Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбны Пружанам лёдавы палац?


Галіна Жарко, Менск У Пружанах, якія два гады таму пасьпяхова правялі “Дажынкі”, пачаліся падрыхтоўчыя работы па ўзьвядзеньні чарговага ў краіне лядовага палацу. Ці мэтазгодна пабудова такога дарагога спартовага аб’екта ў райцэнтры

Ва ўмовах абвешчанага тэндэру на праектаваньне лёдавага палацу ў Пружанах закладзены кошт аб’екту – 5-7 мільярдаў рублёў і адным з патрабаваньняў з’яўляецца кароткія тэрміны будаўніцтва . У верасьні плянуецца пачаць работы на нулявым цыкле, а ў 2006 – крыты каток павінны ўжо эксплюятавацца. Месца для будаўніцтва выбранае непадалёк ад раённай бальніцы.

Алімпійскі чэмпіён, былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч лічыць, што маштабы будоўлі і Пружанаў несупастаўныя. І так па ўсёй краіне. Спадар Парфеновіч нагадаў: у знакамітым Шклоўскім раёне, у школе разьлічанай на 800 вучняў, вучыцца толькі 400.

(Карэспандэнт: ) “Хто ж там будзе катацца ў Пружанах?”

(Парфеновіч: ) “Ну хто? Мэханізатары. Даяркі. Адпрацуе зьмену і пойдзе на каньках катацца... А дзе браць грошы, каб утрымліваць гэты палац? Патрабуе шмат электраэнэргіі. Чаму не пабудаваць залю барацьбы ці дзюдо? У нас ёсьць адзін хакеіст. А больш нікога няма. Трэба каб спорт быў даступны для дзяцей”.

Нават у сталічных, гэтак званых спальных мікрараёнах, часта няма аніводнай дзіцячай спартовай школы. Гэта засмучае трэнэра па боксе Анатоля Ліса.

(Ліс: ) “Вялікія аб’екты – для сусьветных чэмпіянатаў. Гэта добра. Але для дзяцей… На гэтыя грошы – ды болей маленькіх зальчыкаў. І лёгкая атлетыка, і барацьба… Тады будзе вынік сусьветнага ўзроўню. Калі будзе масавасьць. А такія вялікія аб’екты, мне здаецца, і ня трэба”.

Што можна набыць за 5-7 мільярдаў рублёў – гэта прыкладна 3 з паловаю мільёны даляраў? Пытаньне да эканаміста. Леанід Заіка лічыць, што ў межах Пружанаў – гэта вельмі шмат. Але ў параўнаньні, напрыклад, зь яхтаю Абрамовіча – дробязь. Яхта Абрамовіча – губэрнатара Чукоткі каштуе 200 мільёнаў даляраў.

(Заіка: ) “Для беднай Беларусі – гэта вельмі шмат. Можам палічыць. Калі купіць кампутары па 500 даляраў. Прыкладна 6 тысяч кампутараў. Кожнаму школьніку Пружанаў – па кампутары”.

(Карэспандэнт: ) “Больш эфэктна будзе выглядаць лядовы палац...”

(Заіка: ) “Калі мы выгадуем добрых хакеістаў, мы будзем прадаваць іх у Канаду. Мяркую, што Аляксандар Рыгоравіч думае менавіта так. Па 10-15 мільёнаў даляраў. Будуць прыяжджаць трэніравацца хакеісты з Чэхіі, з Фінляндыі...”

Суразмоўца кажа: гэта дужа нагадвае шахматны турнір у Васюках, апісаны Ільфам і Пятровым. Але шахматны палац – застаўся ў мастацкім творы. А лёдавыя палацы ў Беларусі – рэч рэальная. Меркаваньне пісьменьніка, які шмат падарожнічае па мястэчках, Сяргея Законьнікава.

(Законьнікаў: ) “Добра, з аднаго боку, што заняліся малымі гарадкамі. Але мне гэта нагадвае “пацёмкінскія вёскі”. Калі ў мястэчку пабудуецца лядовы палац, альбо палац культуры, а вакол – нядобраўпарадкаваныя вуліцы, дык той палац будзе глядзецца нечым чужым. Ня тым, што трэба для гэтага мястэчка. Не магу разабрацца, хто прымае дзяржаўную праграму, зьвязаную з такім новабудоўлямі. Здаецца, не было талковага абмеркаваньня з улікам магчымасьцяў рэспублікі і патрэбы мястэчак. Многае робіцца спантанна. Я сустракаюся са спартоўцамі, гутару з трэнэрамі. Тое нават што ёсьць са спартовых збудаваньняў на сёньня недагледжаныя. Мала адпускаецца грошай на ўтрыманьне таго, што ёсьць”.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі мяркуе так:

(Харэўскі: ) “Эксплюятацыя такіх калясальных будынкаў – ад ацяпленьня да аплаты пэрсаналу робіць іх проста непатрэбнымі. Літаральна можа гадоў праз 10 гэтыя лёдавыя палацы будуць пераробленыя на бізнэс-цэнтры ці на аграмадныя супэрмаркеты. Не прападзе гэты бэтон. Улады дэманструюць сваё ўяўленьне і пра Беларусь, і пра яе будучыню… Яны ўяўляюць сабе, што будзе краіна чэмпіёнаў па хакею. Іншыя прыярытэты не існуюць. Шкада, калі побач руйнуюцца сапраўдныя помнікі архітэктуры. Непадалёк ад Пружанаў – Ружаны. Унікальны палац Сапегаў. Неўзабаве мы згубім гэты помнік. Калі казаць на пэрспэктыву, ён бы і акупіўся. Праежджыя праз Беларусь падарожнікі захацелі б паглядзець, пафатаграфавацца каля палаца Сапегаў”.

Мяркуецца, што Пружаны стануць першым райцэнтрам, дзе зьявіцца свой лёдавы палац.
XS
SM
MD
LG