Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Шкада, што ён не чытае нашых лістоў, наш Лукашэнка"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 25 ліпеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) "Наконт гістарычных помнікаў ў нашай рэспубліцы. Напрыклад, у гарадзкім пасёлку Ружаны ёсьць палац Льва Сапегі. Ён выглядае надта дрэнна, хоць і знаходзіцца ля самай дарогі – і шмат людзей, і турыстаў, якія едуць, бачаць яго стан. А ўнутры яго шмат сьмецьця, стаіць непрыемны пах, месцамі сьцены – магутныя сьцены – абапіраюцца на станчэлыя, выбітыя ці то ад часу, ці то наўмысна апоры. Мне здаецца, што такія адносіны да старажытных помнікаў адлюстроўваюць нашую агульную культуру, нашу самасьвядомасьць – ад шараговых людзей, што кідаюць там сьмецьце, і да нашых уладаў, якія не клапоцяцца пра стан гэтых помнікаў. Бо гэта, ў прынцыпе, наш твар. Я думаю, што ружанскі помнікі, палацы Льва Сапегі павінны рэстаўравацца неадкладна, бо час іх імкліва разбурае. Дзякую за ўвагу".

(Спадар: ) Вельмі шаноўнае панства! Адказваю на ваша пытаньне. Асабіста я падтрымліваю ўкраінскую ўладу, якая адмяніла антынародныя выканаўчыя функцыі ДАІ на дарогах Украіны. Напрыклад, беларуская ДАІ цалкам карумпаваная, і займаецца відавочным адыманьнем грошай у нашага народу. Здараецца, нават выбіраюць зь мясцовых кіроўцаў таго, хто ім не даспадобы па тых ці іншых прычынах – і спыняюць яго аўтамабіль, увесь час стараюцца да чаго-колечы дачапіцца й аштрафаваць. Я вось раней неяк езьдзіў – у мяне ззаду ў машыне стаяў наш сьцяг, бел-чырвона-белы, дык мяне ўвесь час спынялі, чапляліся і штрафавалі. Трэба ўсё рабіць, як у Нямеччыне. Я памятаю, як раней езьдзіў у Нямеччыну – там, калі ты не парушаеш, ніхто цябе ніколі ня спыніць. Паліцыя, канечне, езьдзіць па дарогах, але не хаваецца па кустах, як у нас. І яшчэ там усюды стаяць на аўтабанах відэакамэры, і народ там паслухмяны законам – пры сур’ёзных парушэньнях яны выклікаюць паліцыю. Так што я за тое, каб было як ў Эўропе і ЗША. І нам трэба пераходзіць да назвы “паліцыя” – на лаціне гэта значыць “спакой”. Пара ўжо ад міліцыі гэтай адмовіцца. Паліцыя, як ва ўсім сьвеце. Дзякую за ўвагу".

(Спадар: ) "На двух пытаньнях я хацеў бы спыніцца. Ня так даўно Лукашэнка даў інтэрвію тэлебачаньню, расейскай праграме ТВЦ. Камэнтаваць – ні сілаў, ні здароўя ня хопіць. Палітграмата для вучняў пачатковых клясаў, і тое – там мацней. І казаць няма чаго пра гэта. Гэта першае. Другое. Ёсьць такая перадача – “Экспэрт”, і чамусьці наша беларускае тэлебачаньне ўрываецца туды – у канал “Расія”, яшчэ ў іншыя. Добры такі малады чалавек вядзе “Экспэрт” – да яго ніякіх пытаньняў няма. Пытаньні толькі да таго, пра што ён гаворыць. Вось, да прыкладу, адно з пытаньняў: як тлумяць галаву, і як хлусьнёй займаюцца. Гэта ж па тэлебачаньні, я не зьбіраю там нешта – вось, я ж бачу, і вось гляджу па сабе – пэнсія беларусаў да канцалецьця пабольшыцца на сорак сем адсоткаў. Паўстае пытаньне: да якога гэта моманту, і – дзе база, адкуль бяруць сорак сем адсоткаў? З 1913 года, ці што? Не разумею. Таму што ведаю: мая пэнсія, за гэтае "вялікае" дзесяцігодзьдьзе – каб яго – паменшылася больш чым у пяць разоў – я маю на ўвазе, па сваім ужытковым якасьцям, па тым, што я мог набыць на тую сваю пэнсію. Больш чым у пяць разоў яна зьменшылася. Дык пра які “рост” можна казаць?"

(Спадар: ) "Я хацеў бы, каб паставілі такое пытаньне – можа, на гэтым тыдні, ці на іншых – ці патрэбна нам адзначаць на дзяржаўным узроўні перамогу над крыжакамі ў 1410 годзе, Грунвальдзкую бітву? Дзякую".

(Спадар: ) "Вось учора я паслухаў – не зусім у поўным аб’ёме, але частку размовы Паўцова, гэтага расейскага журналіста, з нашым прэзыдэнтам. Вось паслухаў учора – і мне стала сорамна за тое… Быццам бы так: адзін прыехаў і ходзіць па палях, як той купец, кругом прыглядаецца, як нашы людзі, як нашы палі – ну купец, “купчык” такі. А ўжо наш прэзыдэнт – гэта ж сорам – апраўдваецца ўсё, усё даводзіць, што ён і так робіць добра, і гэтак добра робіць, і гэтак... Ну і намёкам – а ў вас не, нешта ня тое – нібыта бачыць наперадзе магчымасьць пасаду заняць, а тут нібыта ўсё робіць, каб усё ішло добра. Але ж добра не ідзе – плачуць сяляне, што мала грошай… Ды і наогул – няма сялянства, няма культуры. І – ніводнага ж слова пра нашу культуру – хоць бы закранулі, што ёсьць у нас і беларускія сымфоніі, і беларуская клясыка, і беларуская літаратура, якая на Нобэлеўскія прэміі высоўваецца, і гэтак далей. Ніводнага ж слова. І сам прэзыдэнт нідзе не сказаў, нідзе не пахваліўся – хоць бы слоўца вылецела – “прабачце”, ці “дзякуй” там – вось якія мы добрыя хлопцы. Ну, гэта проста была ганьба, бач Божа".

(Аркадзь: ) "Якой веры трымаецца Гілары Клінтан? Ці належыць яна да якой-колечы царквы і што вы можаце паведаміць наконт ейнага рэлігійнага сьветабачаньня? Дзе можна набыць мэмуары Гілары Клінтан і Біла Клінтана па-расейску?"

(Марыя Іванаўна Бартоць: ) "Хачу сказаць, што вельмі цяжка жывецца на сяле пры камандзе нашага прэзыдэнта Аляксанда Рыгоравіча Лукашэнка. Просты народ цяжка жыве, бяспраўна. Я хачу, каб да Аляксанда Рыгоравіча даходзілі нашыя лісты, але ж ён не чытае і не жадае чытаць. Так ужо цярпець больш немагчыма. Што рабіць далей – не ведаю. Проста ў роспачы ўвесь народ. Няма праўды. Адзін тут вось цар знаходзіцца ў вёсцы, і камандуе, як хоча. Вось і ўся справядлівасьць. Судоў няма. Як хочаш, так і жыві. Калі гэта ўжо скончыцца, проста не ведаю. Шкада, што ён не чытае нашых лістоў, наш Лукашэнка. Шкада".

(Марыя Іванаўна Бартоць: ) "Хачу зьвярнуцца да Аляксанда Рыгоравіча Лукашэнкі. Мы пішам вам лісты, я, Бартоць Марыя Іванаўна, дасылаем лісты – можа дзесяць лістоў ужо паслала – ніхто не чытае іх, адсылаюць туды, дзе топяць цябе. Дык што, калі вы будзеце чытаць лісты? Будзеце толькі ўзнагароджваць? А людзі як жывуць? Вас зусім гэта не кранае, не цікавіць – калі вы не чытаеце лістоў. Я дашлю вам яшчэ адзін. Пачытайце і падумайце, як нам цяжка, калі вы не гледзіце свой народ. Я дасылаю лісты – яны адсылаюцца туды, дзе цябе за чалавека не лічаць. Калі не лічаць нас за людзей, то трэба ўжо падумаць, як далей нам жыць. Падумаць, сур’ёзна падумаць, усім разам. Усяго найлепшага".

(Марыя Іванаўна Бартоць, вёска Квасоўка, Гродзенскі раён: ) "Злучацца з расейцамі не хачу – ні ў якім разе. Яны і так у нас адчуваюць сябе гаспадарамі нашай беларускай зямлі, а мы для іх – ніхто. Жывы прыклад. Я адпрацавала ў школе сорак гадоў, мужык – інжынэрам, а кватэру прыватызавалі Калганавы, з Расеі. З Расеі, а не сям’я беларускай інтэлігенцыі. Усё жыцьцё мы адпрацавалі тут, на сваёй зямлі, горбіліся. А павагу – дык толькі расейцам з Расеі".

(Спадар: ) "Я наконт адраджэньня вёскі. Гэта ўвогуле добрая справа, я некалі быў сябрам камісіі, якая распрацоўвала гэтыя мерапрыемствы, у свой час. Што трэба вёсцы? Тэхніка, найперш – каб ураджай быў, каб зарабіць можна было, і людзям было і тым і тым добра. І заробак нармальны, каб годна жыць. Ні таго, ні таго няма. Чаму: вось цяпер цэлы ранак перадаюць сельскагаспадарчыя навіны па нашым тэлебачаньні. Пачалася зьбіраньне ўраджаю – прыбірае у асноўным “Дон” – як сказаў спэцыяліст, 1989-га года выпуску. Ён ламаецца, яму кепска – вось вам і адраджэньне сяла. "Гомсельмаш" – а дзе астатнія? Ён кажа, трэба набываць тэхніку з-за мяжы, яна добрая, няхай нават і карыстаная. Але своечасова мы не набылі, цягнецца там, доўга афармляць… Дык афармляйце ўзімку, каб было нармальна. Вось вам адраджэньне сяла – “ліпа”. Як усюды, хлусьня".

(Спадар: ) "Хачу прынесьці спачуваньні ўсяму эгіпецкаму народу і ўсім людзям дабра, у зьвязе з такім страшным зьдзейсьненым тэрактам. Каралеўства нябеснае ўсім загінуўшым людзям, ні ў чым не вінаватым людзям. Хачу сказаць усім тэрарыстам і тым, хто за імі стаіць: усё адно мы вас зьнішчым, і мір будзе на нашай плянэце, будзе, я ўпэўнены. І ўсе краіны мусяць зьяднацца супраць гэтага зла, супраць д’ябла – тэрарызму. Дзякую за ўвагу".

(Спадарыня: ) "Правяраючы пошту, гарадзкія ўлады паабяцалі мне купіць вольны і цёплы дом, калі я яго знайду. Я яго знайшла ўжо больш за шэсьць месяцаў таму. Нашы гарадзкія ўлады не жадаюць мне набыць той дом, які я знайшла, яны хочуць мне набыць той дом, які яны мне знайшлі. А той аварыйны, такі самы стары, як і мой. І вось прыйдзе восень, а за восеньню – зіма, а я, шматдзетная маці з трыма малымі дзецьмі, мушу мерзнуць у старым доме, якому 150 гадоў. Матывуюць такое набываньне тым, што выдзяляюць мне дужа малую суму грошай – 6 тысячаў даляраў, а што я магу набыць, калі ў нас у Наваградку дамы каштуюць 18-25 тысячаў даляраў. Зьвярталася да прэзыдэнта, на радыё – мне ніхто не даў ніякага адказу. Прыйшла на прыём да нашага “кулака” – і пачула адказ, што Лукашэнка і яго паплечнікі сьмяюцца з таго, што я прашу іх грошай на набыцьцё дома. Яны кажуць “купляй сама”, але дзе я магу купіць, калі я інвалід. Мне не хапае маёй пэнсіі нават на пражыцьцё самой. Кошты ў крамах вельмі высокія. Хлеб каштуе 860 рублёў, а пэнсія – 80 тысячаў рублёў. Хіба я магу нават сама пражыць, не толькі што дом набыць. Дзякую".

(Спадар: ) "Нам кажуць: Няма расейцам бліжэй народа, чым беларусы. Гэта хлусьня, якую нам навязваюць. Пра тое сьведчаць гістарычныя факты. Беларускую народную рэспубліку задушылі маскоўскія бальшавікі. А Слуцкае паўстаньне хто разграміў? А хто павесіў Кастуся Каліноўскага? Гэта зрабілі расейцы. І хлусіць ня трэба – Расея тры разы дзяліла нашую бацькаўшчыну, а калі быць дакладным, то зямля беларуская для маскоўскіх “чынуш” ўвесь час была падменнай манэтай. Беларусы добра ведаюць, як выглядае іх “сябра”. Словаблудзтва не дапаможа".

(Спадар: ) "Расея неаднаразова дзяліла нашую гістарычную радзіму, Рэч Паспалітую, і дзяліла яе як захопнік, ня сябра. Расея для Беларусі – гэта гістарычны паглынальнік нашых земляў, а нас увесь час імкнуцца далучыць да яе, каб зьнікла наогул сама назва краіны, як гэта робяць зь беларускай мовай. Далучаюць да Расеі, нібыта Расеі не хапае сваёй, уласнай тэрыторыі. Нічога добрага ад Масквы Беларусь не бачыла. Наадварот – былі адны беды і пакуты. Дзякуй Богу, няма СССР, а значыць, жыве Беларусь! Стварэньне саюзнай дзяржавы зь Беларусі і Расеі зноў зьнішчыць незалежнасьць Беларусі і ліквідуе яе самастойнасьць у чарговы раз. І зноў сыбірскія лягеры і турмы стануць прытулкам беларускіх вязьняў".

(Спадар: ) "Кіраўнікі Расеі і Беларусі выступаюць супраць фінансавай дапамогі палітычным партыям з-за мяжы. Іх мэта – захаваць сваю ўладу любым шляхам, перашкаджаючы іншым займацца палітычнай дзейнасьцю. Іх паводзіны не зразумелыя: і самі шкодзяць усімі захадамі – ствараюць перашкоды, выдаюць законы, указы супраць апазыцыі, і не дазваляюць скарыстаць замежную дапамогу. Чаму яны самі не адмаўляюцца ад фінансавай замежнай дапамогі ў галіне прамысловасьці, эканомікі? Вось вам палітыка падвойных стандартаў, пра якую яны самі галосяць. Ім – можна, а іншым – нельга".

(Спадар: ) "Краіну з дыктатарскім рэжымам улада заве сувэрэннай краінай зь яе нутранымі справамі. Якія могуць быць нутраныя справы ў дыктатуры? Як лепей душыць апазыцыю, ствараць правакацыі і шматлікія забароны? Або ўчыняць розныя зьдзекі?"

(Мікалай Бельскі: ) "Другі месяц, як на мой тэлефонны нумар нельга дазваніцца, пасьля таго, як адрамантавалі блакіравальнік паралельнага тэлефона ў аднавяскоўца. Паважаныя спадары сувязісты сельненскага вузла сувязі АТС “Полымя”! Прабачце мяне, але я ня ведаю дакладна, што мне рабіць пасьля паведамленьня, што да мяне няможна дазваніцца; пасьля абавязку прывезьці рамонтніка сувязі на месца рамонту і адвезьці яго назад; паслья таго, як я езьдзіў у горад да начальства і тэлефанаваў, пасьля таго, як вы абяцалі хутка зрабіць і яшчэ паўмесяца робіце ўсё той жа блакіравальнік – скажыце, што мне рабіць далей? Калі пачулі мяне, тэлефануйце на “Свабоду”, бо да мяне, ведаеце, не дазваніцца.

