Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпецкая паліцыя лічыць, што тэракт арганізавалі пакістанцы


Вольга Караткевіч, Прага У Эгіпце шукаюць арганізатараў тэрактаў. Паліцыя гаворыць, што ў вышуку 6 пакістанцы, якія знаходзіліся на эгіпэцкім курорце ў Шарм-эш-Шэйху, калі ў выніку сэрыі бомбавых выбухаў былі забітыя больш за 80 чалавек. Афіцыйныя асобы гавораць, што гэтыя шэсьць чалавек мелі далучанасьць да выбухаў ці да падрыхтоўкі атакаў.

Тры арганізацыі ўзялі на сябе адказнасьць за выбухі ў Эгіпце. Сёньня групоўка Эгіпецкія Муджагэдзіны праз Інтэрнэт заявіла пра далучанасьць да тэрактаў і пра тое, што аб''ектамі атакаў былі габрэйскія турысты. На сайце зьмешчаныя імёны пяці асобаў, якія нібыта загінулі ў часе выбухаў.

Раней, зьвязаная з Аль-Кайдай арганізацыя і дагэтуль невядомая групоўка, узялі адказнасьць за выбухі ў Шарм-эш-Шэйху на сябе. Тым часам паліцыя сканцантраваная на пошуках шасьці пакістанцаў, якія зьніклі з гатэлю ў Шарм-эш-Шэйху і пакінулі свае пашпарты ў рэгістратуры.

Паліцыя распаўсюджвае фотаздымкі гэтых асобаў. Карэспандэнт інфармацыйнай агенцыі "Associated Press", які бачыў гэтыя здымкі, гаворыць што згаданыя мужчыны – ва ўзросьце ад 20 да 30 гадоў.

Няясна дагэтуль, ці сапраўды яны мелі сувязь з атакамі. Таксама невядома, у якім гатэлі яны спыняліся.

Джэрэмі Біні працуе ў аналітычным агенцтве "Jane''s Intelligence", якая займаецца зборам палітычнай інфармацыі і інфармацыі, датычнай бясьпекі і выведкі. Ён гаворыць, што можа толькі здагадвацца, чаму адбыліся гэтыя атакі:

(Біні: ) "Людзі глядзелі на час, калі адбыліся напады і адзначалі, што яны прайшлі пасьля лёнданскіх. Магчыма гэта нешта кшталту контратакі супраць Захаду. Тое, што адбываецца цяпер, – падобна на ўсплёск гвалту, зьвязанага з Аль-Кайдай. У Шарм-эш-Шэйх едзе шмат багатых людзей – і зноўку там зьявіўся Пакістан".

Эгіпэцкія ўлады зрабілі вялікія захады для абароны бясьпекі рэгіёну і пошуку падазраваных. Але, як гаворыць Джэрэмі Біні, такія захады ня мелі эфэкту й раней, калі ў мінулым годзе адбыліся выбухі ў Табе.

Шарм-эш-Шэйх – адзін з самых вядомых курортаў Эгіпту, там праходзіў саміт ізраільскага і палестынскага лідэраў і многія замежнікі, у тым ліку ізраільцяне, праводзяць тут свае вакацыі.

Наступствы атакаў для мясцовай эканомікі зразумелыя і яны, выглядае, будуць моцнымі. 7 мільярдаў даляраў ад турыстычнай індустрыі ў Эгіпце адыгрываюць вялікую ролю ў эканоміцы краіны.

Іншыя гавораць, што мэты атакаў былі – дэстабілізаваць Эгіпет напярэдадні першых альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў у Эгіпце, заплянаваных на 7-га верасьня. Эгіпет зьяўляецца саюзьнікам ЗША і атрымлівае значную фінансавую дапамогу ад Амэрыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG