер называецца – ёсьць нейкая крыніца. Ходзіць байка, што парвала трубаправод, а людзі па свайму глупству карыстаюцца гэтай “сьвятой” вадой. Пасьля той байкі я туды не хадок”.

(Спадарыня: ) “Менская вада вельмі дрэнная, бо ў ёй шмат хлёру. У нас старая сыстэма водаправоду. Мы заўжды летам возім ваду зь лецішча”.

(Спадар: ) “Патрэбен сталы кантроль за якасьцю вады. Не ва ўсіх раёнах яна аднолькава чыстая”.

У сваю чаргу санітарны ўрач Алег Батан таксама заклапочаным пагаршэньнем якасьці пітной вады ў Менску.

(Батан: ) “Ёсьць у кожным раёне свае асаблівасьці. Першамайскі, Савецкі, Цэнтральны забясьпечваюцца зь некалькіх падземных вадазбораў і якасьць вады там здавальняючая. Паўднёвы бок забясьпечваецца таксама з падземных вадазбораў, але ў іх пэрыядычна “выскоквае” ўтрыманьне жалеза. Яшчэ назіраецца ў Менску другаснае забруджваньне. Вельмі вялікая працягласьць сетак. Таму ўзьнікаюць праблемы ў Ленінскім, Заводзкім і Партызанскім раёнах. Вядома, што і каламутнасьць вады з-за гэтага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG