Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 ліпеня 1618 году пабачыў сьвет першы беларускі лемантар


RFE/RL Каляндар Свабоды – 24 і 25 ліпеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 24 і 25 ліпеня. Спачатку – памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

24 ліпеня 1618 году пабачыў сьвет першы беларускі лемантар. Называўся ён “Буквар мовы славянскай, пісаны чытаньню вучыцца хто хоча ў карыснае кіраваньне” і быў надрукаваны ў Еўі (цяпер гэта мястэчка Вевіс у Літве). Асобнікі першага беларускага лемантара захаваліся ў Капэнгагене і Лёндане.

24 ліпеня 1925 году Бюро ЦК КПБ выпусьціла пастанову з наступнае нагоды: «Лічыць неабходным выкараняць з ужываньня ў беларускай мове слова «жыд» і замяніць яго словам «яўрэй». Канец цытаты. Менавіта ад гэтай пастановы і пачалося ўжываньне ў беларускай мове пазычанага з расейскай слова «яўрэй». Дагэтуль па-беларуску можна было сказаць толькі «жыд» і гэтае слова, у адрозьненьне ад расейскай мовы, не было ў нас абразьлівым. Варта згадаць верш Янкі Купалы «Ўсебеларускія жыды» або працу Зьмітрака Бядулі «Жыды ў Беларусі».

Таксама 24 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі драматург і заснавальнік нацыянальнага кінематографу Рыгор Кобец, беларускі паэт Анатоль Астрэйка – аўтар словаў знакамітай песьні пра Нёман, артыст Купалаўскага тэатру Генадзь Гарбук, беларускі палітык і заснавальнік фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы і беларускі шахматыст, міжнародны гросмайстар Барыс Гельфанд.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

25 ліпеня праваслаўныя ў Беларусі ўшаноўваюць Прокла (“На Прокла поле ад расы прамокла”), а каталікі – Якуба (“Які Якуб да паўдня, такая да сьнежня зіма”).

Два славутыя беларусы пакінулі сьвет 25 ліпеня. У 1592 годзе ня стала Яна Кішкі, дзяржаўнага дзеяча, кальвініста, які ў Іўі заснаваў арыянскую акадэмію, а ў Лоску – друкарню, дзе, у прыватнасьці, друкаваліся кнігі Сымона Буднага. У 1984 годзе памёр Уладзімер Караткевіч – мабыць, найбольш чытаны беларускі празаік і паэт, стваральнік прыгодніцкіх гістарычных раманаў.

25 ліпеня 1894 году нарадзіўся Гаўрыла Прынцып, нацыянальны герой Югаславіі, забойца эцгерцага Фэрдынанда. Сэрбскі студэнт Гаўрыла ўваходзіў у падпольную арганізацыю “Чорная рука“, якая змагалася супраць аўстра-вугорскага панаваньня на Балканах. Яны хацелі стварыць адзіную незалежную Югаславію. Гаўрыла лічыў, што першым чынам у гэтай справе павінна стаць забойства каго-небудзь з імпэратарскай сям`і Габсбургаў. І вось дзень забойства настаў. 28 чэрвеня 1914 году ў часе візыту эрцгерцага Франца Фэрдынанда ў Сараеве Прынцып разам зь пяцьцю таварышамі ўчыніў замах. Ягоны сябрук Нядзелька Чабранавіч кінуў бомбу, але яна выбухнула пад другім аўтамабілем працэсіі і параніла афіцэра, а эрцгерцаг у першай машыне застаўся цэлы. Калі ж пазьней Франц Фэрдынанд накіроўваўся праведаць параненага, з натоўпу выскачыў Прынцып і двума стрэламі забіў эрцгерцага і ягоную жонку. Як вядома, забойства Франца Фэрдынанда стала нагодаю для разьвязваньня першай сусьветнай вайны, у якой загінулі мільёны людзей. А што ж далей адбывалася з Гаўрылам? Яго прысудзілі да дваццаці гадоў турмы – гэткае было максымальнае пакараньне для злачынцаў, маладзейшых за 20 гадоў. У турме Прынцып захварэў на косныя сухоты, яму ампутавалі руку – ці ня тую, якой ён учыніў забойства? Тамсама, у турэмнай лякарні Гаўрыла і памёр у 1918 годзе.
XS
SM
MD
LG