І яшчэ адно паведамленьне. На мінулым тыдні ў саўгасе нашага раёна пахавалі мужыка, які рабіў апошнюю справу – труціў каларадзкіх жукоў, пасьля чаго яго забірала “хуткая”. Пражыў мужык 41 год. Я сам яго бачыў – першы і апошні раз. Дзякую за ўвагу".

(Яцкевіч Аляксандар Анатольлевіч зь Віцебска: ) "У мяне такая інфармацыя. Каторы раз па нашым тэлебачаньні беларускім ідзе рэкляма “Сярожам”, каторы робіць касмэтычныя апэрацыі. У мяне ёсьць усе дакумэнты, у мяне ёсьць сынок, якому зуродавалі вушка. Уся гіерархія гэтых жулікаў і бандытаў збудавалася да самога прэзыдэнта, і ён яе прыкрывае. Таму што кажуць, што паводле пэўных дадзеных, жонка нейкага міністра нашага прэзыдэнта патрануе лячэбны працэс пры адміністрацыі прэзыдэнта. Нават калі я напісаў Віктару Шэйману – і ён ня змог дапамагчы разабрацца. Паводле закону, апэрацыя зроблена правільна. Зуродавалі хлапчаня – страшна глянуць. Памеры вушка зьменшылі на 10 міліметраў, яно хаваецца пад валосікі. Гэта страшна глядзець, ня можа чалавек глядзецца ў люстэрка. Патрэбна ўсю гэтую шайку раскрыць, і як мага хутчэй. Можаце проста перадаць у эфір маю гаворку".

(Спадар: ) "Аўганская вайна Савецкага Саюза – ганебная вайна, не зьвязаная з абаронай Радзімы. І ганарыцца тут няма чым. Няма тут абаронцаў радзімы, і ніякай вялікасьці тут няма, а таму сьвята, дзень памяці жаўнераў-інтэрнацыялістаў, недарэчнае. Калі памятаць пра гэтую вайну, то як пра злачынную вайну".

(Спадар: ) "Лічу, што сьмяротную кару трэба адмяняць – таму, што сама ўлада, пануючы рэжым – тым больш дыктатарскі – ствараюць умовы для росту злачыннасьці. Тут прамая сувязь. Чалавек нараджаецца нявінным, а рэжым, умовы жыцьця з гэтага дзіцяці ствараюць злачынца. Чыя віна ў карупцыі? Уладаў, пануючага рэжыму. Чыя віна ў тэрарызьме? Самога дыктатарскага, тэрарыстычнага рэжыму. Чыя віна ў існуючых праблемах грамадзтва? Самой ўлады, дзяржавы. Якая ўлада, такая і злачыннасьць. Зьбіцьцё амапаўцамі мірных дэманстрацый – гэта адзін з этапаў выхаваньня дзяржавай злачынцаў".

(Слухач Зіноўеў: ) "На закрыцьці “Славянскага базара” Леў Лешчанка сказаў: “Вітаю працоўны Віцебск”. Ну, я мяркую, што выканкамаўская намэнклятура і міліцэйскія начальнікі зь сем’ямі сярод гледачоў павінны перадаць вітаньні працоўнаму Віцебску… Ён мог бы спытаць, ці да “базара” працоўнаму Віцебску ў свайго калегі Вячаслава Дабрыніна. Якраз будаўнічая брыгада з-пад Віцебска мінулым летам працавала на лецішчы ў Вячаслава Дабрыніна пад Масквой. Паколькі там было колькі чалавек зь Лёзна, я гэты факт ведаю, і хачу сказаць, што які працоўны Віцебск там Леў Валяр’янавіч пабачыў. А лёзьненскім работнікам, якіх ганяюць з калгаса ў калгас, тым больш не да “Славянскага базара”. Заробкі зусім мізэрныя. Гэта я сам ведаю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG