Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 гадоў указу аб перадачы зямлі калгасам на вечнае карыстаньне


Міхал Стэльмак, Менск Паводле гістарычнага календару, 26 ліпеня 1935 году Савет народных камісараў Беларусі прыняў пастанову пра выдачу калгасам дзяржаўных актаў на вечнае карыстаньне зямлёй. Сёньня, такім чынам, спаўняецца роўна 70 гадоў з моманту спробы чарговы раз і назаўсёды вырашыць у Беларусі зямельнае пытаньне.

Гэта была эпоха прымусовай калектывізацыі. Сталінскі рэжым для замацаваньня калгасна-саўгаснай сыстэмы прыняў пастанову, дзе яе праціўнікі абвяшчаліся “ворагамі народу”. За кражу калгаснай маёмасьці прадугледжвалася 10 гадоў турмы альбо нават вышэйшая мера пакараньня. Як сьведчаць архіўныя зьвесткі, ад гэтай пастановы пацярпела ў Беларусі каля 10 тысяч чалавек. У аграрным сэктары жорстка вынішчалася прыватнае гаспадараньне. 192 тысяч аднаасобнікаў былі гвалтам пераселеныя з хутароў у вёскі. Тады ж у падтрымку калгасаў Савет народных камісараў і прыняў дакумэнт, паводле якога за калгасамі замацоўвалася права “вечнага” карыстаньня зямлёю.

З таго часу мінула сем дзесяцігодзьцяў. Ці істотна зьмяніліся зямельныя адносіны ў цяперашняй Беларусі? Паводле сёньняшняга заканадаўства, у краіне ёсьць дзьве формы ўласнасьці на зямлю: дзяржаўная і прыватная. Статыстыка сьведчыць, што насельніцтва выкарыстоўвае для сваіх асабістых мэтаў каля 1 мільёна гектараў. Зь іх каля 400 тысяч знаходзяцца ў прыватнай уласнасьці. Гэта ў асноўным тая зямля, што месьціцца пад летнікамі і прысядзібнымі ўчасткамі. Што тычыцца зямель сельскагаспадарчага прызначэньня, якіх у Беларусі каля 6 мільёнаў гектараў, то, паводле заканадаўства, яны не падлягаюць прыватызацыі. Вось што паведаміў на гэты конт старшыня аграрнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Русы:

(Русы: ) “Калгасам і саўгасам, якія ў нас пераўтвораны ў сельскагаспадарчыя каапэратывы, зямля выдадзена ў пастаяннае карыстаньне. Яны маюць дзяржаўны акт. Выдаюць ім мясцовыя ўлады – райвыканкамы”.

Што тычыцца вышэйшага кіраўніцтва краіны, то яно лічыць цяперашнюю палітыку па зямельным пытаньні бездакорнай. Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму катэгарычна супраць прыватнай уласнасьці на сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі. Як вынікае зь ягоных неаднаразовых тлумачэньняў, гэтую зямлю тады нібыта скупяць заможныя асобы, што нэгатыўна адаб’ецца на сельскагаспадарчай вытворчасьці. Таму, мяркуючы па ўсім, пры цяперашняй уладзе чакаць кардынальнага рэфармаваньня зямельных адносін наўрад ці варта. Між тым, далёка ня ўсім грамадзянам даспадобы такая палітыка. У прыватнасьці, фэрмэрам. Гаворыць кіраўнік Беларускага грамадзкага аб’яднаньня фэрмэраў Канстанцін Ярмоленка:

(Ярмоленка: ) “У прынцыпе сялянская фэрмэрская гаспадарка можа быць любога памеру. Але тут такі падыход. Грамадзянін Беларусі ў адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам для вядзеньня фэрмэрскай гаспадаркі можа мець да 100 гектараў сельскагаспадарчых угодзьдзяў у так званым пажыцьцёвым спадчынным валоданьні. Гэта азначае, што ён можа карыстацца гэтай зямлёй і перадаць у спадчыну сваім нашчадкам. Ці хоча беларускі фэрмэр атрымаць зямлю ў прыватную уласнасьць? Калі кватэра на правах валоданьня, то любы нармалёвы чалавек захоча мець яе ў прыватнай уласнасьці. У тым сэнсе, што такая форма больш надзейная для чалавека. Тут можна, напрыклад, нікога не хаваючыся гэтую зямлю прадаць. Апошнім часам тут заварылася каша вакол унясеньня зьмяненьняў у дзеючае заканадаўства, якія выклікалі пэўную заклапочанасьць у грамадзтве. Гэтыя зьмяненьні зьвязаныя з тым, каб зямлю ў пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне фэрмэрам не даваць, а даваць толькі ўжо ў арэнду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG