Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля беларускай амбасады ў Вашынгтоне праводзяць пікет этыёпы


Алена Струвэ, Менск Cёньня раніцай ў Вашынгтоне, на New Hampshire Avenue, ля будынку беларускай амбасады пачалася дэманстрацыя ў падтрымку васьмі этыёпскіх пілётаў, якія папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі. Напярэдадні праваабаронцы з Этыёпіі, якія ёсьць арганізатарамі гэтае акцыі, заклікалі ўсіх сваіх суайчыньнікаў, у якой бы тыя не знаходзіліся краіне, зрабіць тэлефонныя звароты ў беларускія амбасады з просьбай не выдаваць Адыс-Абэбе ўцекачоў-авіятараў. Этыёпскія праваабаронцы занепакоеныя, што дыктатарскі рэжым Мэлеса пачаў ўжо рабіць ціск на афіцыйны Менск з мэтай выдачы Беларусьсю васьмі лётчыкаў.

Мяркуецца, што дэманстрацыя на New Hampshire Avenue распачнецца а 10-й раніцы паводле мясцовага часу і будзе працягвацца прыкладна дзьве з паловай гадзіны. Напярэдадні яе арганізатары зьвярнуліся да кіраўніцтва Вярхоўнага камісарыяту ААН у справах уцекачоў, міжнародных праваабарончых арганізацыяў з просьбай надаць адпаведную ўвагу далейшаму лёсу Фасіля Мамо (Fassil Mammo), Антэнэ Могеса (Anteneh Moges), Эйоба Гебрыміхаэля (Eyob Gebremichael), Антэнэ Мэкурыя (Anteneh Mekuria), Госа Гірма (Gossa Girma), Абдыса Бэфікаду (Abdissa Befikadu), Абдулджамара Мамы (Abduljebar Mama), Абая Бэкеле (Abaya Bekele).

Роўна месяц таму гэтыя восем лейтэнантаў авіяцыі, якія праходзілі навучаньне ў Менску, папрасілі палітычнага прытулку, матывуючы такое рашэньне небясьпекай для свайго жыцьця.

У сваім звароце, які зьмешчаны на інтэрнэт-сайце Ethiopian News Portal Nazret.com арганізатары акцыі выказваюць сваю занепакоенасьць у зьвязку з тым, што праз свайго амбасадара ў Маскве рэжым Мэлеса аказвае ціск на беларускі ўрад. З гэтае нагоды этыёпскі амбасадар быццам бы ўжо наведаў Менск і патрабаваў выдаць уцекачоў. Некалькі дзён таму Адыс-Абэбе ўжо выказала падобнае патрабаваньне ўладам Джыбуці і тыя дэпартавалі назад у Этыёпію двух лётчыкаў, якія папрасілі палітычнага прытулку.

Паведамляецца, што сёньняшнюю акцыю ля беларускай амбасады ў Вашынгтоне падтрымаюць этыёпы і ў іншых краінах. Як заявілі прадстаўнікі этыёпскай суполкі ў Маскве, нягледзячы на шматлікія пагрозы з боку ўласнай амбасады, яны таксама правядуць дэманстрацыю ля беларускай дыпмісіі ў расейскай сталіцы. Шэраг праваабаронцаў дэманструюць пэўны скепсіс што да будучага рашэньня беларускіх уладаў. На інтэрнэт-форуме Nazret.com яны называюць Беларусь бананавай краінай, вельмі падобнай на Джыбуці, а таму не чакаюць нічога добрага ад разьвіцьця падзеяў.

Тым часам намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун у размове са Свабодай паведаміў, што просьба васьмі этыёпскіх летчыкаў знаходзіцца ў стадыі разгляду і што гэтая працэдура можа цягнуцца каля году. Паводле ягоных словаў, этыёпскім авіятарам ёсьць за што ўдзячыць беларускі народ.

(Бягун: ) “Яны (лётчыкі) добра сябе пачуваюць і ўдзячныя беларускаму народу. Я не магу сказаць, дзе яны канкрэтна знаходзяцца, але пачуваюць сябе цалкам камфортна. Ніхто іх ні пад якой вартай не трымае. Яны абсалютна вольныя, ім прадстаўленае права вольнага перамяшчэньня на тэрыторыі краіны. Паводле беларускага закону, працэдура, зьвязаная з вырашэньнем пытаньня, ўвогуле можа цягнуцца год. Толькі ў выключных выпадках можам штосьці вырашыць раней. Але ўсё залежыць ад таго, якое будзе прынятае канчатковае рашэньне”.

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА ПРА ЭТЫЁПІЮ

Этыёпія – краіна на паўночным усходзе Афрыкі. Акрамя акупацыі фашыстоўскай Італіяй у 30-х-40-х гадох 20-га стагодзьдзя, Этыёпія ніколі не была нічыёй калёніяй. З 1974-га па 1991-га ў Этыёпіі панавала жорсткая марксісцкая дыктатура, скінутая ў выніку паўстаньня. У 1993 годзе набыла незалежнасьць этыёпская правінцыя Эрытрэя. Напрыканцы мінулага стагодзьдзя Этыёпія вяла вайну, спрабуючы вярнуць кантроль над Эрытрэяй. Летась сотні людзей загінулі і тысячы сталі ўцекачамі ў выніку этнічных забурэньняў у этыёпскай правінцыі Гамбэла.

Сёлета ў чэрвені ў Этыёпіі адбыліся парлямэнцкія выбары, паводле афіцыйных дадзеных перамогу на іх атрымала кіруючая партыя. У чэрвені прадстаўнікі апазыцыі правялі шэраг акцыяў пратэсту, абвінаваціўшы ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Падчас сутычак з паліцыяй былі забітыя 36 дэманстрантаў.
XS
SM
MD
LG