Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 ліпеня нарадзіўся Стэнлі Кубрык


RFE/RL Каляндар Свабоды – 26 ліпеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 26 ліпеня.

26 ліпеня ў праваслаўных беларусаў – Гаўрыла. “Гаўрылей, – казалі, – град на каноплі”. А ў каталікоў – Ганна. “Ганна з дажджом – гарох з чарвяком”.

26 ліпеня – “літаратурны” дзень. Бо ў розныя гады пад гэтай датай прыйшлі на сьвет ірляндзкі драматург і Нобэлеўскі ляўрэат Джордж Бэрнард Шоў; швэйцарац Карл Густаў Юнг, заснавальнік “аналітычнай псыхалёгіі“; француз Андрэ Маруа і ангелец Олдас Хаксьлі. У беларускай літаратуры 26 ліпеня – дзень нараджэньня пісьменьніка Івана Грамовіча.

А яшчэ 26 ліпеня ў 1928 годзе нарадзіўся Стэнлі Кубрык, славуты амэрыканскі кінарэжысэр. Яшчэ падлеткам Стэнлі захапляўся джазам, шахматамі і фатаграфіяй. Адукацыя яму не давалася і ў 17 гадоў ён пайшоў працаваць фатографам у часопіс "Look". Праца была такая, што давялося аб`езьдзіць усю краіну. Праўда, плацілі малавата, дык ён падрабляў гульнёю ў шахматы на грошы. Прычым гуляў так удала, што сабраў фінансаў на першы свой уласны фільм.

Гістарычныя падзеі.

26 ліпеня 1511 году Наваградак атрымаў Магдэбурскае права на самакіраваньне.

26 ліпеня 1941 году – дата стварэньня Беластоцкага гета, куды нямецкія акупанты сагналі каля 42 тысячаў габрэяў зь Беластоку і ваколіцаў. Калі ў 1943 годзе фашысты прыступілі да ліквідацыі гета, у ім пачалося паўстаньне. Аднак сілы балі няроўныя і з тысячаў паўстанцаў толькі лічаным адзінкам удалося ўцячы з гета ў лясы і там дачакацца вызваленьня. Астатнія былі забітыя на месцы, спаленыя ў бараках альбо патрапілі ў лягеры сьмерці Трэблінку, Майданэк і Асьвенцім.

26 ліпеня 1989 году ў Менску адбыўся масавы мітынг грамадзянаў, які патрабаваў стварэньня сьледчай камісіі ў справе ўтойваньня інфармацыі пра Чарнобыль. Мінула больш за 15 гадоў, але ніхто зь вінаватых так і ня быў пакараны. Актыўнасьць грамадзтва ў справе Чарнобыля зьменшылася і патрабаваньні высьветліць урэшце праўду ў гэтай справе выглядаюць сёньня неактуальнымі.
XS
SM
MD
LG