Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Запалохваюць удзельнікаў сходаў па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмсілаў


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці ўлады аказваюць моцны ўціск на актывістаў апазіцыйных партыяў, што ўдзельнічаюць у абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе будзе вызначаны адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2006 году.

Калі сходы па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў толькі распачыналіся, міліцыя прэвэнтыўна затрымлівала актывістаў. Так, у прыватнасьці, было ў Сьветлагорску. У Чачэрску апошнім часам міліцыя пайшла далей. У дачыненьні сяброў Аб`яднанай грамадзянскай партыі Аркадзя Корхава і Васіля Чытакова складзены пратаколы. Яны, маўляў, без дазволу райвыканкаму правялі сход. Не ў якім-небудзь Палацы культуры ці на пляцы, а ў прыватным доме ў вёсцы Залесьсе.

На падставе міліцэйскіх пратаколаў старшыня Чачэрскага раённага суду Галіна Каламар аштрафавала чальцоў АГП на 510 тысячаў рублёў кожнага.

(Чытакоў:) “Мая думка такая, што гэты судовы працэс цалкам палітычны. Чалавек, які думае не так, як улада, ужо злачынца”, - кажа аштрафаваны Васіль Чытакоў.

У Калінкавічах пасьля сходу па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных старшы ўчастковы, маёр міліцыі Віктар Лупач стаў рэгулярна дасылаць актывістцы АГП Людміле Краснасельскай позвы. Патрабуе, каб яна зьявілася ў габінэт №3 да намесьніка начальніка райаддзелу міліцыі Краснова дзеля гутаркі.

Запалохваньні ўжо адбіліся на масавасьці сходаў, захаваньні датаў іх правядзеньня. Распавядае намесьнік старшыні абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Кацора:

(Кацора:) “У Тураве праходзіў сход Жыткавіцкага раёну. Там, на жаль, сабралася толькі 13 чалавек. Гэта ўжо была ня першая спроба. Мабыць, ужо ня ўдасца правесьці сход у іншым, больш шырокім фармаце. Людзі неяк “зашуганы”. Я там не адзін раз быў, калі яшчэ рыхтаваўся сход. Размаўляў зь людзьмі. Яны іншым разам баяцца прыходзіць. Тым больш, што, паводле нашай працэдуры, трэба прыйсьці на сход з пашпартам, паставіць подпіс, калі атрымліваеш бюлетэнь. Гэта, на іх погляд, неяк небясьпечна, і гэта іх стрымлівае”, - распавёў адзін зь лідэраў рэгіянальнай арганізацыі АГП Спадар Кацора.

Сябра гэтай партыі з Тураву Міхаіл Козел паведаміў, што адбывалася ў мястэчку незадоўга да сходу па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў:

(Козел:) “У нас тут напярэдадні міліцыя і КГБ хадзілі і палохалі нашых людзей. Распускалі чуткі пра тое, што вось дакладна Міхаіл Козел зьбіраецца правесьці нейкі такі апазыцыйны, страшны сход”.

Паводле аповеду спадара Міхаіла, прадстаўнік спэцслужбы разам з участковым міліцыянтам па прозьвішчу Карась прыяжджаў да яго дахаты.

(Козел:) “Распытваў, хто да мяне прыяжджае, хто прыходзіць, чым я займаюся, на якія грошы жыву і г.д. Міліцыянт праверыў у мяне пашпарт і захацеў паглядзець, ці няма ў мяне чагосьці крадзенага ў хаце, у сенцах. Я адчыніў перад ім дзьверы і кажу: шукайце”!

Каардынатар сходаў у рэгіёне Андрэй Толчын зьвяртае ўвагу на пытаньне падтрымкі людзей, якія апынуліся пад уціскам за сваю палітычную дзейнасьць:

(Толчын:) “Людзі напалоханы ўсё-такі. Улады робяць сваю справу. Яны ціснуць на людзей. Мы прыехалі і паехалі, а людзі засталіся сам на сам з уладаю. І яны, мне здаецца, ня адчуваюць тую салідарнасьць, якая павінна існаваць паміж дэмакратамі. Такая салідарнасьць была ў Польшчы, і мы павінны такую салідарнасьць наладзіць”.
XS
SM
MD
LG