Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не задаволіў касацыйнай скаргі “Народнай волі”


Альгерд Невяроўскі, Менск Калегія ў грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду не задаволіла касацыйную скаргу прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Народная воля”. Рэдакцыя гэтай газэты дамагалася адмены рашэньняў суду Ленінскага раёну, паводле якіх “Народная воля” вінаватая ў абразе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, а таксама трох жыхароў Клецку. Цяпер галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч зьбіраецца абскарджваць гэтыя рашэньні ў Вярхоўным судзе.

Першае судовае рашэньне, адмены якога дамагалася “Народная воля”, тычылася дэпутата Палаты прадстаўнікоў і лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. 14 чэрвеня раённы суд прызнаў несапраўднай зьмешчанай у “Народнай волі” інфармацыю пра тое, што спадар Гайдукевіч не вярнуў 1 мільён даляраў ірацкай дзяржаўнай кампаніі па продажы нафты, падчас кіраваньня гэтай краінай Садама Хусэйнам. Паводле публікацыі ў газэце, прадстаўнікі ЛДПБ нібыта атрымалі ад былых ірацкіх уладаў квоты на продаж нафты і не вярнулі Іраку частку грошай. У выніку “Народная воля” павінна выплаціць лідэру Лібэральна-дэмакратычнай партыі ў якасьці кампэнсацыі 100 мільёнаў рублёў.

Яшчэ па 3 мільёны рублёў рэдакцыя павінна выплаціць жыхарам Клецку Пятру Талайку, Івана Гудзькі і Ірыны Закруты. У “Народнай волі” быў зьмешчаны сьпіс удзельнікаў грамадзкага руху “Воля народу” ініцыяванага былым рэктарам Белдзяржунівэрсытэту Аляксандрам Казуліным. І ў гэтым сьпісе былі зьмешчаныя гэтыя тры прозьвішчы жыхароў Клецку бяз іхнай згоды.

У Менскім гарадзкім судзе Іосіф Сярэдзіч прасіў адмяніць гэтыя рашэньні як неправавыя, але суд не прыслухаўся да ягонай просьбы. Гаворыць Іосіф Сярэдзіч:

(Сярэдзіч: ) "Гэтае рашэньне па-за межамі лёгікі. Была каманда выканаць – выканаў гарадзкі суд так, як трэба. Вялікая ўдзячнасьць яму ад “Народнай волі”".

Ня гледзячы на тое, што Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйныя скаргі “Народнай волі” прадстаўнікі газэты будуць абскарджваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе. Іосіф Сярэдзіч так патлумачыў гэтае рашэньне:

(Сярэдзіч: ) “Гэта справа гонару, справа прынцыпаў. Мы ж павінны навучыць судзьдзяў, як прафэсійна працаваць”.
XS
SM
MD
LG