Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія палітыкі ацэньваюць антыпольскія заявы Лукашэнкі?


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія палітыкі камэнтуюць дыпляматычны крызыс паміж Беларусьсю і Польшчай, а таксама пазыцыю кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым пытаньні, якую ён выказаў сёньня на адмысловай урадавай нарадзе ў пытаньнях зьнешняй і ўнутранай палітыкі.

Намесьнік кіраўніка камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян поўнасьцю падтрымлівае дзеяньні беларускага міністэрства замежных справаў у дыпляматычным канфлікце з Польшчай.

(Касьцян: ) “ Кіраўніцтва Польшчы робіць усё, каб нашыя адносіны сталі немагчымымі і выконвае ня волю польскага народу, а, вядома, волю ЗША. Пад дыктоўку кіраўніцтва ЗША Квасьнеўскі даў дазвол на будаўніцтва вайсковых амэрыканскіх баз уздоўж беларуска-польскай мяжы… Беларускі бок не разгортваў гэтай вось дыпляматычнай барацьбы, а пачаў гэта ўсё рабіць польскі бок. Маўчаць і не зьвяртаць увагі на гэтыя дзеяньні будзе азначаць, што мы ці то баімся, ці то мы настолькі слабыя, каб адстойваць сваю пазыцыю”.

Былы старшыня Савету рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч мяркуе, што асноўнай прычынай канфлікту стала ўмяшальніцтва беларускіх уладаў у дзейнасьць грамадзкай арганізацыі – Саюзу палякаў Беларусі.

(Вайтовіч: ) “Бакі занялі вельмі цьвёрдыя пазыцыі ў гэтым пытаньні, Лукашэнка хоча паставіць, як ўсё ў краіне, пад свой кантроль, не дапускае нічога таго, што дзейнічае самастойна. А польскі бок хоча, каб Саюз палякаў Беларусі ўзначальваў чалавек, які быў выбраны на гэтую пасаду. Лукашэнка будзе стаяць тут вельмі доўга на такой жорсткай пазыцыі. Усё ж робіцца ўжо пад наступны год, пад выбарчую кампанію 2006 году, яму ня трэба, каб у Беларусі былі арганізацыі, якія маюць сваю думку і не падкантрольныя ўладзе”.

Старшыня партыі БНФ Вінцку Вячорка з гумарам паставіўся да заявы Лукашэнкі, што, маўляў, беларуская мадэль робіцца прывабнай для палякаў, і прычына нагнятаньня жарсьцяў у тым, што палітычныя колы Польшчы хочуць захаваць сваю ўладу.

(Вячорка: ) “Часам чалавеку здаецца, што ён зьяўляецца палітыкам глябальнай велічыні і сварыць паміж сабой Амэрыку з Эўропай, Заходнюю Эўропу з Цэнтральна-Усходняй, а насамрэч застаецца на ўзроўні сельскага хулігана.

Нягледзячы на тое, што цяпер Польшча знаходзіцца ў стане перадвыбарчым, польскія палітыкі дружна ўсталі на абарону самастойнасьці, самадзейнасьці буйной грамадзкай арганізацыі ў Беларусі – саюзу палякаў. Калі ж лукашэнкаўская дзяржава нахабна ўлазіць ва ўнутраныя пытаньні саюза палякаў Беларусі, гэта абсалютна абуральна, гэта непрыймальна з гледзішча эўрапейскіх прынцыпаў дэмакратыі”.
XS
SM
MD
LG