Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Прэзыдэнцкія выбары ня будуць праводзіцца датэрмінова”


Ул. Інф. “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ня будуць праводзіцца датэрмінова. Гэтае пытаньне нават не абмяркоўвалася. У нас ёсьць Канстытуцыя, і па ёй мы будзем працаваць. Пакуль у нас няма нават прычынаў аб гэтым гаварыць", - падкрэсьліў беларускі лідэр, выступаючы сёньня на нарадзе ў пытаньнях унутранай і зьнешняй палітыкі.

Учора сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік нагадаў, што, паводле Канстытуцыі, чарговыя прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца не пазьней за 19 ліпеня 2006 году.

На сёньняшняй нарадзе Лукашэнка распавёў таксама пра некаторыя дэталі сваіх нядаўніх перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Паводле кіраўніка Беларусі, пытаньні новай ступені інтэграцыі дзьвюх краінаў “ні ў якім выпадку ня будуць штурмавацца” да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і Расеі. “Калі мы застанемся ва ўладзе, будзем рухацца далей ў аб’яднаньні дзьвюх краінаў”, – заявіў Лукашэнка. Варта нагадаць, што дзейная Канстытуцыя Расеі не дапускае абраньня прэзыдэнтам адной асобы трэці раз запар.

Выступаючы на сёньняшняй нарадзе, кіраўнік Беларусі назваў “абсурднымі” заявы шэрагу палітыкаў пра тое, што Крэмль шукае замену Лукашэнку. “Калі б гэта было так, я б проста не сустракаўся з Пуціным” – сказаў кіраўнік Беларусі.
XS
SM
MD
LG