Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У незалежных мэдыяў забіраюць, а дзяржаўным мэдыям даюць”


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускі ўрад зацьвердзіў комплексную праграму разьвіцьця дзяржаўных пэрыядычных друкаваных выданьняў на 2005-2008 гады. У адпаведнай пастанове ўрад паведамляе, што фінансаваньне мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтай комплекснай праграмы будзе ажыцьцёўлена ў памеры сродкаў, якія штогод выдзяляюцца на гэтыя мэты з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

Паводле першага намесьніка міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч, мэта гэтай комплекснай праграмы ў разьвіцьці і ўмацаваньні нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Напрыклад, ствараюцца ўмовы для абнаўленьня друкарняў, каб афіцыйныя газэты былі каляровымі і мелі прывабны дызайн. Спадарыня Ананіч зьвяртае таксама ўвагу на моцнае зношваньне рэдакцыйнай тэхнікі і адсутнасьць належнага маніторынгу чытацкай аўдыторыі.

Але журналісты адзначаюць той факт, што фінансаваньне афіцыйным мэдыям ўкінутае цяпер, калі да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў часу засталося менш за год. Адначасна, незалежныя мэдыі пастаўленыя ў такія ўмовы, калі яны, наадварот, павінны плаціць са сваіх кволых рэдакцыйных бюджэтаў грошы дзяржаве, прынамсі ў выглядзе шматмільённых штрафаў. У такой сытуацыі апынулася, напрыклад, “Белорусская деловая газета”. Паводле намесьніка генэральнага дырэктара Любові Вашкевіч у рэдакцыі нядаўна была нечарговая падаткавая праверка, якая знайшла нібыта парушэньні ва ўцэнцы нерэалізаваных газэт.

(Вашкевіч: ) “Гэтая ўцэнка з 1 студзеня 2004 года праводзіцца па інструкцыі міністэрства фінансаў №182 ад 23 сьнежня 2003 года. Мы ўсё зрабілі адпаведна гэтай інструкцыі. Падаткавая палічыла, што трэба рабіць не так, а як ім падабаецца і напісала сваю фармулёўку. Гэта ўсё абышлося ў 46 мільёнаў рублёў. Трэба было напісаць вялікую суму, вось і напісалі”.

Паводле Любові Вашкевіч такія штрафы выпісваюцца ў сытуацыі, калі ўлады перакрылі продаж газэты ня толькі ў шапіках дзяржаўнага “Саюздруку”, але і ў крамах. А менавіта сёньня газэта павінна выплаціць 50 мільёнаў рублёў па пазову Аляксандра Мара за адзін з артыкулаў. Суд вышэйшай інстанцыі пакінуў гэтае рашэньне ў сіле.

(Вашкевіч: ) “Рашэньне суду трэба выконваць, тут нікуды не падзенешся. Не выканаў рашэньне суду – 200 базавых, гэта 2300 даляраў штрафу. Выконваць трэба ў любым выпадку, трэба пазычаць грошы і выконваць”.

Такія ж вялізныя, мільённыя сумы павінна выплаціць і адзіная ў Беларусі штодзённая незалежная газэта “Народная воля”? Менскі гарадзкі суд адмовіўся задаволіць касацыйныя скаргі рэдакцыі на два рашэньні Ленінскага раённага суду. “Народная воля” абскардзіла судовыя выракі па пазову лідэра Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча і трох жыхароў Клецка. Калі жыхарам Клецка рэдакцыя мусіць выплаціць па 3 мільёны рублёў, то дэпутату Гайдукевічу 100 мільёнаў у якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду. Тлумачыць шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна.

(Калінкіна: ) “Аказалася, што ў Беларусі самы каштоўны гонар і годнасьць у Сяргея Гайдукевіча, палітыка, які неаднойчы фігураваў у розных скандальных публікацыях у беларускіх і расейскіх СМІ. Але, напэўна, зараз проста дадзена каманда - дарагія пазовы, якія павінны разбурыць эканоміку газэты, разарыць газэту, каб проста яна не выходзіла, каб проста не было грошай на выданьне, на тое, каб друкарню аплачваць, плаціць заробкі людзям і гэтак далей. Гэтыя штрафы за мяжой беларускай рэчаіснасьці, за мяжой рэальнасьці, таму што ў нас нават за жыцьцё чалавека ніколі не прызначаліся такія сумы, сумы прызначаліся ў дзесяткі разоў меншыя”.

На жорсткі ціск уладаў і на скарачэньне інфармацыйнай прасторы скардзяцца таксама і ў глыбінцы. Дырэктар выдавецкага дома Генадзь Ананьнеў з Воршы адзначае, што ягоная газэта “Дзень” з-за адсутнасьці фінансаваньня ня можа аднавіць сваёй працы пачынаючы ад студзеня гэтага года. Падаткавікі і спэцслужбы шукаюць частку тыражу газэты за мінулы год, якая была здадзена на фірму дзеля перапрацоўкі.

(Ананьнеў: ) “Дык вось гэту фірму вышчамілі, дзе мы здалі, і чацьвёра КГБ-шнікаў прыехалі на фірму і па звалцы лазілі, у сьметніцах шукалі газэту “Время” і не знайшлі, фірме далі штраф і спрабуюць мне даць, маразм поўны”.
XS
SM
MD
LG