Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 8 гадоў асуджаны беларускі інтэрнэт-махляр


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чарговы кампутэрны вундэркінд зь Беларусі адзначыўся крымінальным дасягненьнем ў міжнародным электронным сеціве. Малады жыхар Менску праз махінацыі ў інтэрнэце зарабіў 4 мільёны даляраў, што нават па эўрапейскіх стандартах лічыцца рэкордам. Чаму Інтэрнэт гэтак прываблівае маладых беларусаў, схільных да лёгкіх заробкаў?

8 гадоў турмы – такое пакараньне прызначыў суд менчуку Аляксандру Жданаву, які здолеў праз махінацыі ў Інтэрнэце зарабіць ажно 4 мільёны даляраў. Сьледчыя назвалі Жданава вундэркіндам. Між тым яму 25 гадоў --не такі і юны ўзрост для злачынцы. Але кампутэрныя махінацыі сапраўды ёсьць маладым для Беларусі відам злачынстваў, і вызначаюцца ў гэтай справе выключна маладыя ж асобы. Ва ўправе па злачынствах у сфэры высокіх тэхналёгіяў МУС мне нагадалі пра былога менскага студэнта, які напрыканцы 1990-ых гадоў узламаў кампутэрную сыстэму вядучага нямецкага банка і скраў больш за 100 тысяч дялараў. З той гучнай гісторыі пачынаўся сьпіс крымінальных рэкордаў беларусаў у Сеціве. Пасьля быў гучны выпадак з двума беларускімі махлярамі-кардарамі, якія падраблялі банкаўскія карткі і гэтак падманулі вядучыя гандлёвыя фірмы Эўропы.

І вось чарговая гучная справа. Аляксандр Жданаў здолеў пабудаваць у Інтэрнэце некалькі пірамідаў, зьнешне дастаткова прывабных для інвэстараў. Паводле дадзеных беларускіх сьледчых, на прынаду, якую заклаў у сеціве таленавіты менчук, спакусіліся больш за 10 тысяч жыхароў розных краінаў сьвету. Кожны зь іх пералічыў на пазначаны Жданавым рахунак свае грошы – ад 10 даляраў да больш унушальных сумаў. Большасьць разумела, што рызыкуе, таму гэтыя людзі не спрабавалі знайсьці злодзея, калі зразумелі, што іх падманваюць.

Яго выкрыла беларуская міліцыя, і дастаткова выпадкова, у выніку зусім іншай гісторыі. Зараз спэцыялісты прызнаюць, што падобных жданавых у Беларусі можа быць нямала: таленавітых праграмістаў у краіне дастаткова, а сярод іх заўсёды знойдуцца ахвотнікі да лёгкіх грошай.

Аднак чаму гэтак сталася, што беларускія кампутаршчыкі ўсё часьцей вызначаюцца ў крымінальнай сфэры, а пра іхныя прафэсійныя дасягненьні неяк не чуваць? Адмыслоўцы кажуць найперш пра малыя, у параўнаньні з эўрапейскімі , заробкі мясцовых кампутэрнікаў. Добраму праграмісту на дзяржаўным прадпрыемстве плацяць меней за 300 даляраў, у камэрцыйнай фірме заробак большы, але нязначна. Да таго ж камэрцыйных фірмаў з навукаёмістай сфэры ў Беларусі з гадамі не паболела . Ці магчыма ў такім разе стварыць беларускую “Сіліконавую даліну”, дзе б квітнелі навукаёмістыя прадпрыемствы, спытаў я ў прадстаўніка гэтага бізнэсу Ігара Сташкевіча.

(Сташкевіч: ) “З пункту гледжаньня чалавечага патэнцыялу гэта магчыма, людзі ёсьць і новыя кадры можна падрыхтаваць, але не спрыяе эканамічны лад. Патрэбны ўсё ж нармалёвы рынак. Трэба, каб дзяржава давала прэфэрэнцыі для навукаёмістых тэхналёгіяў, а ў нас атрымліваецца наадварот. Возьмем дзяржаўнае прадпрыемства, якое зьвязанае з навуковаёмістымі тэхналёгіямі. Яно за арэнду грошай ня плаціць, мае іншыя ільготы і пры гэтым “ляжыць”, падняцца ня можа. А ў той жа час камэрцыйныя прадпрыемствы, якія плацяць за арэнду па 12-15 даляраў за квадратны мэтар штомесяц, яшчэ неяк і разьвіваюцца, праўда, з горам на палову”.

Нагадаю, ужо больш за 10 гадоў вядуцца ў Беларусі размовы аб адкрыцьці эканамічнай зоны, прывабнай для разьвіцьця навукаёмістых тэхналёгіяў, гэтак званай “Сіліконавай даліны”. Чарговы такі праект падрыхтаваны, але зноў чакае подпісу кіраўніка дзяржавы, які ўсё ня вырашыць, ці гэта трэба Беларусі.

.
XS
SM
MD
LG