Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Крок за крокам гатуецца вострая ежа, якая і прыводзіць да разьвіцьця падзеяў па мадэлі Чаўшэску"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 26 ліпеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Зіноўеў: ) "Распачатак крымінальнай справы супраць амапаўца, які выцяў Сьвятлану Завадзкую, было б па сыгнальным эфэкце раўназначны санкцыі пракурора на арышт Берыі ў 1953-м. Такі сыгнал сканчэньня беспакаранасьці менская пракуратура паслаць МУС, вядома ж, ня можа. Таму сльледчы, трэба думаць, і ўхапіўся за вядомую схему – скаргу “заматаць” і “спусьціць на тармазах”. Але і ОРТ таксама сябе цынічна паводзіць, бо з жонкай Завадзкага яны сходзяць уніз, у пракуратуру, а з жонкай Лісьцева ў маскоўскую ня пойдуць. І ўвогуле, ОРТ любіць паказаць, што дзесьці там ўсё кепска, а пра расейскае жыцьцё яно такіх кадраў не пакажа – хоць іх таксама колькі заўгодна ў Расеі. Але я хачу запэўніць, што ў Беларусі нашмат болей, чым у Расеі, людзей, якія не жывуць згодна прынцыпу “мне што, больш за ўсіх трэба?”, і таму цікавасьць да справы Завадзкай большая, чым яны сабе могуць ўявіць. Дзякую".

(Слухач: ) "Сапраўдны Дзень Незалежнасьці Беларусі – гэта той дзень, калі ў цяжкіх, складаных умовах нашыя бацькі, дзяды, нашыя прашчуры абвясьцілі Беларускую Народную Рэспубліку – 25 сакавіка 1918 года. А 3 ліпеня 1944 года не было аніякага абвяшчэньня. Немцы зьбеглі зь Менска пад націскам Чырвонай арміі. У гэты дзень горад быў вольны ад фашыстаў, а па ім савецкая авіяцыя нанесла бомбавы ўдар, і менчукі мусілі хавацца ад родных бомбаў. І наогул, трэба адзначыць, што ўсе гарады Беларусі неаднаразова бамбавалі тысячы цяжкіх самалётаў-бамбаваозаў, сталінскіх “сокалаў”. Нашыя гарады разбуралі сумеснымі намаганьнямі як немцы, так і свае, камуністы. Многія руіны – гэта справа іх рук".

(Слухач: ) "Хто рыхтуе рэвалюцыю на Беларусі? Паглядзіце, што адбываецца на Беларусі, і вы прыйдзеце да высновы, што кожны дыктатар – гэта патэнцыйны рэвалюцыянэр. Самі дыктатары старанна і плённа працуюць ў гэтым напрамку. Спачатку яны клянуцца, даюць прысягу выконваць Канстытуцыю, нават руку кладуць з растапыранымі пальцамі на гэты дакумэнт, а потым яе ж і топчуць абедзьвюма нагамі. А мы ўсе сьведкі і таму, і другому. Нас падманулі – абяцалі адно, а выдалі іншае. І гэта толькі пачатак. Потым, калі ўкараніцца, набярэ моц – болей. Кошты растуць не самыя па сабе, іх падвышае той, каму падаецца малым ягоны прэзыдэнцкі рэзэрвовы фонд. І насыціцца ён ня ў стане. І зноў мы – ахвяры падману, зноў нас прынізілі. Усяго не пералічыць: там – палітыкаў скралі і забілі, тут – зачынілі грамадзкія аб’яднаньні і незалежныя выданьні; дэманстрантаў зьбілі, далі штраф або суд. Так крок за крокам гатуецца вострая ежа, якая і прыводзіць да разьвіцьця падзеяў па мадэлі Чаўшэску або Аскара Акаева. Канешне, больш прывабная мадэль, якую вынайшаў Чаўшэску – карацей не прыдумаеш. Філіпінскі Маркас – той зьбег са сваім рэзэрвовым фондам у 20 мільярдаў даляраў, а наш – той будзе адстрэльвацца".

(Спадар: ) "Адказваю на пытаньне “калі ж Беларусь атрымала незалежнасьць?”. А менавіта тады – 27-га ліпеня. Але ж, урэшце, у 1991-м яна яе згубіла. Дык дай жа Божа, каб у 2006-м яна зноў атрымала незалежнасьць. Дзякую".

