Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны мэдычны цэнтар “Нардзін” спыніў працу


Галіна Абакунчык, Менск Як мы ўжо паведамлялі, у мінулую пятніцу Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў пазову прыватнага мэдычнага цэнтру “Нардзін” да Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва кампаніі прасіла прызнаць беспадстаўным рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі. “Нардзін” спыніў сваю дзейнасьць. У зачыненым мэдычным цэнтры пабывала наша карэспандэнтка.

“У сувязі з ануляваньнем ліцэнзіі лячэбна-дыягнастычнае і стаматалягічнае аддзяленьні не працуюць” — такі надпіс зьявіўся на дзьвярах у будынак “Нардзіну”. Вось што сказаў супрацоўнік кампаніі, які не пажадаў назваць свайго імя:

(Супрацоўнік: ) “Цэнтар зачынены зь пятніцы. Як было прынятае рашэньне суду, так і не працуем. Тэлефануем сталым наведнікам — і ўсё. Сумна. Мы ж тут працуем, нам і далей недзе трэба працаваць”.

Некаторыя наведнікі пра закрыцьцё “Нардзіну” яшчэ ня ведаюць, а таму працягваюць сюды ісьці і не хаваюць шкадаваньня з нагоды навіны:

(Спадарыня: ) “Канечне, шкада, што зачыняюць. Таму, што, як мне падаецца, тут абслугоўваньне лепшае, і сюды людзі лепш ідуць, чым у нашы паліклінікі, дзе лекары нічога толкам ня кажуць”.

Супрацоўнікі “Нардзіну” кажуць, што цяпер яны рыхтуюць справаздачы на здачу тэхнікі й абсталяваньня ды пішуць заявы на звальненьне. Кіраўніцтва кампаніі пра далейшы лёс сваёй установы даваць камэнтары адмаўляецца. Не камэнтуюць вынікаў суду і ў ліцэнзійным аддзеле Міністэрства аховы здароўя.

Яшчэ ў адным прыватным цэнтры, “Экамэдсэрвіс”, які чакае судовага рашэньня ў аналягічнай справе, кажуць, што цяпер амаль ня маюць спадзяваньняў на лепшы вынік і для сябе. Гаворыць прадстаўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крамнёва:

(Крамнёва: ) “У нас жудасны настрой з той прычыны, што няма межаў выкарыстаньня адміністрацыйных рэсурсаў. Учора Беларускае тэлебачаньне паказала, пэўна, усё, на што яно здольнае: увесь гэты жах пра нейкія жудасныя шарлятанскія гісторыі. І хоць рашэньне суду яшчэ ня вынесенае, нас, у прынцыпе, ужо пахавалі. Канечне, нейкая надзея яшчэ застаецца. Але ў зьвязку вось з гэтай масіраванай інфармацыйнай хваляй у дзяржаўных мэдыях узьнікаюць сумневы адносна выніку — які вынік і ці не заплянаваны ён загадзя”.

Адначасна ў Вярхоўным судзе адстойвае права на мэдычную дзейнасьць яшчэ адна, таксама прыватная кампанія — “Аптымэд”. Міністэрства аховы здароўя пазбавіла яе ліцэнзіі на падставе тых жа прэтэнзіяў да кваліфікацыі пэрсаналу, што і ў дачыненьні да “Экамэдсэрвісу” і “Нардзіну”. Кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа, мяркуе, што гэта адмысловы наступ уладаў на прыватны бізнэс.

(Патупа: ) “Для мяне гэта ёсьць часткай агульнага працэсу ў наступе на прыватны бізнэс у мэдычнай сфэры, адукацыйнай і гэтак далей. Гэта ёсьць мэтодыкай канкурэнтнай барацьбы дзяржаўных установаў за свае правы, да прыкладу, зарабляць грошы. Канкурэнцыя будзе зьнішчаная, а пасьля мэдычнае абслугоўваньне ў дзяржаўных установах будзе мець большы кошт, чым цяпер у прыватным мэдычным сэктары”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, штогод Міністэрства аховы здароўя выдае ліцэнзіі на мэдычную і фармацэўтычную дзейнасьць 70 суб’ектам гаспадараньня. У 40 зь іх ліцэнзіі анулёўваюць. Толькі сёлета ліцэнзіяў былі пазбаўленыя 23 мэдычныя ўстановы.

Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка падчас сваіх выступленьняў неаднойчы выказвалася ў падтрымку разьвіцьця прыватных мэдычных паслугаў. Адначасна яна заяўляе, што Міністэрства аховы здароўя распачынае ствараць сетку дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзе цалкам платнае. Гэтаму папярэднічала комплексная праверка, арганізаваная Камітэтам дзяржкантролю ў дачыненьні трох буйных прыватных мэдычных цэнтраў — “Экамэдсэрвіс”, “Нардзін” і “Сучасная мікрахірургія вока”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG