Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ": Задушэньне ў абдымках “закону”


Галіна Абакунчык, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 26 ліпеня.

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары паведамляе, што на 13-м годзе існаваньня “БДГ” ізноў спрабуюць закрыць. Чарговы раз гэта хочуць зрабіць тыя, з кім мы й вы вымушаныя існаваць з 1994 году. Як, адкуль і якім коштам зьявіліся тыя, хто сёньня называе сябе “правадырамі” нацыі “БДГ” ведае й піша на сваіх старонках – гаворыцца ў артыкуле. Ён называецца “Задушэньне ў абдымках “закону””.

Яшчэ адзін артыкул атрымаў назву “Несумяшчальнасьць з жыцьцём” альбо "Прыватная мэдыцына не патрэбная дзяржаўнай". Гэта аналіз падзеяў, што адбываюцца вакол некалькіх буйных прыватных мэдычных цэнтраў. Як вядома, Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў пазову “Нардзіну” да Міністэрства аховы здароўя, у справе аднаўленьня ануляванай ліцэнзіі. У аналягічнай справе чакаюць судовага рашэньня яшчэ ў дзьвюх прыватных мэдычных кампаніях “Аптымэд” і “Экамэдсэрвіс”. Аднак адмыслоўцы ня маюць ілюзіяў адносна вынікаў кампаніі супраць прыватных мэдцэнтраў – піша “БДГ”.

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары друкуе артыкул “Нацыянальная годнасьць, ад якой нельга пазбавіцца”. Гэта меркаваньні простых людзей адносна ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля. Яшчэ ў адной публікацыі газэты паведамляюцца падрабязнасьці таго, якія кадравыя зьмены на міністэрскім і амбасадарскім узроўні чакаюцца ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі.

Газэта “Камсамольская праўда ў Беларусі” ў рубрыцы “Рэха трагедыі” ставіць пытаньні: дзе адпачываць пасьля тэрактаў у Турцыі й Эгіпце? Трагедыі зь беларусамі здарыліся на Алтаі. Да таго ж, цягнікі з Крыма спазьняюцца з-за выбуху на складзе боезапасаў. У сёньняшнім нумары “Камсамолкі” аналіз турыстычных пэрспэктываў на бліжэйшы час. Сёньняшні нумар газэты зьмяшчае таксама адмысловы дадатак “Адукацыя й праца”.

Газэта “Віцебскі кур''ер” паведамляе пра зьмест чацьвёртага літаратурнага альманаха «Дзвіна. Віцебшчына літаратурная», які нядаўна пабачыў сьвет. Першая «Дзвіна» выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 1992 годзе. Плянавалася, што альманах будзе выходзіць у сталічным выдавецтве пэрыядычна. Але пляны ня зьдзейсьніліся й абласное аддзяленьне СБП вырашыла выдаваць зборнік уласнымі сіламі. У новым альманаху зьмешчаныя вершы 67 паэтаў, 15 аўтараў выступаюць з прозай, эсэістыкай, успамінамі і перакладамі.
XS
SM
MD
LG