Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партрэт ісламскага тэрарыста – “джыгад з эўрапейскім пашпартам”


Юры Дракахруст, Прага “Джыгад з эўрапейскім пашпартам” – у артыкуле пад такой назваю нямецкая "Франкфуртэр Альгемайне" распавядае пра дасьледаваньне амэрыканскіх навукоўцаў, якія паспрабавалі зрабіць сацыялягічны партрэт ісламскага тэрору ў Эўропе. Са зьместам публікацыі вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Робэрт Лейкэн і Стывэн Брук з вашынгтонскага цэнтру Ніксана прааналізавалі зьвесткі аб 373 тэрарыстах, якія з 1993 па 2004 год былі арыштаваныя ці забітыя ў Заходняй Эўропе ці ў Паўночнай Афрыцы. Дадзеныя браліся з адкрытых крыніцаў, пры гэтым вывучаліся толькі міжнародныя суніцкія тэрарысты – з разгляду былі выключаныя палестынскія групоўкі ці лібанская “Хэзбала”, бо іх дзеяньні скіраваны пераважна выключна на Ізраіль.

Дасьледаваньне Лейкена і Брука абвергла меркаваньне, што міжнародны тэрарызм – пераважна праблема Блізкага Ўсходу. Толькі прыблізна кожны пяты з дасьледаваных тэрарыстаў паходзіў з гэтага рэгіёну, больш за траціну – грамадзяне краінаў Магрыбу (Альжыр, Марока, Туніс), а 40% – амаль палова – былі грамадзянамі Эўропы ці Злучаных Штатаў.

Такім чынам, брытанскае паходжаньне тэрарыстаў, якія ўзрывалі бомбы ў Лёндане 7 ліпеня – хутчэй правіла, чым выключэньне.

Што тычыцца паходжаньня, то зразумела пераважная большасьць тэрарыстаў у першым ці другім пакаленьні – выхадцы з мусульманскіх краінаў. Але і тут пераважае Магрыб – 60% дасьледаваных тэрарыстаў паходзяць з Поўначы Афрыкі.

У Заходняй Эўропе на сёньня легальна жывуць прынамсі 2 мільёны чалавек, якія нарадзіліся ў гэтым рэгіёне.

У большасьці краінаў большасьць тэрарыстаў паходзяць з той краіны, як правіла – былой калёніі, адкуль найбольшая іміграцыя : у Францыі – з Альжыру, у Гішпаніі – з Марока, у Вялікабрытаніі – з Паўночнай Азіі (напрыклад, з Пакістану). Але вось жа ў Нямеччыне, нягледзячы на вялікую турэцкую грамаду, якая пераважае ў мусульманскім насельніцтве, туркі сярод тэрарыстаў зусім не пераважаюць.

Зараз эўрапейскія краіны робяць вялікія высілкі, каб спыніць нелегальную іміграцыю. Але сярод амаль 400 тэрарыстаў, біяграфіі якіх дасьледавалі амэрыканскія навукоўцы, толькі 6% патрапілі ў Эўропу нелегальна, траціна мела візы – пераважна турысцкія ці студэнцкія, чвэрць атрымалі ў заходніх краінах легальны прытулак.

Цікава, што кожны дзесяты з дасьледаваных тэрарыстаў быў навернуты ў іслам зь іншай рэлігіі, пераважна з хрысьціянства.

Дарэчы, паводле зьвестак спэцслужбаў зараз “Аль-Каеда” асабліва імкнецца вэрбаваць такіх нэафітаў, якія добра ведаюць краіну, дзе жывуць.

Дасьледаваньне Лейкэна і Брука паказала адрозьненьні ў тэхніцы выкананьня тэрактаў у Эўропе і ЗША. У Эўропе значна часьцей адбываюцца групавыя тэрарыстычныя напады, бо там мусульмане жывуць больш кампактнымі грамадамі. Пры гэтым асновай фармаваньня тэрарыстычных ячэек часьцей за ўсё зьяўляецца нацыянальнасьць ці краіна паходжаньня. Атаку на ЗША 11 верасьня 2001 году рабілі арабы, леташнія тэракты ў Мадрыдзе – мараканцы, цяперашнія выбухі ў Лёндане – пакістанцы.

Паводле вынікаў дасьледаваньня найбольшы патэнцыял ісламскага тэрарызму маецца ў Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Італіі і Бэльгіі, напрыклад, у Вялікабрытаніі прыжывае кожны пяты тэрарыст Эўропы, аднак брытанскія мусульмане складаюць толькі дзясятую частку ўсёй эўрапейскай мусульманскай грамады. Найменшы патэнцыял мусульманскага экстрэмізму паводле амэрыканскіх дасьледчыкаў – у Нямеччыне. Там жыве чвэрць усіх эўрапейскіх мусульманаў, аднак тэрарысты – выхадцы зь Нямеччыны складаюць толькі 9%.
XS
SM
MD
LG