Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Цімашэвіч не выключае, што Польшчу ў Беларусі будзе прадстаўляць трэцяя краіна


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сьпікер польскага Сэйму, былы міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімеж Цімашэвіч назваў цяперашнюю польска-беларускую сытуацыю "фатальнай" і не выключае, што інтарэсы Польшчы ў Беларусі будзе прадстаўляць амбасада трэцяй краіны.

У інтэрвію польскаму радыё, на пытаньне, ці гэта магчыма, Цімашэвіч заявіў наступнае:

(Цімашэвіч: ) “Я б не выключаў такога сцэнару, бо тое, што робіцца гэта абсурд. У гэтым цалкам вінаваты беларускі бок, які абвінаваціў нашых дыпляматаў у шпіёнскай дзейнасьці. Можа гэта прагучыць крыху нахабна, але калі б мы хацелі шпіёніць у Беларусі, дык мы змаглі б знайсьці іншыя мэтады, чым падбухторваць да гэтага нашых дыпляматаў. Гэты канфлікт, у разуменьні прэзыдэнта Лукашэнкі, як мне здаецца, з аднаго боку мусіць адцягваць увагу ад сапраўдных праблемаў Беларусі, мабілізоўваць грамадзтва супраць, так бы мовіць, “зьнешняга ворага”, а гэта, як мне здаецца, сьведчаньне вялікага страху перад тым, каб у Беларусі не паўтарыўся ўкраінскі варыянт”.

Уладзімеж Цімашэвіч назваў цяперашнюю сытуацыю “фатальнай”, заявіўшы, што так не павінна быць у дачыненьнях паміж суседзямі. Сьпікер Сэйму нагадаў, што Варшава ўвесь час спрабавала быць “адвакатам” беларускіх справаў у Эўропе.

(Цімашэвіч: ) “Цягам апошніх гадоў Польшча была, нярэдка апошнім абаронцам Беларусі. Ня ў тым сэнсе, што мы баранілі гэты непрымальны палітычны рэжым, але, напрыклад, каб ня ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, каб не цярпелі людзі. Як сусед, мы намагаліся паказаць максымум разуменьня. А ў выніку гэты рэжым адплачвае нам ў такі спосаб, як мы цяпер бачым”.

На пытаньне, ці ў тым, што адбываецца цяпер, вінаваты менавіта Лукашэнка, Уладзімеж Цімашэвіч адказаў.

(Цімашэвіч: ) “Пераважна так. Але хто за гэтым стаіць -- вельмі цяжка адназначна сказаць. Мы ведаем, што ў атачэньні Лукашэнкі ідзе барацьба за доступ да ўлады ў тым ліку і сярод людзей, зьвязаных са спэцслужбамі. Там ёсьць розныя групоўкі, некаторыя зь іх, я б сказаў, бліжэй супрацоўнічаюць са службамі іншага вялікага суседа. Тут нельга выключыць інтрыгаў з удзелам зьнешняга фактару”.

Заявіў у інтэрвію польскаму радыё сьпікер Сэйму, былы міністар замежных справаў Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч.

Між тым намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Залуцкі, гаворачы аб выдаленьні чарговага беларускага дыплямата ў адказ на аналягічныя дзеяньні афіцыйнага Менску, заявіў:

(Залуцкі: ) “Мы, у адрозьненьне ад беларускага боку, ні ў якім разе ня хочам аслабляць консульскай службы беларускай амбасады, каб гэта не адбілася на якасьці консульскага абслугоўваньня палякаў”.

Раней міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльтд заявіў, што Варшава разглядае магчымасьці зьніжэньня коштаў польскіх візаў для грамадзянаў Беларусі, каб ад цяперашняй дыпляматычнай вайны не пацярпелі звычайныя беларусы.

ХРОНІКА БЕЛАРУСКА­ПОЛЬСКАЙ ДЫПЛЯМАТЫЧНАЙ ВАЙНЫ

ТРАВЕНЬ-ЛІПЕНЬ 2005

· пачатак траўня – у адказ на ўмяшаньне беларускіх уладаў у справы Саюзу Палякаў і “за дзейнасьць, несумяшчальную зь ягоным статусам” высланы з Польшчы дараднік беларускай амбасады ў справах бясьпекі, афіцыйны прадстаўнік КДБ РБ у Польшчы Г.Катовіч

· 13 траўня – БТ паказала фільм “Хто замовіў Саюз Палякаў”

· 18 траўня – у адказ на высылку з Варшавы Г.Катовіча і “за дзеяньні па дэстабілізацыі беларускага грамадзтва” высланы зь Беларусі дараднік польскай амбасады ў Менску Марэк Буцька (пакінуць Беларусь на працягу месяца)

· 15 ліпеня – у адказ на высылку зь Менску Марка Буцькі высланы з Польшчы дараднік беларускай амбасады ў Польшчы Максім Рыжанкоў (пакінуць Польшчу да 20 ліпеня, высылка адкладзеная да канца ліпеня)

· 15 ліпеня – у адказ на высылку Максіма Рыжанкова высланы зь Беларусі начальнік консульскага аддзелу польскай амбасады ў Менску Анджэй Бучак (пакінуць Беларусь да 21 ліпеня)

· 20 ліпеня – заява МЗС Польшчы: “высылка А.Бучака ўскладніць сытуацыю зь візамі для грамадзянаў Беларусі”

· 22 ліпеня – заява МЗС Беларусі пра “сьвядомую лінію Польшчы на згортваньне польска-беларускіх дачыненьняў”

· 22 ліпеня – міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд паведаміў, што з Польшчы будзе высланы яшчэ адзін беларускі дыплямат

· 24 ліпеня – БТ паказвае фільм пра шпіёнскую дзейнасьць польскай амбасады ў Менску

· 25 ліпеня – у адказ на высылку зь Менску Анджэя Бучака высланы з Польшчы дараднік беларускай амбасады ў Польшчы Мікалай

· 26 ліпеня – у адказ на высылку Мікалая Пятровіча высланы зь Беларусі дараднік польскай амбасады ў Менску Анджэй Альборскі

· 26 ліпеня – выступаючы на Польскім радыё сьпікер Сэйму Ўладзімеж Цімашэвіч ня выключыў магчымасьці, што інтарэсы Польшчы ў Беларусі будзе прадстаўляць трэцяя краіна


Гл. таксама • Афіцыйны Менск высылае выконваючага абавязкі амбасадара Польшчы • А. Лукашэнка: Польшча – "для Эўропы нібыта костка ў горле" • Прэм''ер-міністар Польшчы: з-за канфлікту пацярпець перадусім беларусы • Як беларускія палітыкі ацэньваюць антыпольскія заявы Лукашэнкі?
XS
SM
MD
LG