Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады скасавалі кантракт зь беларускамоўным настаўнікам, сябрам КХП БНФ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорскі раён Аддзел адукацыі Сьветлагорскага райвыканкаму адмовіўся працягваць кантракт з настаўнікам хіміі і біялёгіі Прудкоўскай базавай школы Генадзем Бядой. Спадар Бяда зьяўляецца сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і прыхільнікам уніяцкай царквы. Прадметы ён выкладаў выключна на беларускай мове.

Завуч Прудкоўскай школы Алена Курач адмаўляе, што Генадзя Бяду звольнілі за ягоныя палітычныя погляды:

(Курач: ) “Справа ня ў гэтым, а ў тым, што ў яго няма пэдагагічнай адукацыі. Генадзь Бяда сапраўды выкладаў хімію і біялёгію, але па адукацыі ён – вучоны аграном, скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Я, канечне, ня ўсё ведаю, але мяркую, што цяпер у школы прыходзіць шмат маладых пэдагогаў, выпускнікоў розных навучальных установаў. Іх трэба уладкоўваць. А прыналежнасьць да якой-небудзь арганізацыі – гэта, я думаю, асабістая справа кожнага”.

Намесьніца загадчыцы раённага аддзелу адукацыі Ларыса Пінчук, якая цяпер кіруе аддзелам з прычыны адпачынку загадчыцы, нічога ня ведае пра звальненьне сябра КХП БНФ Генадзя Бяды. Памятае толькі праверкі ягоных урокаў:

(Пінчук: ) “Настаўнік як настаўнік. Урокі ў яго ня самыя лепшыя. Гэта магу вам сказаць як настаўніца і правяральшчыца. Гэта памятаю. А наконт звальненьня, слова даю, нічога сказаць не магу”.

Настаўнікам у школе Генадзь Бяда працаваў 11 гадоў. Маці спадара Бяды таксама выкладае ў школе хімію і біялёгію. Наконт адмовы аддзелу адукацыі падоўжыць кантракт сам Генадзь Бяда сказаў гэтак:

(Бяда:) “Прычыны такія, як і ва ўсіх: ідыятызм рэжымнай ідэалёгіі. Я ж у дзьвюх школах працаваў. Напачатку ў Каралёвай Слабадзе. Калі школу там закрылі, мяне перавялі ў Прудкоўскую базавую школу. Усё было нармальна, нічым не выдзяляўся, а потым на беларускую мову перайшоў. Тады і пачаліся праблемы – людзей нацкавалі на мяне. Уключылі старую савецкую сатанінскую сыстэму, распачалі ціск на беларушчыну”.
XS
SM
MD
LG