Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У амэрыканскай хакейнай лізе НХЛ скончыўся лакаўт, пачаўся драфт 2006


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Аматары хакею з шайбай ва ўсім сьвеце гэтымі днямі атрымалі добрую навіну – адновяцца гульні ў найбольш прэстыжнай хакейнай лізе сьвету – НХЛ.

Паўночнаамэрыканская хакейная ліга (скарочана НХЛ) пазбавілася апошняй перашкоды на шляху да адкрыцьця сэзону 2005-2006 гадоў. Рада кіраўнікоў НХЛ аднагалосна ўхваліла новае працоўнае пагадненьне з Асацыяцыяй гульцоў лігі – гэтак завецца “нхлаўскі” прафсаюз. Такім чынам завершаны 300-дзённы лакаўт, з-за якога прыйшлося адмяніць сэзон 2004-2005 гадоў.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі з нагоды ратыфікацыі калектыўнай дамовы на 6 гадоў камісар НХЛ Гэры Бэтмэн запэўніў заўзятараў, што вярнуўшыся на лёд, каманды лігі будуць “гуляць яшчэ лепш, чым раней” і кампэнсуюць заўзятарам страты, якія тыя адчулі з-за адмены сэзону.

Калі казаць пра працяглую спрэчку паміж кіраўніцтвам НХЛ і гульцамі лігі, дык, як адзначаюць спартовыя камэнтатары, яна скончылася яўнай перамогай гаспадароў прафэсійных хакейных клюбаў. Прафсаюз гульцоў вымушаны пагадзіцца на вызначэньне максымальнага ўзроўню заработнай платы, які складзе 39 мільёнаў даляраў у год на адзін клюб. Мінімальная мяжа такога заробку – 21,5 мільён даляраў.

Новае пагадненьне гарантуе гульцам 54% агульнага даходу лігі, які складзе ў новым сэзоне прыкладна 1 мільярд 700 мільёнаў даляраў.

Гэры Бэтмэн заявіў, што сэзон адкрыецца 5 кастрычніка і выказаў упэўненасьць у “Бліскучым будучым” НХЛ.

Між тым ужо пачаўся так званы “драфт” – штогадовае разьмеркаваньне гульцоў па клюбах. Паколькі скасаваны сэзон ня даў магчымасьць клюбам вызначыць чарговасьць удзелу камандаў у гэтым працэсе, дык у першыню ў гісторыі НХЛ была праведзеная жэрабя.

Права выбіраць першым атрымаў клюб “Пінгуінз” зь Пітсбургу. Найбольш прывабны з маладых хакеістаў сёлета – 17-ці гадовая зорка канадзкага хакею Сыднэй Кросбі.

Працэдура выбару новых гульцоў пачнецца 30 ліпеня ў Атаве.
XS
SM
MD
LG