Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага -26 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 26 ліпеня

“Крыніца” ў 1925 годзе паведамляе з Савецкай Беларусі: “Савецкім урадам прыняты законапраект аб наданьні права на карыстаньне зямлёй для вядзеньня сельскага гаспадарства чужаземцам, належачым да працоўных і пражываючых на тэрыторыі С.С.С.Р. і карыстаючымся палітычнымі правамі згодна з канстытуцыяй Сав. Расеі. Працоўнае жыдоўскае насяленьне Беларусі, жадаючае займацца земляробствам, налічвае 6.836 сем’яў. Урадам Беларусі ўжо апрацаваны план надзяленьня зямлёй гэтых жыдоўскіх сем’яў. Да цяперашняга часу 2000 сем’яў ўжо надзелены зямлёй”.

“Знамя юности”, год 1985. Газэта піша пра ўдзельнікаў фэстывалю моладзі і студэнтаў: “Іх — шэсцьдзесят. Найлепшыя з найлепшых прадстаўляюць сёньня ў Маскве нашую рэспубліку. Гэта маладыя рабочыя, калгасьнікі, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі, камсамольскія актывісты, школьнікі і студэнты. У кожнага зь іх быў уласны шлях на фэстываль, кожны дамогся гэтага высокага права сваёй напружанай і добрасумленнай працай. І ўсё ж можна сьцьвярджаць, што гэты шлях у іх агульны. Вехамі на ім могуць лічыцца працоўныя посьпехі, высокае і шчырае служэньне мастацтву, навуковы пошук, авалодваньне ведамі. Вось яна, чалавечая рыса, што аб’ядноўвае ўсіх дэлегатаў фэстывалю зь Беларусі, рыса, уласьцівая ўсёй моладзі сінявокай нашай рэспублікі”.

“Имя” ў 1995 годзе на гэтым тыдні нагадвае: “12 жніўня заканчваецца тэрмін, адведзены для расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце зьбіцьця групы дэпутатаў у Авальнай залі… Ускладняе працэс расьсьледаваньня і адсутнасьць відэакасэты з поўным запісам тых падзеяў. Па зьвестках пракуратуры, відэакасэта знаходзіцца цяпер у прэзыдэнта, аднак Аляксандар Лукашэнка не сьпяшаецца зь ёю разьвітацца. На пытаньне карэспандэнта “И”: ці мае пракуратура намер дапытаць у якасьці сьведкі па справе зьбіцьця дэпутатаў грамадзяніна Лукашэнку, сп. Брошліс адказаў, што ў гэтым неабходнасьці няма. “У нас няма падставаў думаць, што прэзыдэнт асабіста аддаваў загад зьбіваць дэпутатаў. Наадварот, ён распарадзіўся, каб з парлямэнтарамі абышліся карэктна”, — заявіў Язэп Брошліс.
XS
SM
MD
LG