Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хамства беларусаў – дасьледаваньне Свабоды


Сьвятлана Курс, Менск На думку спэцыялістаў, хамства пашыраецца ў нестабільных або застойных грамадзтвах. Яно зьяўляецца хваробаю грамадзтва, а не асобы, цьвердзяць соцыяпсыхолягі. Хамства адбівае няздольнасьць да камунікаваньня на аснове парытэту, узаемапавагі, узаемавыгоднасьці і паказвае на недахопы ў маральнай сфэры чалавека, прабелы ў ягоным пачуцьці бясьпекі. У Беларусі хамства пранізвае ўсе сфэры жыцьця, – сьцьвярджаюць героі матэрыялу Сьвятланы Курс.

У беларускай традыцыі слова “хам” не заўжды мела адмоўную канатацыю, словы “пан” і “хам” супрацьпастаўляліся. “Панамі” звалася спольшчанае дваранства, “хамамі”, “псякроўю” і “псякосьцю” зваўся люд беларускі. Кастусь Каліноўскі ў часе свайго змаганьня меў псэўданімы “Хамовіч” і “Хамуціус”, што для яго азначала – сын “хамскага народу”. Можна згадаць і Элізу Ажэшку, якая ў рамане “Хам” галоўным героем зрабіла беларускага селяніна, вельмі прывабнага чалавека. Сучасны ж тлумачальны слоўнік беларускае мовы трактуе хамства як “грубасьць, бесцырымоннасьць, нахабства”.

Як трактуе хамства Віктар Шалкевіч, аўтар і сьпявак песьняў “Хамская ўлада” ды “Жлобская нацыя”?

(Шалкевіч:) “Жлабом ды хамам патэнцыйна можа быць кожны. Мне заўсёды не падабалася гэтая гульня ў “просты хамскі народ”, “вось яны, значыцца, паны, а мы простыя ўсе, і мы ўсіх ненавідзім”. Заўсёды ня варта прыбядняцца да нейкіх юзікаў, заўсёды варта адчуваць, што мы нармальны, разумны, адукаваны, розны народ”.

Гаворыць 35-гадовая жыхарка Менску.

(Тацяна:) “Калі я бачу добразычлівых, нармальных людзей, у мяне ўнутры нямое зьдзіўленьне. Я звыкла, што чалавек чалавеку воўк – на вуліцы, у крамах, ва ўстановах. Я зьмяніла месцажыхарства, жыву ў прэстыжным раёне Менска. А раней я жыла за горадам у атачэньні “простых людзей”. Ці ёсьць такі панятак “просты чалавек”? Відаць, усё ж такі ёсьць. “У Менску, у цэнтры, у краме “Зорачка”, стаяць дзьве прадавачкі і гавораць пра сваё жаночае. Калі пасьля неаднаразовых нагадваньняў яны зьвярнулі на мяне ўвагу, я сказала, што пайду ў іншае месца і куплю там тую дробязь. Яны адказалі: “Ідзіце-ідзіце, многа вас тут такіх ходзіць. Моладзь ўсё-ткі больш выхаваная. А ўвогуле я заўважыла: часта, чым таньнейшая крама, кавярня, тым горшы там пэрсанал”.

Алена нядаўна выйшла з адпачынку па догляду за дзіцем. Кажа, што нядаўна яе ледзь не набіў мужчына ў аўтобусе, а людзі ня ўмешваліся.

(Алена: ) “Я сядзела доўга зь дзіцём, толькі пачала выходзіць на людзі, а цяпер мне хочацца назад зашыцца. То цябе выпіхваюць з аўтобуса, то запіхваюць, не пытаючыся, ці ты выходзіш-заходзіш. Па-першае, было страшна, таму што ён сядзеў ззаду, ужо за маё сядзеньне хапаўся і мог ударыць мне па галаве. Я ўстала зь месца”.

Алена не пагаджаецца з тэзаю, што хамы – людзі бедныя і простыя.

(Алена: ) “У нашым пад’езьдзе жыве брыльянтавы распаўсюднік “Oriflame”. Яны дасягнулі добрага матэрыяльнага роўню, але чамусьці ўся сям’я не вітаецца – ні бацькі, ні дзеці, хаця ў нашым пад’езьдзе ўсе адно аднаго ведаюць. Мне няёмка, калі людзі маўчаць у адказ на вітаньне, няёмка, што я першая віталася з мужчынам. Дык я перастала”.

20-гадовая Кася, як і Тацяна, лічыць, што найбольш хамяць людзі, якія усё жыцьцё пражылі пры Саветах.

(Кася: ) "Штодзённае хамства, на сабаку матам лаюцца. Дзяцей матам крыюць, калі тыя па іхнай траўцы ходзяць."

(Карэспандэнтка: ) “Па колькі ім гадоў, гэтым кабетам?”

(Кася: ) “Прыкладна па 70”.

(Карэспандэнтка: ) “А хамства стала звычным фонам жыцьця?”

(Кася: ) “Майго – не. А іхнага, відаць, так”.

(Карэспандэнтка: ) “А пражыць бяз гэтага можна, неяк абараніць межы свае асобы?”

(Кася: ) “Можна – маўчаньнем, ігнараваньнем”.

Хамства ў Беларусі гэтак шмат, што ўзьнікае пытаньне: можа, гэта арганічны складнік тутэйшай пабытовай культуры, кшталт шчырасьці гэтага грамадзтва, мова ягоных дачыненьняў?” Пытаньне адрасую этнасоцыяпсыхолягу Паўлу Ўрбановічу.

(Урбановіч: ) “Хамства – гэта сродак дачыненьня, праяўленьня істотнай, сапраўднай, якаснай эмацыйнасьці, але справа ў тым, што чалавек ня можа, ня ўмее сваю эмацыйнасьць выразіць, паказаць людзям іншымі сродкамі. І таму вымушаны вось так крывенька-крывенька яе паказваць”.

Адзначана, што ў адкрытых грамадзтвах, дзе канфлікты ня тушацца гасяцца і не замоўчваюцца, хамства на парадак меней. Гаворыць Валянцін Стэфановіч, юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна”, які аб’ехаў ці ня ўсю Эўразію.

(Стэфановіч: ) “Хамствам нагэтулькі пранізанае нашае грамадзтва, што яго не заўважаеш. Сёньняшняя палітычная эліта ў асноўным складаецца зь людзей, як мінімум, неінтэлігентных. Так што гэтыя флюіды распаўсюджваюцца ў грамадзтве. Гэта стала нейкай модай. І ў той жа час уводяцца паўсюдна кнігі скаргаў і прапановаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі я спрабавала атрымаць гэтую кніжку дзе-кольвек, мне хамілі ў адказ. Ці адрозьніваюцца беларусы ад іншых народаў у гэтым пляне?”

(Стэфановіч: ) “Значна больш хамскі горад Масква. Там немагчыма нічога запытацца ў мінакоў. Цябе ня слухаюць,табе не адкажуць. На Захадзе людзі вонкава больш ветлівыя, усьмешлівыя, стрыманыя, але захоўваюць "дыстанц". У мяне неаднойчы былі праблемы на межах – з усьмешкай, але сталёвым тонам мне казалі, што я туды не патраплю”.

(Карэспандэнтка: ) “Мая каляжанка, полька, цьвердзіць, што беларусы вельмі непунктуальныя, не берагуць чужы й свой час, бяруцца за працу і ня робяць яе”.

(Стэфановіч: ) “Можа, у гэтым ёсьць сэнс і рацыя. Але я не сказаў бы, што беларусы тут найгоршыя. Калі я быў у Сэрбіі, то заўважыў, што ў іх прынята спазьняцца ня меней, чым на гадзіну, паабяцаць і не зрабіць, дарогу пераходзяць дзе хто хоча, кожны робіць, што хоча. Беларусы ў гэтым выпадку больш вышыхтаваныя”.

Кінарэжысэр Віктар Корзун жыве на два гарады – Менск і Вільню. У Беларусі хамства болей, але і ў Летуве хапае – лічыць ён.

(Віктар: ) “Ці можна бяз гэтага пражыць? Такое ж пытаньне як і “Ці можна не сустрэць зла на сьвеце”. Чым далей ад савецкага ладу й часу, тым далей ад гэтага. Ну, можа, не савецкага, а таталітарнага нейкага. Калі чалавек мае права выявіць сябе адно за кошт прыніжэньня іншага. Калі чалавек вольны й спакойны, ён выяўляе сябе ў нармальных рэчах, яму няма патрэбы хаміць”.

Хамства небясьпечнае тым, што зьмяняе клімат у грамадзтве да непазнавальнасьці. Хамства і злосьць робяцца нябачным фонам жыцьця ва ўсіх сфэрах – на дарогах, у сфэры пабслугоўваньня, у інтэрнэце. Варта зазначыць, што хамства прабралася на білборды, прэсу, тэлевізію і хаваецца пад маскаю плюралізму думак. І вось дэзарыентаванае грамадзтва ўважае хама й крыкуна за пачуцьцёвага, праўдзівага, прамога чалавека і абірае яго сабе ў лідэры.

Хамства зьяўляецца хваробаю грамадзтва, а не асобы, цьвердзяць соцыяпсыхолягі. Яно адбівае няздольнасьць да камунікаваньня на аснове парытэту, узаемапавагі, узаемавыгоднасьці і паказвае на недахопы ў маральнай сфэры чалавека, прабелы ў ягоным пачуцьці бясьпекі. Гаворыць Павел Урбановіч.

(Урбановіч: ) “Нас нідзе ня вучаць абараняць межы нармалёвымі сродкамі – такімі сродкамі, якія не краналі б іншага. Калі ніхто вакол мяне ня можа абараніць сябе нармалёва, атрымліваецца так, што мне ніхто не супрацьстаіць. Гэта тое ж самае, што з Калашнікавым і танкам ваяваць са старажытнымі татара-манголамі. Калі ўсе вакол рахманыя і слабыя, сам Пан Бог загадаў іх біць. Вось адкуль гэта бярэцца”.

Атрымліваецца, што сярод вялых і перапалоханых людзей хам – проста герой нашага часу, правакатар, які будзіць іх да жыцьця.

(Урбановіч: ) “Нельга казаць, што хам – рыцар нашага часу. Гэта хутчэй разбойнік зь вялікай дарогі. Рыцар нашага грамадзтва – той, хто бароніць сябе і не налазіць на чужыя межы. А гэта цяжка. Гэтаму з садка ня вучаць, на жаль”.

Спадар Урбановіч дзеліць хамства на сьвядомае й несьвядомае. Сьвядомае хамства грунтуецца на гіпэртрафаваным пачуцьцё ўласнай важнасьці. На вышыні сацыяльнай піраміды ў такога чалавека – ўласнае “Я”. Таму такі чалавек не цырымоніцца, не падбірае выразаў, а фамільярнасьць лічыць спосабам спусьціцца да людзей.

Несьвядомае хамства праяўляецца ў непрадуманасьці паводзінаў, няўважлівасьці, чэрствасьці, глупстве, неабавязковасьці й непунктуальнасьці. Хамства часта хаваецца за маскаю расьсьеянасьці і практычна не паддаецца карэкцыі.

На жаль, хамства не зьвядзецца само, таму абавязак чалавека – рэагаваць на яго. Патрэбна фізычная і псыхічная падрыхтоўка для адбіцьця атакаў, патрэбнае вызваленьне ад хамства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG