Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лукашэнка: Польшча – "для Эўропы нібыта костка ў горле"


RFE/RL Значную частку сёньняшняга выступу на ўрадавай нарадзе Аляксандр Лукашэнка прысьвяціў беларуска-польскім адносінам.

Ён, у прыватнасьці, заявіў, што “палякі ў Беларусі – іх у нас 395 тысяч – гэта нашы грамадзяне, нашы беларускія палякі. Мы іх ніколі не дзялілі, як і ўсе народы ў Беларусі. Мы самы інтэрнацыянальны народ і інтэрнацыянальная краіна", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не дазволім умешвацца ў нашы ўнутраныя справы пад надуманым пытаньнем аб "Саюзе палякаў на Беларусі", – падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы. – Мы самі ў стане абараніць інтарэсы сваіх грамадзянаў, у тым ліку і палякаў".

Паводле Лукашэнкі "беларускія палякі ў Беларусі жывуць на сваёй зямлі, яны ня хочуць жыць у Польшчы. Мы не дазволім з нашых грамадзянаў рабіць нейкіх марыянэтак. Гарматным мясам ні ў Варшавы, ні ў Вашынгтона грамадзяне нашай краіны, у тым ліку палякі, ніколі ня будуць. Хто да нас з дабром – калі ласка. Але гаспадар тут – беларускі народ", – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго, цяперашні беларуска-польскі канфлікт мае больш шырокі міжнародны кантэкст.

"Мы бачым, што вакол Беларусі ў пэўнай ступені нагнятаюцца жарсьці. Ня толькі Злучанымі Штатамі Амэрыкі, асобнымі краінамі Эўразьвязу, але і вельмі актыўна некаторымі нашымі суседзямі – Польшчай, краінамі Балтыі, а таксама дзяржавамі, што ўваходзяць у СНД " – заявіў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, у Заходняй Эўропе "ніхто не ў захапленьні ад палітыкі амэрыканцаў", і Польшча, якая сёньня праводзіць праамэрыканскую палітыку, “стала для Эўропы нібыта костка ў горле. Такую ж палітыку праводзяць Літва і Ўкраіна”– зазначыў кіраўнік Беларусі.

На яго думку дзеяньні Польшчы ў дачыненьні да Беларусі тлумачацца тым, што “Польшча тым самым вырашае свае ўнутраныя праблемы: у іх выбары, трэба на беларускім пытаньні набіць руку і прыйсьці да ўлады пэўным колам".

Кіраўнік Беларусі мяркуе, што “беларуская мадэль” робіцца прывабнай для палякаў, што надзвычай палохае палітычныя колы гэтай краіны. “Людзі ўсё больш і больш задаюцца пытаньнем: дык, аказваецца, можна і інакш – каб жабракоў не было, каб людзі нядрэнна жылі. Менавіта ў гэтым прычына нагнятаньня жарсьцяў, у жаданьні захаваць уладу ўнутры краіны, а ня ў тым, што, дапусьцім, палякі спрабуюць абараніць польскае насельніцтва ў Беларусі", – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гл. таксама • Афіцыйны Менск высылае выконваючага абавязкі амбасадара Польшчы • У.Цімашэвіч не выключае, што Польшчу ў Беларусі будзе прадстаўляць трэцяя краіна
XS
SM
MD
LG