Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыадчыніў заслону сакрэтнасьці над сустрэчай з Пуціным


RFE/RL Пасьля нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна не прагучала ніякіх афіцыйных камэнтароў, але гэты саміт спарадзіў у друку вялікую колькасьць камэнтароў і здагадак. Кіраўнік Беларусі склікаў сёньняшнюю нараду для таго, каб прыадчыніць заслону сакрэтнасьці над гэтай сустрэчай, а таксама выкласьці сваю пазыцыю па шэрагу міжнародных праблемаў, у першую чаргу – адносна беларуска-расейскіх адносінаў.

Сёньняшнія заявы Лукашэнкі аналізуе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "Кіраўнік Беларусі горача абвяргаў вэрсіі і гіпотэзы, якія зьявіліся ў друку пасьля сустрэчы з Пуціным у Завідава. Паводле Лукашэнкі, ніякага пераемніка яму Масква не шукае – “інакш бы я з Пуціным не сустракаўся”. Ні аб якой “здачы” краіны ў абмен на пэўныя гарантыі з боку Масквы размовы не было і ня будзе – запэўніваў Лукашэнка сваіх урадоўцаў – “мы сваім сувэрэнітэтам не гандлюем”.

Зразумела, пра ўсё гэта размова не ішла. А пра што ішла? На сёньняшняй нарадзе кіраўнік Беларусі некалькі разоў вяртаўся да той палітычнай карысьці, якую Расея мае ад саюзу зь Беларусьсю, было сказана, што “Беларусь засталася адзіным саюзьнікам Расеі”, Лукашэнка паўтарыў тэзу, выказаную ў нядаўнім інтэрвію тэлеканалу ТВЦ, што “рэвалюцыя ў Беларусі – гэта рэвалюцыя ў Маскве”, маўляў, сыход Беларусі са сфэры расейскага ўплыву выкліча ў Расеі жахлівы палітычны крызіс і палітычная эліта такой паразы Пуціну не даруе.

Аднак наўрад ці гутарка двух лідэраў абмежавалася толькі выкладаньне падобных страшылак беларускім кіраўніком.

Але тое, што Лукашэнка распавёў уласна пра зьмест перамоваў, гучала даволі супярэчліва. Паводле яго, Расея ў асобе Пуціна адмовілася ад акцэнту на эканамічную інтэграцыю, у прыватнасьці, пагадзілася аднесьці на другі плян праект пераходу Беларусі на расейскі рубель, а ў першую чаргу заняцца пытаньнямі палітычнай пабудовы саюзнай дзяржавы – Канстытуцыйным актам.

Лукашэнка сказаў, што можна абраць саюзны парлямэнт, потым вызначыцца па выканаўчай уладзе саюзу. Здаецца, з гэтага вынікае, што ў Завідава адбыўся інтэграцыйны прарыў, ідэі палітычнага аб’яднаньня выцягнутыя з даўгой скрыні.

Гэта ўкладаецца ў прагнозы і тлумачэньні шэрагу аналітыкаў і экспэртаў, што Пуцін хоча стаць прэзыдэнтам супольнай дзяржавы, бо дзейная Канстытуцыя Расеі не дазваляе яму балятавацца на прэзыдэнта Расеі ў 2008 годзе. Паводле прыгаданых вэрсіяў, Пуцін у Завідаве схіліў Лукашэнку на такі варыянт.

Але сёньня з вуснаў кіраўніка Беларусі прагучалі і словы, якія цалкам гэтым меркаваньням супярэчаць. Паводле Лукашэнкі, на наступным беларуска-расейскім саміце бакі распавядуць адзін аднаму свае бачаньні Канстытуцыйнага акту, пры гэтым кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што погляды Менску і Масквы на тое, якой павінна быць мадэль аб’яднаньня, істотна адрозьніваюцца.

Як жа ствараць супольны парлямэнт, калі бакі не дамовіліся, парлямэнтам чаго ён будзе? Больш таго, Лукашэнка падкрэсьліў, што “новая ступень інтэграцыі ня будзе штурмавацца да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і Расеі”. Як гэта? А як жа абяцаньне стварыць саюзны парлямэнт? Хіба гэта ня новы этап інтэграцыі?

Далей прагучала яшчэ больш шматзначнае – Лукашэнка сказаў, што працяг інтэграцыі будзе, “калі мы застанёмся ва ўладзе”. З кантэксту вынікае, што “мы” – гэта Лукашэнка і Пуцін. Але паўторымся, паводле дзейнай Канстытуцыі Пуцін балятавацца на прэзыдэнта больш ня можа.

Тым ня менш, у гэтых супярэчлівых заявах ёсьць лёгіка, калі разглядаць сёньняшнія заявы Лукашэнкі, як працяг гандлю, які ён вёў з Пуціным ў Завідава. Маўляў, хочаце працягу інтэграцыі – ці то дзеля працягу свайго прэзыдэнцтва ў саюзным статусе, ці для іміджу “зьбіральніка "рускіх" земляў” (што някепска ў плянах зьмены ўласна расейскай Канстытуцыі і атрыманьня магчымасьці балятавацца яшчэ раз), дык вось хочаце гэтага – мне, Лукашэнку калі ласка значныя пазыцыі ў межах гэтай саюзнай дзяржавы. А не – дык не.

Лукашэнка спадзяецца, што нават калі ў інтэграцыйным гандлі бакі ня сыдуцца ў цане, Расея ўсё роўна будзе падтрымліваць яго і не таму, што ён для яе такі добры, а таму што любая альтэрнатыва будзе для Расеі горшай".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG