Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Закрытая Беларусь — гэта шанец для Лукашэнкі”


Алесь Дашчынскі, Менск Улады Польшчы заявілі пра намер у адказ на высылку зь Беларусі свайго дыплямата Анджэя Бучка выдаліць чарговага беларускага дыплямата. Са свайго боку беларускае МЗС прыгразіла за выдаленьне сваіх дыпляматаў і надалей адказваць адэкватнымі мерамі.

Учора беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паказала тэлефільм пра шпіёнскую дзейнасьць польскай амбасады ў Беларусі. Гэтая стужка працягласьцю 12 хвілінаў была паказана ў праграме “Ў цэнтры ўвагі”. Камэнтуючы гэта, прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі ў інтэрвію польскаму радыё заявіў, што Польшча не паддасца на правакацыі беларускага боку.

Тым часам, пакуль не называецца імя чарговага беларускага дыплямата, які будзе высланы з тэрыторыі Польшчы ў адказ на выдаленьне кіраўніка консульскага аддзелу польскай амбасады ў Беларусі Анджэя Бучaка. Як паведамілі польскія ўлады, адпаведная працэдура ўжо распачатая. Кіраўнік камісіі ў міжнародных справах Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец заяўляе, што цяперашні дыпляматычны канфлікт не патрэбны ні Беларусі, ні Польшчы.

(Чаргінец: ) “Некаторыя польскія палітыкі напярэдадні верасьнёўскіх выбараў у сэйм нібы пачалі гуляць на сьвядомасьці людзей, быццам яны зьяўляюцца сапраўднымі абаронцамі інтарэсаў Польшчы. Мы стаім за тое, каб гэты канфлікт не разьдзьмуваўся. Мы спадзяемся, што ў Варшаве крыху астудзяцца гарачыя галовы, канечне, калі толькі нехта не выконвае тут чыёйсьці замовы — магчыма, з-за акіяну ці ад эўрапейскіх структураў. Палякі дастаткова ўзважаныя людзі, мудрыя палітыкі і, я думаю, што яны спыняцца на гэтым”.

У сваёй заяве беларускае Міністэрства замежных справаў вінаваціць ва ўсім польскі бок, дзеяньні якога, маўляў, сьведчаць аб намеры згарнуць беларуска-польскія адносіны. Беларускі МЗС пагражае па фактах выдаленьня дыпляматаў і далей адказваць адэкватнымі мерамі.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што дзеяньні афіцыйнага Менску, скіраваныя на пагаршэньне стасункаў з Польшчай, маюць яшчэ пэўныя ўнутрыпалітычныя мэты.

(Шушкевіч: ) “Гэта беларускія ўлады хочуць нечым заняцца і хочуць працягваць нас інфармацыйна ізалёўваць і робяць усе захады, каб гэтая ізаляцыя была больш глыбокай. Ніякіх іншых падставаў для выдаленьня гэтых цудоўных дыпляматаў, якіх я асабіста ведаю, не было”.

Міністэрства замежных спраў Польшчы заявіла, што беларускі бок адхіліў польскія прапановы дзеля сумеснага вырашэньня сытуацыі, якая склалася ў двухбаковых адносінах. Паводле польскага замежнапалітычнага ведамства, дзеяньні беларускага боку ўносяць у стасункі дэструктыўныя элемэнты.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька цьвердзіць, што дзеяньні афіцыйнага Менску якраз адпавядаюць стратэгічнаму курсу на самаізаляцыю.

(Лябедзька: ) “Закрытая Беларусь — гэта нейкі шанец для Лукашэнкі і яго атачэньня, таму няма патрэбы ў тым, каб усталёўваць добрасуседзкія адносіны і, наагул, адносіны зь міжнароднай супольнасьцю. Я думаю, гэта будзе тычыцца ня толькі Польшчы, але і Літвы, Украіны і ў цэлым эўрапейскай супольнасьці. Калі адкрываць краіну, разьвіваць эканамічныя, палітычныя, гуманітарныя стасункі, то гэта падрывае асновы палітычнага рэжыму, які сёньня ўсталяваўся ў краіне”.

Беларускае Міністэрства замежных справаў настойвае, што дарадца польскай амбасады Марэк Буцько быў высланы ў адказ на выдаленьне з Польшчы дарадцы беларускай амбасады, прадстаўніка КДБ Катовіча. Рашэньне беларускіх уладаў аб высылцы дарадцы польскай амбасады Бучэка было мерай у адказ на выдаленьне з тэрыторыі Польшчы дарадцы-пасланьніка беларускай амбасады Максіма Рыжанкова. Польскі бок называе такія тлумачэньні “цынічнай маніпуляцыяй”.

Прадстаўніца беларускага МЗС Марыя Ваньшына таксама нагадала, што ў 2004 годзе ў сувязі са шпіёнскай дзейнасьцю быў высланы вайсковы аташэ Польшчы ў Беларусі Казімеж Віташчык. Польскі бок адказаў высылкай вайсковага аташэ Беларусі ў Польшчы Хаванскага і нават цягам пэўнага часу блякаваў прыезд новага беларускага аташэ.

ХРОНІКА БЕЛАРУСКА­-ПОЛЬСКАЙ ДЫПЛЯМАТЫЧНАЙ ВАЙНЫ

ТРАВЕНЬ-ЛІПЕНЬ 2005

• пачатак траўня – у адказ на ўмяшаньне беларускіх уладаў у справы Саюзу Палякаў і “за дзейнасьць, несумяшчальную зь ягоным статусам” высланы з Польшчы дараднік беларускай амбасады ў справах бясьпекі, афіцыйны прадстаўнік КДБ РБ у Польшчы Г.Катовіч

• 13 траўня – БТ паказала фільм “Хто замовіў Саюз Палякаў”

• 18 траўня – у адказ на высылку з Варшавы Г.Катовіча і “за дзеяньні па дэстабілізацыі беларускага грамадзтва” высланы зь Беларусі дараднік польскай амбасады ў Менску Марэк Буцька (пакінуць Беларусь на працягу месяца)

• 15 ліпеня – у адказ на высылку зь Менску Марка Буцькі высланы з Польшчы дараднік беларускай амбасады ў Польшчы Максім Рыжанкоў (пакінуць Польшчу да 20 ліпеня, высылка адкладзеная да канца ліпеня)

• 15 ліпеня – у адказ на высылку Максіма Рыжанкова высланы зь Беларусі начальнік консульскага аддзелу польскай амбасады ў Менску Анджэй Бучак (пакінуць Беларусь да 21 ліпеня)

• 20 ліпеня – заява МЗС Польшчы: “высылка А.Бучака ўскладніць сытуацыю зь візамі для грамадзянаў Беларусі”

• 22 ліпеня – заява МЗС Беларусі пра “сьвядомую лінію Польшчы на згортваньне польска-беларускіх дачыненьняў”

• 22 ліпеня – міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд паведаміў, што з Польшчы будзе высланы яшчэ адзін беларускі дыплямат

• 24 ліпеня – БТ паказвае фільм пра шпіёнскую дзейнасьць польскай амбасады ў Менску
XS
SM
MD
LG