(Іван Карпавіч, Менск: ) "Я хачу сказаць пра незалежнасьць Беларусі. Ад веку нашыя продкі жылі, мы жывем, нашыя дзеці ўжо пражылі паўстагодзьдзя, унукі – ніякай “залежнасьці” ў Беларусі не было і ня будзе. Мы падпарадкаваныя “старэйшаму брату”. Гэта – сутнасьць нашага кіраўніка дзяржавы. І “на дыванок” выклікалі і выклікаюць нашых кіраўнікоў. І даюць, адпаведна, інструкцыі, як сябе паводзіць. Так што, калі б нехта “зьбіўся з тропу”, яго б “прыбралі” ўжо даўно. У тым ліку і Лукашэнку. Так што пра незалежнасьць і казаць няма чаго. Па-другое, хачу сказаць пра выбары. Не займайцеся вы глупствам – выбары прызначаліся і прызначаюцца дзевяноста гадоў, і будуць прызначацца. І як бы вы ні рыхтаваліся, гэта лішняе – страта грошай і ўсяго. Што скажа Пуцін, тое і будзе. Вось Украіна вам відавочны прыклад. Аранжавую рэвалюцыю не хацелі рабіць, зараз не прызнаюць Украіну і яе, як кажуць, “паліваюць”. І Беларусь жа будзе ў гэткім жа стане. Гэта бескарысна, і ня трэба займацца глупствам. Усе дарослыя граматныя людзі гэта разумеюць. А выбары – гэта, як кажуць, “сымбалічнае мерапрыемства”, вось і ўсё".

(Бартось Марыя Іванаўна з Гарадзенскага раёна: ) "Шаноўныя працаўнікі Радыё Свабода! Учора я тэлефанавала да вас апоўначы. Сёньня роўна аб адзінаццатай да мяне паступіла пагроза, такая: “Вы замаўлялі музыку на вясельле?” Я кажу: “Вы памыліліся”. А ён мне паўтарае дакладны мой нумар тэлефона. Вось так. Патэлефануй на “Свабоду”, дык назаўтра атрымаеш пагрозу. Ну, мне 60 гадоў. Хай ужо прыходзіць, разам з музыкай. Што за жыцьцё настала – нават на “Свабоду” не пазвоніш. Усяго вам найлепшага. А я як званіла, так і буду званіць".

(Спадар: ) "Хачу вам сказаць, шаноўнае Радыё Свабода, што слухаю ўспаміны нашай вялікай беларускай патрыёткі Івонкі Сурвілы. Мне падабаецца гэтая перадача. Неяк слухаў пра тое, як Івонка Сурвіла вывучала замежныя мовы. Хачу сказаць, якая ж яна ўсё ж граматная, разумная, інтэлігентная жанчына. І ўвогуле, Івонка Сурвіла – гонар нашае нацыі. Вялікі дзякуй, што Вы ў нас ёсьць, і здароўя вам, шчасьця вам, і доўгіх гадоў жыцьця. Беражы Бог вас, і беражы Бог нашую Беларусь. Дзякую за ўвагу".

(Саскевіч: ) "Прашу прабачэньня ў Радыё Свабоды. Я неяк тэлефанаваў вам, і памыліўся, калі сказаў, што мой бацька і мае родзічы нарадзіліся і жылі ў вёсцы Клебанцы. Правільна – у вёсцы Плебанцы, Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці. Назва перакладаецца з польскай мовы як “дом ксяндза”. Я ў назьве першай літары памыліўся, бо чуў даўно, у дзяцінстве, ад родзічаў. Так што выбачайце. А ў астатнім усё расказаў правільна. І на сваё пытаньне, калі можна, хацеў бы пачуць адказ. Бо першы раз я пачуў пра сваё прозьвішча, Саскевіч, што яно нямецкае, ад таварыша габрэя. Я тады сказаў яму, што ня можа быць. Пасьля я таксама пачуў ад польскага мытніка, на польска-нямецкай мяжы, што маё прозьвішча нямецкае, а пасьля тое ж пачуў ад свайго знаёмага паляка. Гляджу у польскі слоўнік, і бачу, што сапраўды маё прозьвішча перакладаецца як нямецкае прозьвішча. Хацелася б усё-ж такі даведацца… ды яшчэ і ў вайну немцы так добра ставіліся да людзей з гэтай мясцовасьці. Таксама добра ставіліся да маіх родзічаў. Хацелася б пачуць, калі можна. Дзякую за ўвагу".
XS
SM
MD
LG