Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За брашуры і газэты ва ўласным аўто – міліцэйскі пратакол


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Увечары 26 ліпеня ў Пінску затрымалі старшыню Берасьцейскай абласной арганізацыі Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сьцяпана Навасельчана.

Затрыманьне спадара Навасельчана адбылося на адной зь пінскіх вуліцаў, калі да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі. Яны заявілі, што валодаюць інфармацыяй пра тое, што ў машыне актывіста АГП могуць знаходзіцца наркотыкі.

У часе агляду аўтамабіля міліцыянты замест наркотыкаў знайшлі некалькі газэтаў і бюлетэняў, прысьвечаных наступнай выбарчай кампаніі. На Сьцяпана Навасельчана быў складзены пратакол за распаўсюд друкаваных выданьняў з парушэньнем закону, пасьля чаго ён быў адпушчаны.

Увагу міліцыянтаў прыцягнулі таксама транспартныя сродкі іншых мясцовых апазыцыянэраў, якія знаходзіліся сёньня ў Пінску.
XS
SM
MD
LG