Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка-Пуцін: “Саюз па замоўчваньню”


Галіна Абакунчык, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 25 ліпеня.

Сёньня з друку выходзяць два незалежныя штотыднёвікі “Беларуская газэта” і “Беларускі рынак”. Абедзьве газэты аналізуюць нядаўні візыт у Маскву Аляксандра Лукашэнкі. “Вайскова–тэхнічныя аспэкты ўзаемадзеяньня Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі зьяўляюцца асновай для супрацоўніцтва ў іншых галінах” – такі загаловак мае артыкул у “Беларускім рынку”. Аўтар мяркуе, што сустрэча ў вярхах была зараньне сплянаваная й падрыхтаваная. “Беларуская газэта” вылучае такія асноўныя паказьнікі візыту ў Маскву, як неспядзяваны для Лукашэнкі й максымальна закрытыя перамовы. Артыкул называецца “Саюз па замоўчваньню”.

“Беларуская газэта” ў рубрыцы “Візаві” друкуе інтэрвію зь лідэрамі двух палітычных партыяў: Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алегам Багуцкім і Беларускага народнага фронту Віктарам Івашкевічам. Абодва палітыкі адказваюць на пытаньне: ці прысьпешаць 24 мільёны даляраў беларускую рэвалюцыю. Гаворка вядзецца пра грошы, выдзеленыя Кангрэсам ЗША на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Кіраўнік Грамады заяўляе, што гэтая дапамога выкарыстоўваюцца неэфэктыўна, то бок – грошы раскрадаюцца. Лідэр БНФ перакананы, што ў партыях гэтых грошай ня бачаць. Паводле спадара Івашкевіча, пра вінавачаньні ў крадзяжах заяўляюць тыя, у каго “вочы зайздросныя”.

Яшчэ адзін артыкул, якія зьмяшчае сёньня “Беларуская газэта” называецца “Голуб шызы”. Паводле аўтараў, так да сваіх падначаленых зьвяртаецца прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка. І далей аналізуецца прэзыдэнцкае распараджэньне пра расфармаваньне ўкраінскага ДАІ. У паведамленьні таксама падаюцца падрабязнасьці беларуска-украінскага інцыдэнту ў зьвязку з уцёкамі ў Беларусь былога кіраўніка Кіеўскай вобласьці Анатоля Засухі. Пра гэта, як вядома, заявіў міністар унутраных справаў Украіны. Гэтыя дзьве тэмы ў газэце абмяркоўваюцца з удзелам рэдактарам “Кіеўскага тэлеграфа” Уладзімера Скачко.

У артыкуле “Дырэктарат у экстазе” “Беларуская газэта” прыводзіць маніторынг ацэнкі эканамічнага становішча краіны дырэктарамі прадпрыемстваў. Станоўча эканамічную сытуацыю ў Беларусі ацэньваюць толькі 22,6% кіраўнікоў прадпрыемстваў – паведамляе “Беларуская газэта”.

“Беларускі рынак” друкуе інтэрвію з прарэктарам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімерам Дунаевым. Як вядома, гэтая навучальная ўстанова была зачыненая ўладамі Беларусі ў мінулым годзе й сёлета яе дзейнасьць распачала аднаўляцца ў сталіцы Літвы. Зараз гэта будзе літоўскі ўнівэрсытэт для беларускіх студэнтаў, якія здолеюць навучацца там бясплатна. Уладзімер Дунаеў распавядае пра зьмены ў адноўленым ВНУ паводле навучальных плянаў і праграмаў, пэрспэктываў для будучых студэнтаў. Артыкул называецца “Унівэрсытэт-эмігрант”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG