Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этыёпскія пілёты-уцекачы ў Беларусі зноў апынуліся ў цэнтры ўвагі


Ігар Карней, Менск Сёньня ў шэрагу краінаў прайшлі акцыі ў падтрымку васьмі этыёпскіх пілётаў, якія больш за месяц таму папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі. Праваабаронцы заклікаюць беларускі ўрад не выдаваць уцекачоў этыёпскім уладам, паколькі ў такім выпадку на радзіме ім пагражае сьмяротнае пакараньне. Стала вядома, што амбасада Этыёпіі ў Расеі актывізуе намаганьні ў справе вяртаньня ўцекачоў на радзіму. Тым часам прадстаўнікі амбасады Этыёпіі ня будуць дапушчаныя да этыёпскіх грамадзянаў, якія папрасілі ў Беларусі прытулку.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі не пацьвердзілі распаўсюджаную напярэдадні інфармацыю пра тое, што амбасадар Этыёпіі ў Маскве адмыслова наведваўся ў Менск, каб пераканаць беларускія ўлады выдаць пілётаў. У самой амбасадзе гэтаксама ад камэнтароў устрымліваюцца.

(Супрацоўніца амбасады: ) “А вы не маглі б пра ўсё гэта паспрабаваць даведацца ў Беларусі? Зьвяртайцеся, калі ласка, у беларускія ведамствы. Паколькі падзеі адбываюцца там, няхай нейкая мясцовая інтэрпрэтацыя і будзе. Шукайце ў Беларусі, калі знойдзеце – добра”.

Тым часам, арганізацыя “Амэрыканскія этыёпы за дэмакратыю” заклікала Вярхоўны камісарыят ААН у справах уцекачоў тэрмінова праінфармаваць беларускі ўрад пра неабходнасьць падпарадкаваньня міжнароднаму праву адносна ўцекачоў і не дэпартаваць пілётаў, як гэта зрабілі ўлады Джыбуці.

Нагадаем, што восем лейтэнантаў этыёпскіх ваенна-паветраных сілаў папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі болей за месяц таму. Пілёты перакананыя: на радзіме іх чакае сьмяротнае пакараньне за сувязь яшчэ з двума вайсковымі лётчыкамі, якія раней на гэлікоптары ўцяклі ў Джыбуці.

Фармальна ўсе гэтыя людзі вінаватыя ў тым, што ня выканалі загад вайсковага кіраўніцтва ужыць зброю супраць дэманстрантаў. На патрабаваньне этыёпскіх уладаў Джыбуці выдала двух уцекачоў, якім, як мяркуюць этыёпскія праваабаронцы, пагражае сьмяротнае пакараньне.

Цяпер іх высілкі накіраваныя на тое, каб пераканаць беларускі ўрад не выдаваць пілётаў, якія папрасілі прытулку ў Беларусі. У зьязку з гэтым у ЗША і Расеі прайшлі пікеты ў падтрымку этыёпскіх пілётаў.

Кіраўнік менскага прадстаўніцтва Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Ільля Тадоравіч сказаў, што нават калі б этыёпскія дыпляматы і наведалі Менск, сустрэцца з самімі ўцекачамі ім ніхто не дазволіў бы.

(Тадоравіч: ) “У мяне няма ніякай інфармацыі пра тое, што амбасадар Этыёпіі наведаў Беларусь. Гэта ягоная справа – прыяжджаць у Беларусь тады, калі ён хоча. Але я магу сказаць дакладна: ніхто з этыёпскай амбасады не наведваў гэтых уцекачоў. Перадусім, яны і не жадаюць бачыць кагосьці з амбасады, таму што ўцяклі з Этыёпіі; па-другое, яны тут знаходзяцца пад абаронай ад этыёпскай улады. Таму наведваньне іх этыёпскімі афіцыйнымі асобамі, пакуль будзе разглядацца іхная справа, немагчымае”.

Зараз усе восем этыёпскіх пілётаў знаходзяцца пад апекай Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў. На маю просьбу паспрыяць у кантактаваньні зь імі Ільля Тадоравіч сказаў, што гэта, перадусім, не ў інтарэсах саміх уцекачоў.

(Тадоравіч: ) “Я не магу сказаць, дзе яны знаходзяцца. Мне трэба запытаць, ці пагодзяцца яны пагутарыць з вамі. Калі будуць згодныя, я дам вам іхныя каардынаты”.

Мяркуючы па тым, што на кантакт так ніхто і не выйшаў, этыёпскія ўцекачы пакуль у гэтым не зацікаўленыя. Разам з тым, у Дэпартамэнце міграцыі МУС паведамілі, што справы грамадзянаў Этыёпіі могуць разглядацца цягам году. Выключэньне можа быць у тым выпадку, калі МЗС Беларусі ўсё ж вырашыць выдаць пілётаў уладам Этыёпіі.

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА ПРА ЭТЫЁПІЮ

Этыёпія – краіна на паўночным усходзе Афрыкі. Акрамя акупацыі фашыстоўскай Італіяй у 30-х-40-х гадох 20-га стагодзьдзя, Этыёпія ніколі не была нічыёй калёніяй. З 1974-га па 1991-га ў Этыёпіі панавала жорсткая марксісцкая дыктатура, скінутая ў выніку паўстаньня. У 1993 годзе набыла незалежнасьць этыёпская правінцыя Эрытрэя. Напрыканцы мінулага стагодзьдзя Этыёпія вяла вайну, спрабуючы вярнуць кантроль над Эрытрэяй. Летась сотні людзей загінулі і тысячы сталі ўцекачамі ў выніку этнічных забурэньняў у этыёпскай правінцыі Гамбэла.

Сёлета ў чэрвені ў Этыёпіі адбыліся парлямэнцкія выбары, паводле афіцыйных дадзеных перамогу на іх атрымала кіруючая партыя. У чэрвені прадстаўнікі апазыцыі правялі шэраг акцыяў пратэсту, абвінаваціўшы ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Падчас сутычак з паліцыяй былі забітыя 36 дэманстрантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG