Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“The Economist”: брытанскі ўрад прапануе карткі для падлеткаў


Юрась Бушлякоў, Прага Бацькі часта практыкуюць такое: за добрыя паводзіны даюць сваім дзецям болей кішэнных грошай, за дрэнныя – меней. Цяпер брытанскі ўрад хоча ўвесьці падобную сыстэму для брытанскіх падлеткаў. Аналіз гэтых плянаў пад загалоўкам “Фальшывыя грошы” публікуе часопіс “The Economist”.

З 2008 году, згодна з прапановаю ўраду Вялікабрытаніі, кожны брытанец у веку ад 13 да 19 гадоў павінен будзе мець крэдытную картку – opportunity card – з 12 фунтамі крэдыту. Бяднейшая моладзь, а таксама маладыя людзі, якія займаюцца карыснай дзейнасьцю (скажам, выконваюць сацыяльна значную работу або проста не прапускаюць школы), будуць атрымліваць болей крэдыту – мабыць, яшчэ 12 фунтаў на месяц. А вось тыя, што паводзяць сябе кепска (напрыклад, прагульваюць школу), будуць мець меней або й зусім нічога. Крэдытам можна будзе скарыстацца, каб аплаціць заняткі ў спартовых цэнтрах, урокі танцаў ці што іншае падобнае.

Гэта, піша “The Economist”, выдатны прыклад улюбёнага ўладамі інтэрвэнцыянісцкага падыходу да дзяржаўнай палітыкі. Рэалізуецца падыход у гэтым выпадку праз рынкавы мэханізм. Выглядаюць пляны, на першы погляд, прывабна. Улады падаюць вынікі акадэмічных дасьледаваньняў, якія паказваюць узаемасувязь паміж бязьдзейнасьцю й кепскімі паводзінамі. Заняткі спортам, мастацтвам разьвіваюць у маладых людзей мэтаскіраванасьць.

Але ёсьць заганы. Калі стымул да добрых учынкаў ператвараецца ва ўсяго толькі “плату”, гэта прытупляе ідэю. Шчыльнае прывязваньне добрых учынкаў да матэрыяльнага ўзнагароджаньня пагражае разбурэньнем грамадзкага духу. Як ведаюць бацькі, дзіця, якому плацяць за добрыя паводзіны, неўзабаве пачынае чакаць платы й за іншыя рэчы. Дзіўны ўжо сам факт платы маладым людзям за тое, што яны вучацца, зазначае “The Economist”.

Нават калі вы лічыце стымуляваньне дабром, сыстэма крэдытаў – ня той шлях, пры дапамозе якога трэба аддаваць людзям належнае, мяркуе аўтар публікацыі. Крэдытаваньне лёгка запусьціць, але цяжка кантраляваць. Сыстэма, як яна прапануецца ў Брытаніі, будзе дэцэнтралізаваная – дасьць мясцовым уладам і розным урадавым агенцтвам права раздаваць тое, што здаецца дармавымі грашыма. Гэта можа весьці да інфляцыі й разрастаньня завінавачанасьцяў.

Яшчэ горшае тое, лічыць аглядальнік часопісу, што схема прадугледжвае неабмежаваныя магчымасьці для ўмяшаньня ўладаў у прыватнае жыцьцё людзей. Ці будзе ўладальнікам картак дазволена скарыстаць іхныя крэдыты на шкодныя для зубоў газаваныя напоі ці цукеркі? Ці толькі на пэўныя, агавораныя ўладамі, прадукты харчаваньня? На ўсе віды кампутарных гульняў і DVD, ці толькі на маральна надзейныя?

Квазі-грошы ні ў якім разе не параўнаць з сапраўднымі грашыма. Пры свабоднай эканоміцы грошы даюць іх уладальніку свабоду: ён можа карыстацца імі, як хоча й калі хоча.

Плянаваныя брытанскім урадам крэдыты на картках, наадварот, нельга свабодна выдаткоўваць. Яны пад кантролем выпадковай чужой сілы. Фактычна яны нагадваюць ліквідаваную ў Брытаніі ў ХІХ стагодзьдзі згубную сыстэму натураплаты, пры якой фабрыканты плацілі сваім работнікам талёнамі, прыдатнымі толькі для набыцьця тавараў, выстаўленых па завышаных цэнах у фабрычнай краме. Рабочы рух з пагардаю ставіўся да гэтага. Дзіву варта, што лэйбарысцкі ўрад мерыцца ўстанавіць падобную сыстэму для маладых людзей, піша “The Economist”.
XS
SM
MD
LG