Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасаду Беларусі ў Вашынгтоне пікетуюць каля 100 чалавек


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Сёньня ў Вашынгтоне насупраць амбасады Беларусі ў ЗША адбываецца дэманстрацыя арганізаваная аб’яднаным камітэтам этыёпскіх палітычных арганізацый у Злучаных Штатах. Удзельнікі, а іх каля 100 чалавек, патрабуюць, каб улады Беларусі перагледзелі сваё рашэньне пра адмову палітычнага прытулку васьмі лётчыкам з Этыёпіі і забясьпечылі справядлівае абыходжаньне зь пілётамі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі пра палітычных уцекачоў.

Паводле прэсавага прадстаўніка аб’яднанага камітэта этыёпскіх палітычных арганізацый у ЗША спадара Нэаміна Зэлеке, учора яны сустрэліся з прадстаўніком беларускай амбасады і выказалі свае патрабаваньні да ўладаў Беларусі. Сёньня яны плянуюць перадаць афіцыйную пэтыцыю амбасадару Хвастову, які зараз знаходзіцца ў Беларусі.

Паводле спадара Зэлеке, які трымае кантакт з васьмю лётчыкамі па тэлефоне, існуе пагроза, што этыёпскія ўлады паспрабуюць выкрасьці іх і прымусова вярнуць у Этыёпію. Этыёпскія арганізацыі ЗША патрабуюць, каб беларускія ўлады, калі рашэньне пра палітычны прытулак ня будзе зьменена, перадалі лётчыкаў любой іншай дзяржаве, якая прыняла міжнародныя пагадненьні пра палітычных уцекачоў.

Дэманстранты таксама спрабуюць націснуць на улады Беларусі празь міжнародныя арганізацый, такія як Камістя па справах уцекачоў пры ААН і прыцягнуць іх увагу да рэпрэсій, катаваньняў і забойстваў, якія Этыёпскі рэжым практыкуе на палітычных вязьнях. Пасьля дэманстрацыі перад будынкам амбасады Беларусі дэманстранты накіруюцца да амэрыканскай штаб-кватэры Камісіі ААН у справах уцекачоў.

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА ПРА ЭТЫЁПІЮ

Этыёпія – краіна на паўночным усходзе Афрыкі. Акрамя акупацыі фашыстоўскай Італіяй у 30-х-40-х гадох 20-га стагодзьдзя, Этыёпія ніколі не была нічыёй калёніяй. З 1974-га па 1991-га ў Этыёпіі панавала жорсткая марксісцкая дыктатура, скінутая ў выніку паўстаньня. У 1993 годзе набыла незалежнасьць этыёпская правінцыя Эрытрэя. Напрыканцы мінулага стагодзьдзя Этыёпія вяла вайну, спрабуючы вярнуць кантроль над Эрытрэяй. Летась сотні людзей загінулі і тысячы сталі ўцекачамі ў выніку этнічных забурэньняў у этыёпскай правінцыі Гамбэла.

Сёлета ў чэрвені ў Этыёпіі адбыліся парлямэнцкія выбары, паводле афіцыйных дадзеных перамогу на іх атрымала кіруючая партыя. У чэрвені прадстаўнікі апазыцыі правялі шэраг акцыяў пратэсту, абвінаваціўшы ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Падчас сутычак з паліцыяй былі забітыя 36 дэманстрантаў.


Гл. таксама • Этыёпскія пілёты-уцекачы ў Беларусі зноў апынуліся ў цэнтры ўвагі
XS
SM
MD
LG