Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск: беларуская эканоміка працягвае імкліва расьці


Юлія Шарова, Менск Сёньня беларускі ўрад абмяркоўваў вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны ў першым паўгодзьдзі. Пятнаццаць з шаснаццаці прагнозных эканамічных паказьнікаў выкананыя – такі асноўны вынік працы айчыннай гаспадаркі ў гэты пэрыяд. Аднак спэцыялісты па-рознаму тлумачаць прыроду беларускіх эканамічных посьпехаў.

Паводле афіцыйных дадзеных, за паўгодзьдзе валавы ўнутраны прадукт узрос на 8,9%, вытворчасьць прамысловай прадукцыі – на 10,5%.

Зьнізілася колькасьць стратных прадпрыемстваў, падвысілася рэнтабэльнасьць, нават у сельскай гаспадарцы назіраецца заўважны рост. Інфляцыя склала 4%, рэальны заробак – 450 тысячаў рублёў. Бюджэт выконваецца з прафіцытам, сальда вонкавага гандлю атрымалася станоўчым – амаль 700 мільёнаў даляраў.

Адзіным нявыкананым паказьнікам сталася вытворчасьць нехарчовых тавараў – каля 8%, замест заплянаваных 11.5%.

Незалежныя экспэрты, у тым ліку прадстаўнікі МВФ, неаднаразова адзначалі, што прычынай росту беларускай гаспадаркі стала спрыяльная каньюнктура на расейскім рынку, на якім добра прадаюцца айчынныя тавары. Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур такое тлумачэньне адпрэчвае. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Свабодзе:

(Тур: ) "Каньюнктура выгадная на расейскім рынку – выгадная й для ўсіх астатніх. Калі б нашая прадукцыя была неканкурэнтаздольная, то якія могуць быць вонкавыя рынкі? Што, хіба Расея зарыентаваная толькі на нас? Расея – краіна цалкам да нас прывязаная? Таму я лічу, што ў нас ўсе галіны, увесь рэальны сэктар і сфэра паслугаў спрацавала дастаткова пасьпяхова. Бо, калі б яны пасьпяхова не працавалі й якасьці не было б, то ня быў бы напоўнены ўнутраны рынак. І пагатоў не было б посьпехаў на вонкавым рынку".

Экспэрт дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык кажа, што беларускаму эканамічнаму ўздыму паспрыялі самыя розныя чыньнікі. Найперш гэта спрыяльная каньюнктура, але ня толькі на расейскім рынку: Беларусь удала гандлявала з усімі краінамі. Напрыклад, на Захад добра прадаваліся нафтапрадукты, вырабленыя з адносна таннай расейскай нафты – важны радок у беларускім экспарце. Гандаль нафтапрадуктамі прыносіў у краіну нафтадаляры – адпаведна, попыт на замежную валюту памяншаўся, курс беларускага рубля ўмацоўваўся й гэта ў сваю чаргу дапамагала зьвязваць інфляцыю.

Добрая сытуацыя на расейскім рынку таксама дапамагала, тлумачыць спадар Чубрык. Новы прынцып спагнаньня ПДВ прывёў да таго, што шматлікія беларускія фірмы перасталі імпартаваць з Расеі тавары, бо гэта цяпер нявыгадна. Нельга забывацца й на шэраг захадаў у справе абароны айчыннага рынку ад імпарту. Вядома, што ў кожнай краме ёсьць асартымэнтны пералік тавараў, якія абавязкова павінны прадавацца. Пераважная большасьць гэтых тавараў – беларускай вытворчасьці.

Такім чынам, беларускія вытворцы сапраўды ўдала скарысталіся з добрай каньюнктуры, але пытаньне ў тым, ці доўга гэта можа працягвацца, разважае экспэрт Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

(Чубрык: ) "Тое, што ў нас цяпер запаволіўся рост экспарту, гэта вельмі істотна паўплывае на эканамічны рост у бліжэйшай будучыні. У нас вельмі істотна запаволіўся эканамічны рост у параўнаньні зь мінулым годам. Напрыклад, у чацьвертым квартале летась было больш за 11% росту, а ў другім квартале сёлета толькі 8,3%. Калі ня будзе мяняцца каньюнктура, то даволі высокія тэмпы росту захаваюцца, але сёлета будзе недзе каля 8%, у наступным годзе мы прагназуем каля 6%".
XS
SM
MD
LG