Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставіцца АБСЭ да магчымага ўдзелу Лукашэнкі ў выбарах 2006?


Уладзімер Глод, Менск АБСЭ ставіцца да магчымага ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году гэтаксама, як асноўныя міжнародныя арганізацыі. Пра гэта паведаміў кіраўнік офісу АБСЭ ў Беларусі амбасадар Эбэргард Гайкен на сваёй разьвітальнай прэсавай канфэрэнцыі 26 ліпеня ў Менску.

Эбэргард Гайкен, адказваючы на пытаньне пра стаўленьне АБСЭ да ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах, сказаў:

(Гайкен: ) "Пытаньне ў тым, наколькі міжнародная супольнасьць прызнае гэтае рашэньне. І ў гэтай сувязі вы, магчыма, чыталі шэраг заяваў, якія былі зробленыя адносна дадзенага пытаньня".

На просьбу ўдакладніць, пра якія канкрэтна дакумэнты ідзе размова, амбасадар Гайкен нагадаў, што, прыкладам, Эўразьвяз у заяве ад 22 лістапада 2004 году на ўзроўні міністраў замежных справаў выказаў сваю нязгоду з хадой парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі.

Эбэргард Гайкен, кантракт якога з АБСЭ скончыцца 31 ліпеня, спрагназаваў, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў офіс будзе працаваць гэтаксама, як і раней, – перадусім, інфармаваць кіраўніцтва АБСЭ ў Вене пра падзеі ў Беларусі. Ён таксама патлумачыў, чаму офіс, на ягоную думку, ня будзе непасрэдна ўдзельнічаць у назіраньні за выбарамі:

(Гайкен: ) "Назіраньне за выбарамі – спэцыфічная справа, якая не ўваходзіць у мандат офісу АБСЭ ў Менску. Дзеля таго, каб правесьці такое назіраньне, патрэбна запрашэньне беларускага ўраду. І тады яно будзе праводзіцца БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека), якое карыстаецца вялікім аўтарытэтам і вялікім досьведам у назіраньні за выбармі".

Імя свайго пераемніка спадар Гайкен пакуль не называе. Згодна з дакумэнтамі АБСЭ, на гэтую пасаду могуць прэтэндаваць толькі грамадзяне краінаў АБСЭ, за выключэньнем Беларусі, а таксама тых дзяржаваў, якія маюць агульную мяжу зь Беларусьсю (Латвія, Літва, Польшча, Расея, Украіна).

Сёньня Эбэргард Гайкен сказаў, што кансультацыі ў гэтай справе працягваюцца, і кола кандыдатаў скарацілася да чатырох асобаў, якія прадстаўляюць Вугоршчыну, Вялікую Брытанію, Славаччыну ды Швэцыю.

Паводле кіраўніка офісу, прэтэндэнты мусяць ведаць расейскую мову й мець досьвед працы ў краінах СНД альбо Ўсходняй Эўропы.

Я нагадаў спадару Гайкену, што й ён сам, і ягоны папярэднік – Ганс-Георг Вік мелі высокі дыпляматычны ранг: працавалі амбасадарамі Нямеччыны ў шэрагу краінаў. І ці не лягічна чакаць, што і прэтэндэнты на пасаду кіраўніка офісу ў Менску таксама маюць вялікі досьвед? Вось як адказаў на гэтае пытаньне амбасадар Гайкен:

(Гайкен: ) "Я не памятаю абсалютна дакладна, але ведаю, што двое з чатырох працавалі амбасадарамі ў краінах Усходняй Эўропы. І ўсе чацьвёра маюць значны дыпляматычны досьвед".

Эбэргард Гайкен сёньня паведаміў, што ў сярэдзіне жніўня працу ў менскім офісе спыняе і грамадзянка Вялікай Брытаніі Гайдзі Сьміт. Яна адказвала за экалягічныя й эканамічныя праекты, а таксама за сувязі з мэдыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG