Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасьпеюць грамадзяне выкарыстаць чэкі “Жыльлё”?


Іна Студзінская, Менск Толькі да 1 жніўня выканкамы прымаюць дакумэнты на чэкавую прыватызацыю жыльля. Што будзе потым – невядома. З 1 жніўня ўступае ў сілу Дэкрэт прэзыдэнта N6 “Аб упарадкаваньні абарачэньня і выкарыстаньня імянных прыватызацыйных чэкаў “Жыльлё”. Згодна з дакумэнтам, грамадзяне павінны перарэгістраваць чэкі, а пасьля 1 студзеня выдача чэкаў спыніцца

Вышэйшыя інстанцыі - Адміністрацыя прэзыдэнта, Савет Міністраў, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі - пакуль самі ня ведаюць, што будзе пасьля. Раённыя адміністрацыі да 1 жніўня дакумэнты на чэкавую прыватызацыю жыльля прымаюць, а пасьля прымаць ня будуць.

Ці праўда, што з наступнага тыдню бальшыня прыватызацыйных чэкаў ператворыцца з каштоўных, якія маюць хоць нейкую вартасьць, у звычайныя паперкі? З такім пытаньнем у зьвярнулася ў адзін з райвыканкамаў Менску.

(Чыноўнік: ) “Падобна, што так. Прынялі дэкрэт, што быццам бы яны ня будуць хадзіць. Перарэгістрацыя будзе з 1 жніўня, а пакуль няма яснасьці”.

Што да чэкаў, прайшоўшых рэгістрацыю, чыноўнікі мяркуюць, што за іх можна будзе прыватызаваць кватэры і далей, але ўжо па новых правілах. Тут патрэбна тлумачэньне. У людзей могуць быць 3 катэгорыі чэкаў: у першую чаргу, уласныя. Некаторым бескватэрным сваякі, блізкія падаравалі свае чэкі ці чэкі людзі атрымалі ў спадчыну. Яшчэ некаторыя проста скуплялі чэкі, спадзеючыся ўкласьці іх у пакупку рэальнага жыльля.

Праблема ў тым, што пасьля 1 жніўня індэксуюцца толькі уласныя чэкі альбо натарыяльна завераныя, што былі падараваныя альбо атрыманыя ў спадчыну. А тыя чэкі, якія грамадзяне купілі, не падлягаюць індэксацыі – яны губляюць свой статус каштоўных папераў. Бо без індэксацыі вартасьць іх проста мізэрная.

Ці законна гэта, разважае аглядальнік тыднёвіку “Белорусский рынок” Лізавета Булатэцкая.

(Булатэцкая: ) “З майго пункту гледжаньня, гэта незаконна, таму што парушаюцца правы грамадзянаў, якія нічога дрэннага не зрабілі. Яны купілі чэкі, як дазваляла заканадаўства, нічога не парушаючы. Пасьля 1 жніўня яны іх ніяк ня могуць выкарыстоўваць”.

Савет Міністраў паводле Дэкрэту, падпісанага Лукашэнкам 7 чэрвеня, у трохмесячны тэрмін павінен прывесьці дзеючае заканадаўства ў адпаведнасьць з дакумэнтам. Быццам бы падрыхтаваныя ўжо два нарматыўна-заканадаўчых акты, якія да 9 верасьня павінны ўступіць у сілу. Ці рэальна ўкласьціся ў такія сьціслыя тэрміны?

(Булатэцкая: ) “Канешне, гэта ненармальна. Указаньне Савету Міністраў прывесьці дзеючае заканадаўства ў адпаведнасьці з гэтым Дэкрэтам – цягам трох месяцаў. Атрымліваецца 9 верасьня. С самага пачатку, прымаючы дакумэнт – а ён прайшоў экспэртызу ў Міністэрстве юстыцыі, зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў – тут я бачу прамое парушэньне”.

Што да чэкаў, якія прайшлі рэгістрацыю, за іх можна будзе прыватызаваць кватэры і далей, але ўжо па новых правілах, пра якія ніхто яшчэ ня ведае. Але ўсё робіцца ў інтарэсах грамадзянаў. Паводле прадстаўніка прэзыдэнта ў Нацыянальным сходзе Валерыя Цэпкалы, “дэкрэт не зьменіць умоваў прыватызацыі жыльля, а прадугледжвае перарэгістрацыю чэкаў і ліквідацыю спэкуляцыі імі”.
XS
SM
MD
LG