Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былое кіраўніцтва Саюзу палякаў спрабуе паўторна склікаць зьезд СПБ


Сяргей Астраўцоў, Горадня Былое кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) робіць спробу паўторна склікаць 6-ы зьезд СПБ. Старшыня Галоўнай рады Саюзу мінулага скліканьня Канстанцін Тарасевіч разаслаў запрашэньне яе сябрам сабрацца 27 ліпеня ў Доме польскім у Шчучыне, каб вырашыць пытаньне аб правядзеньні зьезду. У Галоўнай радзе 35 чалавек, для кворуму патрэбна 18.

Старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс схільная лічыць спробы паўторна правесьці 6-ы зьезд арганізацыі — правакацыяй з боку ўладаў, імкненьнем кіраваць грамадзкай арганізацыяй і яшчэ больш падзяліць польскае асяродзьдзе.

Яна зазначае, што мясцовыя ўлады апрацоўваюць сябраў Галоўнай рады: адным прапануюць транспарт, каб паехаць на паседжаньне ў Шчучын, іншым — нават пагражаюць.

(Борыс: ) “Па-першае, ліст падпісаны Тарасевічам, а Тарасевіч ужо не зьяўляецца старшынём Галоўнай рады. Па-другое, да нас тэлефануюць людзі, якія былі ў Галоўнай радзе мінулага скліканьня і абраны таксама ў новую Раду, яны нас інфармуюць аб тым, што ім кажуць: што калі яны ня возьмуць удзелу ў пасяджэньні Рады, дык будуць нават папросту звольненыя з працы”.

У Саюзе палякаў лічаць, што падтрымка ў былога кіраўніцтва сярод сябраў Галоўнай рады недастатковая, каб прыняць рашэньне аб паўторным скліканьні зьезду, аднак некаторых зь іх могуць застрашыць і змусіць удзельнічаць у Радзе.

А вось што мяркуе сам Канстанцін Тарасевіч, які склікае сябраў Галоўнай рады на паседжаньнеў Шчучын:

(Тарасевіч: ) “Мы нікога не агітуем, нікога не змушаем і нікога ня просім. Дэмакратычным спосабам запрасілі. А як ня будзе кворуму, тады дамо адказ міністэрству юстыцыі, што кворум сабраць не ўдалося, таму што я ведаю, што зь мінулай Рады ў новую абраны 17 асобаў і гэтыя 17 асобаў не прызналі рашэньне міністэрства юстыцыі наконт нелегітымнасьці апошняга зьезду”.

Спадар Тарасевіч гаворыць, што нічога ня ведае аб фактах апрацоўкі ўладамі сябраў былой Галоўнай рады, каб яны ехалі ў Шчучын і вызначалі — калі паўторна правесьці зьезд Саюзу палякаў. Але ён зазначае, што ведае аб тым, што многія не захочуць удзельнічаць у гэтай справе. Паводле ягоных падлікаў, існуе шанец сабраць максымум 16 чалавек, але тады ніякае рашэньне прынятае быць ня можа, гаворыць ён. Тым жа часам Канстанцін Тарасевіч падкрэсьлівае, што фармальна ён мусіць правесьці гэтае паседжаньне сваёй Рады, бо гэтага патрабуе міністэрства юстыцыі.

***

12 траўня Міністэрства юстыцыі РБ прызнала несапраўднымі вынікі апошняга 6-га зьезду СПБ, на якім было абрана новае кіраўніцтва на чале з Анжалікай Борыс. Адначасова Мін''юст прызнаў легітымным былога кіраўніка СПБ Тадэвуша Кручкоўскага і заклікаў яго паўторна правесьці зьезд. Паводле Статуту СПБ пытаньне аб скліканьні зьезду — у кампэтэнцыі Галоўнай рады.
XS
SM
MD
LG